У Беларусі выбралі найлепшую вокладку кнігі за год


Трэцяя цырымонія ўручэння прэміі Міхала Анемпадыстава прайшла ў Менску 29 красавіка ў онлайн-фармаце.

Пераможцам у конкурсе назвалі Алену Дашкевіч, аўтарку вокладкі кнігі «Простыя словы. Міхал Анемпадыстаў» (Stowarzyszenie Młodych Twórców – «Ku Teatrowi», сувыдавец – Agencja Wydawnicza Ekopress, 2020). Кніга — складанка ўспамінаў сяброў мастака, напісаная праз некалькі месяцаў пасля яго смерці.

Кніга «Простыя словы. Міхал Анемпадыстаў».
Фота: Прэмія Анемпадыстава

Пераможца расказала, што хацела скарыстаць на вокладцы менавіта фатаздымак, каб кніга адразу паказала чытачу, пра якога яна чалавека, і каб назва «Простыя словы» асацыявалася з гэтым чалавекам.

«Трэба было знайсці фатаздымак менавіта такі, які адпавядаў бы характару Міхала, – сказала Алена Дашкевіч. – Не проста прыгожы фатаздымак, дзе ён усміхаецца, такія таксама ёсць. Я хацела прынцыповасці Міхала, таго, што Міхал быў правадыром нейкіх ідэяў. Для яго было вельмі істотна, каб іншыя слухалі. І таму яго вось гэты жэст».

Алена Дашкевіч – аўтарка вокладкі кнігі «Простыя словы. Міхал Анемпадыстаў» і пераможцы Прэміі імя Міхала Анемпадыстава за найлепшую вокладку да беларускай кнігі ў 2021 годзе. Менск, Беларусь. 29 красавіка 2021.
Фота: ТК / Белсат

Асобным дыпломам адзначылі пераможцу галасавання гледачоў «Белсату» – вокладку кнігі «Беларуская нацыянальная ідэя».

Даведка
Пераможцу выбрала журы ў складзе літаратаркі і архівісткі Вольгі Бабковай, графіка, дызайнера і фатографа Адама Бароўскага, дызайнера і каліграфа Генадзя Мацура, дызайнеркі Кацярыны Пікірэні, мастачкі Антаніны Слабодчыкавай.

У шорт-ліст прэміі таксама ўвайшлі:

  • Анатоль Лазар – аўтар вокладкі кнігі «Беларуская нацыянальная ідэя», Зміцер Лукашук, Максім Гаруноў. Медысонт, 2020.

    (Менская абласная экспертная камісія па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі дала заключэнне, што кніга змяшчае «прыкметы праяўлення экстрэмізму»).
  • Кацярына Даманікава, Андрэй Ганчарук – аўтары вокладкі кнігі «Лотас на асфальце», Алесь Плотка. Люта Справа, 2020.
  • Павел Дарохін – аўтар вокладкі кнігі «Нарысы сучаснага краязнаўства», Збых Слупоўскі. Галіяфы, 2020.
  • Павел Дарохін – аўтар вокладкі кнігі «Папяросы», Юры Іздрык (пераклад на беларускую – Алесь Плотка). Галіяфы, 2020.
  • Наталля Паваляева – аўтарка вокладкі кнігі «ROT», Юля Цімафеева. Янушкевіч, Вясна, 2020.

Агулам на прэмію сёлета прэтэндавалі вокладкі 28 кнігаў. Адна з вядоўцаў, літаратарка Вольга Бабкова адзначыла, што падзеі мінулага году пабудзілі ў Беларусах надзвычайны творчы патэнцыял, таму выбар пераможцы сёлета быў надзвычай складаным.Журы кіравалася не толькі дызайнам вокладкі і паліграфічным выкананнем, але і адпаведнасці дызайну вокладкі і зместу кнігі.

Культуролаг Максім Жбанкоў і літаратарка Вольга Бабкова. Уручэнне Прэміі імя Міхала Анемпадыстава за найлепшую вокладку да беларускай кнігі. Менск, Беларусь. 29 красавіка 2021.
Фота: ТК / Белсат
Кася Камоцкая.
Фота: ТК / Белсат
Таццяна Нядбай, намесніца старшыні беларускага ПЭН-цэнтру. Уручэнне Прэміі імя Міхала Анемпадыстава за найлепшую вокладку да беларускай кнігі. Менск, Беларусь. 29 красавіка 2021.
Фота: ТК / Белсат

Другі вядоўца прэміі, культуролаг і кінакрытык Максім Жбанкоў згадаў прымаўку «не трэба меркаваць аб кнізе па вокладцы» і заявіў, што Міхал Анемпадыстаў як ніхто іншы ведаў, што гэта няпраўда. Дызайнер, казаў Жбанкоў, умеў ператвараць «штодзённасць у магію».

Перад пераможцамі выступіла Кася Камоцкая – спявачка, у рэпертуары якой нямала песень на вершы Анемпадыстава.

Hавiны
У кнізе «Беларуская нацыянальная ідэя» знайшлі «прыкметы праяўлення экстрэмізму»
2021.03.31 19:34

Ініцыятыва адзначаць найлепшую вокладку да беларускай кнігі належыць Беларускаму ПЭН-цэнтру сумесна з Саюзам беларускіх дызайнераў і «Лятучым універсітэтам», а таксама польскім партнёрам ТАА «H&L» і фондам «Адкрытая культура». Генеральным партнёрам прэміі з’яўляецца тэлеканал «Белсат».

Кніга «Простыя словы. Міхал Анемпадыстаў». Аўтарка вокладкі – Алена Дашкевіч. Уручэнне Прэміі імя Міхала Анемпадыстава за найлепшую вокладку да беларускай кнігі. Менск, Беларусь. 29 красавіка 2021.
Фота: ТК / Белсат
Кніга «Лотас на асфальце» Алеся Плоткі. Уручэнне Прэміі імя Міхала Анемпадыстава за найлепшую вокладку да беларускай кнігі. Менск, Беларусь. 29 красавіка 2021.
Фота: ТК / Белсат
Уручэнне Прэміі імя Міхала Анемпадыстава за найлепшую вокладку да беларускай кнігі. Менск, Беларусь. 29 красавіка 2021.
Фота: ТК / Белсат

Прэмія заснавана ў 2019 годзе ў памяць пра чалавека многіх талентаў – мастака, паэта, фатографа, дызайнера, публіцыста, культуролага Міхала Анемпадыстава, які пайшоў з жыцця тры гады таму. Першым пераможцам прэміі стаў Грыгорый Кацнэльсон за вокладку кнігі «Віленскі покер» Рычарда Гавяліса, у 2020 годзе прэмію атрымала дызайнерка Кацярына Пікірэня за вокладку кнігі «Трое ў чоўне і пёс з імі» Джэрома К. Джэрома.

АА belsat.eu

Стужка навінаў