Сёння ўручаць прэмію Анемпадыстава


Прэмія Анемпадыстава.
Фота: pen-centre.by

Найлепшага дызайнера кніжнай вокладкі абвесцяць падчас онлайн-трансляцыі а 19:00.

У кароткі спіс дызайнерскай прэміі трапілі:

Анатоль Лазар – аўтар вокладкі кнігі «Беларуская нацыянальная ідэя» (Зміцер Лукашук, Максім Гаруноў, «Медысонт», 2020).

(Менская абласная экспертная камісія ацэнкі інфармацыйнай прадукцыі дала заключэнне, што кніга змяшчае «прыкметы праяўлення экстрэмізму»).

Кацярына Даманікава, Андрэй Ганчарук – аўтары вокладкі кнігі «Лотас на асфальце» (Алесь Плотка, «Люта Справа», 2020).

Павел Дарохін – аўтар вокладкі кнігі «Нарысы сучаснага краязнаўства» (Збых Слупоўскі, «Галіяфы», 2020).

Павел Дарохін – аўтар вокладкі кнігі «Папяросы» (Юры Іздрык, пераклад на беларускую Алеся Плоткі, «Галіяфы», 2020).

Алена Дашкевіч – аўтарка вокладкі кнігі «Простыя словы. Міхал Анемпадыстаў» («Ku Teatrowi», сувыдавец – «Ekopress», 2020).

Наталля Паваляева – аўтарка вокладкі кнігі «ROT» (Юля Цімафеева, «Янушкевіч», «Vesna Vaško», 2020).

Пераможцу абярэ журы ў складзе літаратаркі і архівісткі Вольгі Бабковай, графіка, дызайнера і фатографа Адама Бароўскага, дызайнера і каліграфа Генадзя Мацура, дызайнеркі Кацярыны Пікірэні, мастачкі Антаніны Слабодчыкавай.

Весці цырымонію будуць Вольга Бабкова і Максім Жбанкоў. Ганаровая госця Кася Камоцкая выканае некалькі песень на тэксты Міхала Анемпадыстава.

Ініцыятыва адзначаць найлепшую вокладку да беларускай кнігі належыць Беларускаму ПЭН-цэнтру супольна з Саюзам беларускіх дызайнераў і Лятучым універсітэтам, а таксама польскім партнёрам «H & L» і фондам «Адкрытая культура». Генеральны партнёр прэміі тэлеканал «Белсат».

Прэмію заснавалі ў 2019 годзе ў памяць пра таленавітую асобу – мастака, паэта, фатографа, дызайнера, публіцыста, культуролага Міхала Анемпадыстава, які пайшоў з жыцця 3 гады таму. Першым пераможцам прэміі стаў Грыгорый Кацнэльсон за вокладку кнігі «Віленскі покер» Рычарда Гавяліса, у 2020 годзе прэмію атрымала дызайнерка Кацярына Пікірэня за вокладку кнігі «Трое ў чоўне і пёс з імі» Джэрома К. Джэрома.

Трансляцыю можна будзе паглядзець праз спасылку.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў