Капітан Генштаба Дзяніс Урад прызнаны палітвязнем


Крыніца: Hédi Benyounes / pixaby

Праваабаронцы прызналі яшчэ двух чалавек палітзняволенымі. На сёння ў Беларусі 360 асобаў лічацца вязнямі сумлення, паведамляе «Вясна».

Адзін з прызнаных палітзняволеным – капітан Генштаба Дзяніс Урад. Ён сфатаграфаваў сакрэтны ліст ад міністра ўнутраных спраў міністру абароны аб уцягванні вайскоўцаў Узброеных Сіл у дзейнасць па падтрыманні правапарадку на ДЗень Волі і накіраваў копію тэлеграм-каналу. Урада затрымалі ў сакавіку і абвінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе.

Другая палітзняволеная – актывістка Вольга Маёрава, якую вінавацяць у акце тэрарызму. Паводле версіі з дзяржаўнага тэлебачання, яна адміністравала сацыяльныя сеткі Мікалая Аўтуховіча, які таксама абвінавачваецца ў здзяйсненні акту тэрарызму, вяла тэлеграм-канал.

«У адпаведнасці з артыкулам 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, кожны чалавек мае права бесперашкодна прытрымлівацца сваіх меркаванняў. Кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання: гэта права ўключае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усякага роду інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў», – падкрэсліваюць праваабаронцы.

Яны патрабуюць неадкладна вызваліць Вольгу Маёраву і Дзяніса Урада і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў