Ленд-ліз для Украіны. Што азначае гэтая праграма, і пра што сведчыць гістарычны досвед


Кангрэс ЗША на гэтым тыдні ўхваліў закон аб ленд-лізе для Украіны. Аналагічная праграма дапамогі дзеяла для саюзнікаў Злучаных Штатаў падчас Другой сусветнай вайны. Belsat.eu тлумачыць значэнне гэтага закону і распавядае, якую ролю ў свой час ленд-ліз адыграў у разгроме нацысцкай Нямеччыны.

Бранятанкавая брыгада войскаў ЗША на базе Графенвер, Нямеччына. Сакавік 2022 г.
Фота: Pfc. Destinee Rodriguez/U.S Army / Zuma Press / Forum

Палата Прадстаўнікоў ЗША 28 красавіка пераважнаю большасцю галасоў падтрымала закон аб ленд-лізе дзеля абароны дэмакратыі ва Украіне. Сенат ухваліў гэтае рашэнне яшчэ 7 красавіка. Цяпер закон мусіць падпісаць прэзідэнт ЗША Джо Байдэн.

Дакумент прадугледжвае, што ЗША будуць перадаваць узбраенне і ўсе неабходныя для вядзення вайны рэсурсы Украіне ды іншым краінам Усходняй Еўропы, якія могуць пацярпець ад расейскай агрэсіі.

У законе не ўказваюцца канкрэтныя віды зброі і тэхнікі, якія будуць перадавацца Украіне, а таксама не прапісаныя аб’ёмы паставак. Але закон вызначае механізмы і ўмовы такой дапамогі, ствараючы новыя правіла гульні. Амерыканскі прэзідэнт атрымлівае паўнамоцтвы ў абыход шматлікіх бюракратычных працэдураў аператыўна развязваць пытанні пра пастаўкі ва Украіну амаль любой зброі. Фактычна механізм спрашчаецца да элементарнай схемы: Кіеў просіць у ЗША канкрэтную зброю, і, калі Белы дом не супраць, зброю накіроўваюць ва Украіну. Пры гэтым Кіеву не трэба адразу аплочваць такіх паставак, бо дэ-юрэ тэхніка і зброя будзе перадавацца ў часовае карыстанне («to lend» азначае «даваць у часовае карыстанне», а «to lease» – «здаваць у арэнду»).

Баявы танк M1A2 Abrams арміі ЗША. 14 сакавіка 2022 г. Прадмесці гораду Мангейм, Нямеччына.
Фота: Maj. Allan Laggui/U.S Army / Zuma Press / Forum

Праграму ленд-лізу раней прымалі толькі аднойчы – у час Другой сусветнай вайны. Паралелі паміж дзвюма эпохамі амерыканскія кангрэсмены ўсяляк падкрэсліваюць. Сенатар Джон Корнін заявіў, што ЗША зноў мусяць стацца «арсеналам дэмакратыі» ды забяспечыць украінцаў «поўным наборам рэсурсаў, неабходных ім для абароны свайго суверэнітэту». Кангрэсмен Эдам Шыф заклікаў даць Украіне ўсе неабходныя сродкі для стрымлівання сілаў Уладзіміра Пуціна «да таго часу, пакуль кошт ягонай крывавай вайны не зробіцца для яго завысокім».

Вядома таксама, што Байдэн запрасіў у Кангрэсу дадатковыя $ 33 млрд для дапамогі Украіне, Больш за $ 20 млрд з іх мусяць пайсці на аплату паставак узбраення, а астатняе – на эканамічную і гуманітарную дапамогу.

Як з’явілася ідэя ленд-лізу падчас Другой сусветнай вайны

У дзеяннях Вашынгтону ў 1940-м і ў 2022-м ёсць шмат падобнага ў плане прынцыпаў ды механізмаў прыняцця пастановаў.

Калі ў траўні – чэрвені 1940 года Францыю разграмілі, Вялікая Брытанія засталася сам-насам з Гітлерам і мела адчайную патрэбу ў дапамозе. Але ЗША не спяшаліся: прэзідэнт Фрэнклін Рузвэлт спачатку хацеў пераканацца, што англічане самі бліжэйшым часам не капітулююць. Пастаўляць ваенныя грузы краіне, якая можа неўзабаве зазнаць паразу, у Вашынгтоне не хацелі: ладункі ў выніку маглі трапіць у рукі немцам і толькі ўзмацніць іх. Таму ў самыя небяспечныя для Брытаніі месяцы вайны (улетку і ў пачатку восені 1940 года) англічане былі вымушаныя разлічваць толькі на ўласныя сілы.

Ўінстан Чэрчыль назірае за палётам самалёту B-17, 1940 год.
Фота: – / Everett / Forum

Увосень 1940 года стала відавочна, што Брытанія здавацца не збіраецца, а нямецкае сухаземнае ўварванне адкладаецца. Але існавала і яшчэ адна праблема: Брытанія не мела дастаткова фінансавых сродкаў, каб аплочваць патрэбны аб’ём ваенных паставак. Менавіта таму Рузвэлт прыдумаў формулу ленд-лізу: не продаж і не дарэнне, а нібыта перадачу ў арэнду.

«Я хачу растлумачыць вам наглядным прыкладам, – казаў Рузвэлт у снежні 1940 года, прэзентуючы сваю ініцыятыву. – Калі гарыць дом суседа, а ў цябе ёсць садовы шланг, пазыч яго суседу, пакуль не загарэўся і твой дом. Калі пажар будзе пагашаны, сусед верне табе шланг, а калі той будзе пашкоджаны, то заплаціць за яго, калі назапасіць грошай».

8 сакавіка 1941 года закон аб ленд-лізе ўхваліў Сенат ЗША. Дакумент прадугледжваў фактычна неабмежаваныя пастаўкі зброі, тэхнікі, стратэгічнай сыравіны і прамысловага абсталявання ўсім краінам, «абарону якіх прэзідэнт лічыць жыццёва важнаю для абароны Злучаных Штатаў».

«Усе краіны, якія змагаюцца з нацызмам або ўступяць у барацьбу з ім, атрымаюць ад ЗША ўсё неабходнае, каб гэтая барацьба пераможна завяршылася», – заявіў Рузвэлт. Да канца вайны праграма ленд-лізу закранула дзясяткі краінаў.

Насамрэч пра паўнавартасную кампенсацыю паставак паводле ленд-лізу гаворкі ніколі не было. За тэхніку і матэрыялы, знішчаныя падчас вайны, ЗША наагул нічога не патрабавалі. За тое, што засталося пасля вайны і было прыдатнае для цывільных мэтаў, трэба было заплаціць цалкам або часткова на аснове амерыканскіх доўгатэрміновых крэдытаў. Брытанія, СССР ды іншыя краіны, што ваявалі з нацызмам, у выніку скампенсавалі толькі нязначную частку агульных выдаткаў ЗША на ленд-ліз, прычым з вялізным затрыманнем. Напрыклад, Масква правяла некалькі сімвалічных плацяжоў ужо ў брэжнеўскі час, а канчаткова даўгі былі спісаныя толькі ў 2006-м.

Ленд-ліз, вядома, не быў актам альтруізму, гэта было прагматычнае рашэнне з боку Рузвэлта. Дапамагаючы сваім саюзнікам знішчыць нацысцкую пагрозу, амерыканцы дэ-факта ратавалі жыцці сваіх жаўнераў і забяспечвалі палітычныя інтарэсы ЗША ў свеце. Да таго ж праграма ленд-лізу стымулявала рост прамысловасці і стварала новыя працоўныя месцы ў Злучаных Штатах.

Значэнне ленд-лізу ў перамозе над Гітлерам

Ленд-ліз падчас Другой сусветнай вайны адыграў важную ролю ў паразе Нямеччыны, бо забяспечыў антыгітлераўскай кааліцыі абсалютную эканамічную перавагу над сваім праціўнікам, прычым яшчэ да таго, як ЗША беспасярэдне ўступілі ў еўрапейскі канфлікт. Агульная сума амерыканскіх паставак хаўруснікам склала $ 50,1 млрд (каля $750 млрд паводле цяперашняга курсу), з якіх $ 11,35 млрд прыпадае на СССР і $ 31,4 на Брытанію.

У савецкай і постсавецкай гістарыяграфіі значэнне ленд-лізу заўсёды прымяншалася. Найчасцей аўтары спасылаюцца на тое, што заходнія пастаўкі нібыта склалі толькі 4 % ад савецкай вытворчасці – адпаведная лічба ў 1948 годзе была прыведзеная кіраўніком Дзяржаўнага плану СССР Мікалаем Вазнясенскім. Але дасюль невядома, як вылічваўся гэты адсотак. Акрамя таго, лічба выглядае маніпуляцыйнаю: паводле такіх сярэдніх параметрах ацэньваць значнасць паставак нельга.

Нямецкія салдаты разглядаюць савецкі танк амерыканскага паходжання (М4 «Шэрман») у часе Другой сусветнай вайны ў Крыме.
Фота: sofla / Interfoto / Forum

Рэч у тым, што ЗША пастаўлялі СССР не толькі тысячы танкаў, самалётаў, гарматаў і вайсковых аўтамабіляў, але і вялізарныя прамысловыя рэсурсы, без якіх СССР ніколі б не дасягнуў таго ўзроўню вайсковай вытворчасці, які меў месца падчас вайны. Факты сведчаць, што без вонкавай дапамогі СССР проста не здолеў бы забяспечыць сябе палівам, выбуховымі рэчывамі, алюмініем, каляровымі металамі, сродкамі сувязі і транспартам.

Агулам СССР за час вайны атрымала ад ЗША паводле ленд-лізу:

  • 7057 танкаў і 15 481 самалёт (12 % і 15 % ад узроўню савецкай вытворчасці), 409,5 тыс. вайсковых аўтамабіляў (СССР за ўсю вайну выпусціў 265,6 тыс. машынаў) і 7944 гарматы;
  • больш за 2 млн тонаў авіябензіну (амаль ⅔ усяго паліва, што выкарыстоўвала савецкая авіяцыя);
  • 622,1 тыс. тонаў чыгуначных рэек (56,5 % ад уласнай вытворчасці), 1900 цягнікоў (у 2,4 разу больш, чымся выпусціў СССР) і 11 075 вагонаў (больш у 10,2 разу);
  • 295,6 тыс. тонаў пораху і выбухоўкі (53 %), 387,6 тыс. тонаў медзі (82,5 %), 328,1 тыс. тонаў алюмінію (125 %), 3,606 млн апонаў (43,1 %), 610 тыс. тонаў цукру (41,8 %), 664,6 тыс. тонаў мясных кансерваў (108 %).

Таксама СССР атрымліваў караблі, снарады, цягачы ды трактары, тэлефоны і тэлефонныя кабелі, радыёстанцыі, прыймачы, лакатары, прамысловыя станкі, сталь, гуму, тканіну і г. д.

Маршал СССР Георгій Жукаў прызнаваў асноўную ролю амерыканскіх паставак у забеспячэнні савецкай ваеннай прамысловасці і франтавога транспарту.

«Амерыканцы нам гналі столькі матэрыялаў, без якіх мы б не маглі фармаваць сваіх рэзерваў і не маглі б працягваць вайны. У нас не было выбухоўкі, пораху. Не было чым заладоўваць вінтовачныя патроны. Амерыканцы па-сапраўднаму ўратавалі нас з порахам, выбухоўкай. А колькі яны нам гналі аркушовай сталі! Няўжо мы маглі б хутка наладзіць вытворчасць танкаў, калі б не амерыканская дапамога сталлю?» – казаў ён у пачатку 1960-х.

Прызнаваў важнасць ленд-лізу і Іосіф Сталін. «Злучаныя Штаты – гэта краіна машынаў. Без гэтых машынаў, атрыманых паводле ленд-лізу, мы б прайгралі гэтую вайну», – заявіў ён падчас Тэгеранскай канферэнцыі ў 1943 годзе.

Чалец Палітбюро Анастас Мікаян пасля вайны таксама канстатаваў, што «ў 1941 годзе мы ўсё страцілі, і калі б не ленд-ліз, не зброя, харчы ды цёплыя рэчы для арміі – яшчэ пытанне, як бы ўсё абярнулася».

Аналітыка
Данбаская дуга: ці пагражае войску РФ лёс вермахту каля Курску?
2022.04.29 15:18

РР belsat.eu

Стужка навінаў