Беларускія пенсіянеры – пра тое, як змянілася іхнае жыццё пасля пачатку вайны, і пра сацыяльнае падтрыманне ад дзяржавы


«Не трэба мне льготаў. Я павінна атрымліваць такую пенсію, якая б не прыніжала мяне», – гавораць суразмоўцы праграмы «Шчыра кажучы». Журналісты «Белсату» гутараць з людзьмі сталага веку пра змены ў іхным жыцці пасля пачатку вайны ва Украіне.

Людзі набываюць гародніну ў краме ў Менску, Беларусь. 7 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Ганна Сяліцкая: «У мяне інваліднасць 2-й групы. І ў мяне ёсць сацыяльнае падтрыманне на лекі – зніжка 10 %. Раней зніжка давалася і на імпартныя лекі, але цяпер перайшлі ўжо толькі на беларускія прэпараты. Калі, напрыклад, ад печані трэба прэпараты, толькі беларускія даюць, але яны неяк не дапамагаюць. І даводзіцца купляць імпартныя. Пенсія ў мяне 580 рублёў. Я перанесла анкалогію, у мяне і сэрца хворае, і ціск, з судзінамі дрэнна, дыябет. Калі б я выконвала ўсё тое, што мне належыць, і купляла б тыя прэпараты, якія я павінна прымаць, я б 200–250 рублёў марнавала толькі на медыкаменты. Таму я на леках ашчаджаю».

Ганна Канавалава: «Я да пенсіі працавала тэхнікам-тэхнолагам грамадскага харчавання. Але трэба сказаць, што я яшчэ жонка вайскоўца, і мы сям’ёй ездзілі ўвесь час па гарнізонах. Пенсія ў мяне 100 долараў. На гэтую пенсію я магу заправіць поўны бак машыны, адзін раз схадзіць у краму і заплаціць за тэлефоны. У мяне сяброўкі, у якіх пенсія большая, чымся ў мяне, яны жылі так: атрымлівалі пенсію, аплочвалі камунальныя плацяжы, хадзілі на рынак купіць прадукты на цэлы месяц – і ў іх заставаліся грошы на самую драбніцу – хлеб, малако. І было такое, што яны маглі па два тыдні не хадзіць наагул у краму».

Вашае жыццё неяк змянілася пасля пачатку вайны?

Ганна Сяліцкая: «У Менску яшчэ прадуктаў стае. Мука знікае, вядома, але яна яшчэ ёсць. Але кошты, ясна, выраслі. Малако, напрыклад, хоць ты на ноч не кладзіся спаць, таму што ты раніцай прыходзіш – ужо іншая цана. Цэны павышаюцца на ўсё, і, вядома, на паліцах неяк памяншаецца асартымент».

Сітуацыя з паліцамі ў сталічных крамах. Менск, Беларусь. 16 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Таццяна Зялко: «Нам з 1 сакавіка паднялі пенсію. Цяпер пенсію я атрымала на 20 рублёў большую, але кошты падняліся як мінімум на 50 %. Нядаўна мне трэба было адзін перчык купіць, я схадзіла ў адну краму, паглядзела – мне дрэнна стала: 18 рублёў за кілаграм. У другую, у трэцюю – гэтак жа. А я яшчэ пасмяялася, кажу: «Вы яго гераінам не начынілі, гэты перац, што ён столькі каштуе?» А прадаўніца кажа: «Я сама ў шоку». Яблыкі не менш за 3 рублі кілаграм, гэта беларускія, гэта ўжо самыя нізкія кошты. Ялавічына каштуе як мінімум 18–20 рублёў. Я яе за столькі не магу браць.

Калі я куплю ялавічыну, заплачу за кватэру, то я буду галодная сядзець. Раней кожная гандлёвая сетка рабіла свае зніжкі, напрыклад, у «Гіпа» тры дні на тыдзень можна было купляць тавары са зніжкай 7 %. Цяпер дзяржава ўвяла зніжкі пенсіянерам на значныя тавары, якія нікому не трэба, а звычайных зніжак ад крамаў для нас няма. [Заўвага рэдакцыі: з 17 студзеня 2022 года ў буйных прадуктовых рытэйлах устаноўленая зніжка 10 % на тавары першай неабходнасці пенсіянерам, шматдзетным семʼям, а таксама малазабяспечаным і тым, хто атрымлівае дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу.] З сацыяльнымі зніжкамі хлеб такі, што ты не будзеш яго есці. Ды каму трэба гэтая зніжка для пенсіянераў? Гэта ж здзек! Вось колькі разоў я гэта ў краме чула, нават гаварыла з прадаўцамі і кіраўніцтвам крамы з нагоды гэтых зніжак. Яны самі незадаволеныя, кажуць, што пенсіянеры раней больш бралі тавараў, калі не было гэтых зніжак ад дзяржавы».

Людзі набываюць садавіну ў краме ў Менску, Беларусь. 7 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Ганна Сяліцкая: «Мне неабавязкова мець ільготы. Не трэба мне льготы. Я працавала 58 гадоў. Я нідзе не была пʼяніцаю, нідзе не прагуляла, нічога. Я з 1962 года працавала ў дзіцячым садку – выхавальніцаю, загадчыцаю, метадысткай. Я лічу, што я павінна атрымліваць такую пенсію, якая б не прыніжала мяне. Я ніколі не жыла ў раскошы, я заўсёды працавала. Але я хацела б, каб я прыйшла ў краму і магла сабе дазволіць купіць не вытанчанае нешта, а тое, што чалавеку неабходна. Каб не хадзіць ад прылаўка да прылаўка паглядзець, дзе якая зніжка, дзе якая ніжэйшая цана. Я не ведаю, як можна купіць свініну пенсіянеру ці як можна купіць рыбу. А садавіну хіба можна сабе дазволіць нейкую, акрамя яблыкаў? Ты пойдзеш у краму, купіш некалькі бульбінаў, цыбулінаў, морквінаў – 10 рублёў! Я не ведаю, колькі чалавеку трэба грошай. Калі ласка, хай будзе такая пенсія, як у мяне, але каб яна адпавядала цэнам у крамах. Каб я магла купіць нешта, каб я магла жыць, каб я магла не раскладваць вось гэтыя грошыкі і думаць, як бы мне за іх выжыць».

Інтэрв’ю
Якую дапамогу ў Беларусі атрымліваюць людзі з рэдкімі захворваннямі? Размова з маці дзяўчынкі, хворай на СМА
2022.04.18 08:40

АМ belsat.eu

Стужка навінаў