Мужны адзіночка. 100 год легендарнаму гісторыку Міколу Ермаловічу


Беларусь – краіна мужных самотнікаў. Напрыклад, адзіным беларускім стваральнікам у хрушчоўска-брэжнеўскі час займальных гістарычных дэтэктываў быў Уладзімір Караткевіч. Паэтка Ларыса Геніюш была адзіная сярод былых сталінскіх зняволеных дысідэнтка, якая не хваліла савецкую сістэму, усяляк ад яе адмяжоўвалася і старалася не іграць паводле яе правілаў.

Даведка

Мікола Ермаловіч (1921–2000), якому сёння споўнілася б 100 гадоў, быў першы ў савецкі перыяд гісторык, хто вярнуў беларусам гонар за ўласную мінуўшчыну.

Ён імкнуўся навукова даказаць, што беларусы не «паны сахі і касы», што менавіта яны, а не, скажам, сённяшнія літоўцы, былі асноўнымі стваральнікамі магутнай еўрапейскай сярэднявечнай дзяржавы – Вялікага Княства Літоўскага.

Гэты былы выкладчык беларускай літаратуры ў Маладзечанскім настаўніцкім інстытуце, сціплы літаратурны крытык, пенсіянер (інвалід праз зрок, таму і сышоў на пенсію ў 36 гадоў) ніколі не быў прафесійным гісторыкам.

Яго не ўспрымалі ўсур’ёз даследчыкі і навукоўцы

У 1968 годзе ён хоча выдаць кнігу «Па слядах аднаго міфу», але ні акадэмік Пятро Глебка, ні легендарны гісторык Мікола Улашчык яго не падтрымліваюць. Лічаць: тэорыя Ермаловіча аб тым, што менавіта беларусы былі асноўнымі, хто стварыў Вялікае Княства, – бяздоказная.

Мікола Ермаловіч з жонкай Лідай. 50-я гады. Копія фотаздымка з Беларускага Дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў. Крыніца: dzerlib.by

Ермаловіч не ведаў польскай мовы, не чытаў на лаціне

А таму некаторыя важныя навуковыя працы польскіх даследчыкаў, якія датычылі тэмы Вялікага Княства, засталіся па-за ягонаю ўвагай. Ермаловіч не заўсёды дакладна мог перакласці той ці іншы старабеларускі летапіс, часам адвольна карыстаўся фактамі і трактаваў гістарычныя крыніцы. За гэта, безумоўна, яго ўпікалі і часам крытыкуюць і сёння.

Ён не быў крыўдлівы

Калі ўжо ў сярэдзіне 1980-х на навуковых нарадах Ермаловічу ўказвалі на пэўныя недакладнасці ў ягоных працах, то ён не крыўдаваў, выслухоўваў усё з самурайскім спакоем і старанна рабіў праўкі, удасканальваў свае рукапісы.

Ад яго былі ў захапленні Ларыса Геніюш і Уладзімір Караткевіч

Геніюш захапляла ягоная цвёрдая непахісная воля, яна нават сніла гэтага моцнага, нязломнага і амаль сляпога чалавека, які ледзьве не штодня ездзіў з Маладзечна ў Менск, сядзеў у архівах, бібліятэках і адкрываў сваім суайчыннікам новае пра нашую мінуўшчыну, паказваў, што ў нас былі ўплывовыя, незалежныя князі, якія тварылі нацыянальную палітыку, мужныя ваяры, палітычныя дзеячы, на ўчынках якіх трэба вучыцца.

Караткевіч лічыў, што напісанае Ермаловічам узвышае беларусаў, надае ім моцы, веры, натхняе на тое, каб сучаснікі імкнуліся адпавядаць сваім продкам.

Валянцін, Мікола, Лявон Ермаловічы, Васіль Зуёнак – старшыня Саюзу пісьменнікаў Беларусі (злева направа). Дом літаратара, сакавік 1992 года. Копія фотаздымка з Беларускага Дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў. Крыніца: dzerlib.by

На паказ пісаў пра Леніна

Ягоная першая афіцыйна надрукаваная кніга – «Дарагое беларусам імя» (1970) – была прысвечаная Уладзіміру Леніну. Паралельнай з гэтай вонкава апалагетычнай працай Ермаловіч актыўна і нелегальна пашырае самвыдат, у 1960-я гады выдае часопіс «Падснежнік», а ў 1970-я – «Гутаркі», дзе піша праўду як пра нашае мінулае, так і пра сённяшнія рэаліі, у якіх вымушаныя былі жыць ягоныя сучаснікі.

Зорны час Ермаловіча прыпадае на перабудову і першыя гады адраджэння

Канец 1980-х – пачатак 1990-х гадоў напраўду быў зорным часам для Міколы Ермаловіча. Адна за адной выходзяць ягоныя кнігі: «Па слядах аднаго міфа» (1989), «Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяды» (1990), «Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд» (1994). У гэты час Ермаловіч шмат выступае, і ягоныя лекцыі паводле энергетыкі і тэатралізаванай інтэрактыўнасці ўнікальныя. Ніводзін гісторык не мог зраўняцца з Ермаловічам у артыстызме. І школьнікі і старэйшае пакаленне з вялікай цікавасцю слухалі пра Рагнеду, Вітаўта, Кейстута, Ягайлу, успрымалі пачутае як захапляльны вострасюжэтны серыял, ад якога немагчыма адарвацца.

Ягоныя, магчыма, не зусім факталагічна дакладныя кнігі зрабілі дзеля абуджэння нацыянальнай свядомасці народу больш за шматлікія прафесійна бездакорныя навуковыя працы дасведчаных апанентаў

Задачаю Ермаловіча (як Караткевіча і Геніюш) было даказаць – Беларусь не краіна рабоў і халуёў, якія адно толькі цярпяць і не рэагуюць на гвалт.

Даведка

Ён якраз у год сваёй трагічнай гібелі (Ермаловіч трапіў пад колы таксі 5 красавіка 2000 года, калі ішоў на пошту) выдае кнігу «Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае» (2000), дзе з нязменнай настойлівасцю праводзіць думку – менавіта мы былі стваральнікамі аднаго з самых моцных сярэднявечных дзяржаўных утварэнняў у Еўропе, менавіта мы той народ, які можа здзіўляць сваёй сілай, захапляць культураю, мастацтвам і непахіснасцю. Выдадзеная ў час, калі таталітарызм у Беларусі зноў пачаў узмацняцца, гэтая кніга мусіла будзіць спакойна-абыякавых жыхароў дзяржавы, што месціцца ў цэнтры Еўропы, да змагання, нязгоды, супраціву.

Ермаловіч марыў, каб нашчадкі Льва Сапегі і Канстанціна Астрожскага паказалі яшчэ сваю моц.

Магчыма, мара гэтага вялікага чалавека неўзабаве спраўдзіцца, і час, калі Беларусь пачне набліжацца ў сваёй сіле і велічы да любімага Ермаловічам Вялікага Княства Літоўскага, яшчэ настане.

Сяргей Піліпчэня, belsat.eu

Стужка навінаў