Кыргызстан і Таджыкістан: чаму адбыліся баі на памежжы?


29 красавіка на мяжы Кыргызстану і Таджыкістану адбыліся перастрэлкі, у якіх удзельнічае і браніраваная тэхніка, паведамляюць СМІ і сацыяльныя сеткі.

Вядома, што ў выніку загінуў як мінімум адзін чалавек. Гэта ўжо не першы выпадак абвастрэння паміж 2 краінамі. Што стаіць за памежным гвалтам?

Савецкая спадчына

Сучасная мяжа паміж Кыргызстанам і Таджыкістанам была ўсталяваная ў 1922 годзе. Аднак сам даволі сімвалічны характар межаў паміж савецкімі рэспублікамі прывёў да таго, што і кіргізскія і таджыкскія вёскі мелі складаны і слаба фармалізаваны доступ да агульных рэсурсаў (вада ці землі для выпасу быдла) на памежнай тэрыторыі. Акрамя таго заўважныя групы кіргізскага насельніцтва апынуліся ў Таджыкістане, а таджыкскага – у Кыргызстане.

Таджыкістан і Кыргызстан. Крыніца: wikipedia.org

Калі ў 1991 годзе сімвалічныя межы сталі сапраўднымі дзяржаўныя, старыя лакальныя канфлікты паміж традыцыйна качэўніцкім насельніцтвам (кіргізы) і традыцыйна земляробніцкім (таджыкі) сталі больш вострымі.

Акрамя таго, сама мяжа не была дастаткова дакладна дэмаркаваная. Гэтак працягласць мяжы паміж 2 краінамі – 971 км, з іх прыкладна палова засталася абʼектам міждзяржаўных спрэчак.

Памежныя міні-войны

У выніку канфлікты на мяжы ўзнікаюць рэгулярна – у 2004, 2005, 2008, 2011, 2014, 2015 гадах. Усяго мясцовыя медыі распавялі, што за 20 год у рэгіёне адбылося пад сотню памежных інцыдэнтаў.

Некаторыя з сутычак нават атрымалі назоў. Гэтак, канфлікт 2004 года быў названы «абрыкосавай вайной», бо быў выкліканы тым, што таджыкскія сяляне пасадзілі на спрэчнай тэрыторыі некалькі абрыкосавых дрэваў, а кіргізы іх выкапалі.

Нарастанне гвалту?

Аднак звычайна канфлікты адбываліся паміж цывільным насельніцтвам з абодвух бакоў, а паліцыя і памежнікі 2 краінаў потым спынялі гвалт. Сутыкненні паміж сілавікамі былі рэдкай зʼявай.

Сітуацыя стала абвастрацца прыкладна з 2018 года, калі адбылося першае сутыкненне паміж памежнікамі, падчас якога прагучалі стрэлы, а кіргізы часова захапілі ў палон трох таджыкскіх памежнікаў.

БМП узброеных войскаў Кыргызстану вядзе агонь па таджыкскіх пазіцыях. Крыніца Nexta Live

Канфлікт ужо з чалавечымі ахвярамі адбыўся ў верасні 2019 года – загінуў адзін кіргізскі памежнік і трое таджыкскі.

У 2020 годзе ў баі ўдзельнічала ўжо артылерыя: спачатку на спрэчнай тэрыторыі адбыліся сутычкі паміж мясцовымі жыхарамі, потым памежнікі з кіргізскага боку ўжылі стралковую зброю, і быццам бы паранілі 2 чалавек, а таджыкі адказалі мінамётным абстрэлам.

Памежнікі ў Таджыкістане, жнівень 2018 год.
Фота: Nozim Kalandarov / TASS / Forum

Сённяшні інцыдэнт можа стаць новай сумнай «вышынёй» у гэтым працэсе.

Па стане на вечар 29 красавіка Кыргызстан і Таджыкістан дамовіліся спыніць агонь і адвесці войскі ад мяжы. І Кыргызстан, і Таджыкістан уваходзяць у АДКБ, сябрам якой зʼяўляецца і Беларусь.

РЛ belsat.eu

Стужка навінаў