Знік адміністратар тэлеграм-каналу «Советская Белоруссия»


Фота: ТК / Белсат

Адміністратар сатырычнага тэлеграм-каналу «Советская Белоруссия» перастаў выходзіць на сувязь, а ў канале 28 красавіка з’явіліся пасты з не ўласцівым аўтару гумарам, паведамляе TUT.by.

Журналісты выдання, якія раней бралі інтэрвʼю ў адміністратара каналу, намагаліся звязацца з ім праз уласны тэлеграм. Іхныя паведамленні пазначаюцца як прачытаныя, але адказу няма.

Прэс-служба МУС паабяцала ўдакладніць, ці затрыманы адміністратар каналу.

Канал «Советская Белоруссия», вядомы жартаўлівымі фэйкавымі навінамі пра сапраўдныя падзеі, мае прыблізна 28 тысяч падпісантаў.

Пра адміністратара вядома толькі, што яму крыху за 30 і ён працуе «на прыватніка».

Калі адміністратар усё ж акажацца затрыманым, гэта стане чарговым выпадкам, калі на блогераў ціснуць праз пагрозы ды арышты.

Гэтак, стала вядома, што 29 красавіка ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў унеслі тэлеграм-канал, які раней вёў блогер Эдуард Пальчыс.

Пальчыса затрымалі 27 верасня і арыштавалі на 30 содняў. Пасля гэтага тэрміну ён не выйшаў на волю. Супраць Эдуарда завялі крымінальную справу за арганізацыю масавых беспарадкаў і перавялі ў СІЗА.

Праваабаронцы прызналі блогера палітычным вязнем, а ягоная жонка Вікторыя выехала з Беларусі.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў