Беларускія банкі ўводзяць абмежаванні на зняцце наяўных з замежных картак. Якія ліміты ўводзяць і навошта?


Шэраг беларускіх банкаў увёў дадатковыя абмежаванні або зусім адмовіўся выдаваць у сваіх банкаматах наяўныя з картак замежных банкаў. Belsat.eu разбіраўся, хто і якія абмежаванні ўвёў, а таксама навошта гэта робіцца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

У канцы лютага – пачатку сакавіка ва ўмовах санкцыяў за ўдзел у вайне супраць Украіны беларускія банкі пачалі ўводзіць абмежаванні на валютныя аперацыі. Сярод іншага, была абмежаваная магчымасць мяняць рублі на замежную валюту і здымаць наяўную валюту з рахункаў (падрабязней пра гэтыя абмежаванні можна прачытаць тут). Але паступова сталі з’яўляцца абмежаванні і для аперацыяў з замежнымі карткамі ў беларускіх рублях.

Hавiны
Беларускія банкі ўводзяць ліміты на зняцце і продаж валюты. Чаго чакаць далей?
2022.03.15 16:16

26 красавіка найбуйнейшы банк краіны «Беларусбанк» абвесціў пра ўвядзенне часовай забароны на ажыццяўленне ўваходных пераводаў з-за мяжы ў беларускіх рублях на карткі міжнародных плацежных сістэмаў «Visa» і «Mastercard», эмітаваных банкам.

Таксама ўвялі абмежаванне на выдачу наяўных грошай з картак «Visa», «Mastercard» і «UnionPay International» замежных банкаў. Цяпер у Беларусі ў банкаматах і пунктах выдачы наяўных «Беларусбанку» можна зняць не болей за 200 беларускіх рублёў на дзень. Гэтыя захады называюць часовымі, але як доўга яны будуць дзеяць – не ўдакладняецца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Белаграпрамбанк» 26 красавіка ўвёў ліміт на зняцце наяўных з замежных картак сістэмаў «Mastercard і «UnionPay International» памерам 500 рублёў на тыдзень. Як тлумачаць у банку, незалежна ад сумы камісія за зняцце сродкаў складзе 7 рублёў.

Яшчэ адзін буйны дзяржаўны банк – «Белінвестбанк» – наогул цяпер не абслугоўвае замежных картак. У банку кажуць, што гэта вынік абмежаванняў з боку плацежных сістэмаў «Visa» і «Mastercard».

Дадатковыя абмежаванні ўвялі і іншыя банкі. «МТБанк» зацвердзіў ліміт на зняцце наяўных у банкамаце з замежнай карткі памерам 20 беларускіх рублёў. На які тэрмін уведзены такі мізэрны ліміт – невядома.

«Прыёрбанк» наогул спыніў выдачу наяўных грошай (і ў рублях, і ў валюце) з картак «Visa» і «Mastercard» замежных банкаў. На які тэрмін уведзенае абмежаванне, у банку не кажуць. Таксама з 5 траўня «Прыёрбанк» не будзе падтрымліваць працы сэрвісу бескантактавай аплаты «Prior Pay». Разлікі з ім будуць немагчымыя, а мабільная праграма стане недасяжнай для спампоўвання.

У «БСБ Банк» сцвярджаюць, што ніякіх новых абмежаванняў не ўводзілася, але пакуль ёсць «тэхнічны збой» пры зняцці сродкаў з картак замежных банкаў. Камісійны збор пры такіх аперацыях зафіксаваны на ўзроўні 20 % ад сумы.

«БелВЭБ» новых абмежаванняў не ўводзіў, але за зняцце грошай прадугледжаная камісія памерам 2 % ад сумы. Камісія ў банкаматах «Банку Рашэнне» складзе 3 %.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Працягвае працаваць з замежнымі карткамі і «Альфа-Банк», але там камісія за атрыманне наяўных у банкамаце складзе ўжо 20 %. «Альфа-Банк» таксама анансаваў, што з 6 траўня будуць прыпыненыя міжнародныя пераводы ў доларах, бо «Citibank» прыняў рашэнне закрыць карэспандэнцкі рахунак беларускага банку. Але ўнутраныя плацяжы, падкрэсліваюць у «Альфа-Банку», гэта не закране.

У «Сбер Банку» кажуць, што са свайго боку абмежаванняў на зняцце наяўных не ўводзілі. У беларускіх рублях грошы ў банкаматах можна здымаць без камісіі, у валюце – з камісіяй памерам 4 %. Пры гэтым у банку дадаюць, што абмежаванні магчымыя з боку банку, які выпусціў картку. Нагадаем, уласнікам гэтага банку выступае расейскі «Сбербанк».

У «Белгазпрамбанку» кажуць, што здымаць наяўныя грошы з замежных картак у банкаматах можна толькі ў валюце – 100 долараў або 100 еўраў за адну аперацыю. Агулам ліміт на тыдзень складае не больш за 2000 долараў ЗША.

«РРБ-Банк» цяпер наогул не абслугоўвае картак банкаў-нерэзідэнтаў – у банку тлумачаць гэта санкцыямі ў дачыненні банку-спонсару «БелВЭБ». Раней праз санкцыі праблемы з’явіліся і ва ўласнікаў картак «РРБ-Банку». Яшчэ 25 лютага было заяўлена, што карыстальнікі картак «Visa» «РРБ-Банку» цяпер не змогуць праводзіць аперацыяў за межамі Беларусі, у тым ліку ў такіх сэрвісах як «Яндекс», «Wildberries», «AliExpress», «Ozon» ды інш.

Цяпер немагчыма зняць наяўныя з замежных банкаўскіх картак таксама ў «Банку Дабрабыт» і «БНБ-Банку».

Ілюстрацыйны здымак.
Фота: Dmitry Feoktistov / TASS / Forum

У «Тэхнабанку» забарона на зняцце грошай з картак банкаў-нерэзідэнтаў дзее толькі ў банкаматах. У аддзяленнях або абменных пунктах банку наяўныя можна атрымаць з камісіяй 1 %, кажуць у банку.

«Парытэтбанк» не толькі не ўводзіў абмежаванняў на зняцце наяўных грошай з замежных картак, але і не бярэ камісіі ў банкаматах. Ліміт: 6400 рублёў на тыдзень (да 2500 рублёў за адну аперацыю). Камісія ў касах банку складзе 2,5 % ад сумы. «Цэптар Банк» таксама не ўводзіў ніякіх абмежаванняў.

«Статусбанк» дае магчымасць зняць грошы з замежных картак толькі ў сваіх касах. Камісія складзе 2 %.

Чаму банкі ўводзяць гэтыя абмежаванні?

Старэйшы навуковы работнік даследчага цэнтру BEROC Леў Львоўскі тлумачыць новыя абмежаванні тым, што ў беларускіх банкаў, імаверна, пачалі ўзнікаць праблемы з працэсінгавымі цэнтрамі.

«Што азначае, што банк дае вам магчымасць зняць грошы з замежнай карткі? Гэта значыць, што вы атрымліваеце грошы тут ад беларускага банку, а далей замежны банк ім пералічвае гэтую суму безнаяўным спосабам. Імаверна, беларускія банкі пагутарылі з контрагентамі, з працэсінгавымі цэнтрамі, і ім намякнулі, што неўзабаве ім не будуць пералічваць гэтых сродкаў, будуць затрымкі і г. д. Таму яны вырашылі ўвесці абмежаванні», – адзначыў ён у інтэрв’ю «Белсату».

Львоўскі кажа, што цяпер не да канца зразумела, ці гэта наўпроставы вынік санкцыяў або вынік агульнай таксічнасці беларускіх банкаў у вачах замежных партнёраў.

Пры гэтым эксперт дапускае, што ў будучыні можа скласціся такая сітуацыя, што замежныя карткі наогул перастануць абслугоўваць у Беларусі.

«Гэта цалкам магчыма. Уся фінансавая сістэма будуецца на міжнародных пагадненнях, працэсінгавых цэнтрах і г. д. Натуральна, краіны могуць адключацца ад такіх сэрвісаў, і тады пераводы і выкарыстанне картак будзе абмяжоўвацца», – дадае ён.

РР belsat.eu

Стужка навінаў