Год ад пачатку прэзідэнцкай кампаніі – 2020. Якія галоўныя памылкі зрабіў Лукашэнка


8 траўня спаўняецца роўна год з таго моманту, як дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Беларусі прызначылі дату прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Хоць уладу падчас той кампаніі дагэтуль змяніць не ўдалося, палітычная сітуацыя ў краіне моцна змянілася.

Выбары былі абвешчаныя ў той момант, калі за кратамі апынуўся адзін з прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду – Сяргей Ціханоўскі. З таго часу за краты трапілі дзясяткі тысячаў чалавек, колькасць толькі афіцыйна прызнаных палітвязняў перавысіла 350 чалавек. Штодзённыя пратэсты, хай і рознай формы інтэнсіўнасці, не спыняюцца пасля дня выбараў 9 жніўня, а Аляксандр Лукашэнка хоць і застаецца кіраваць Беларуссю, але ўжо не прызнаецца законным кіраўніком значнай часткаю як жыхароў краіны, гэтак і ўрадаў іншых дзяржаваў.

Аляксандр Лукашэнка на мітынгу. 16 жніўня 2020 года.
Фота: ІА / Белсат

Неаднаразова выказваліся меркаванні, што да такіх вынікаў спрычыніліся ў значнай ступені дзеянні самога Лукашэнкі. Таму карэспандэнты belsat.eu вырашылі распытаць беларускіх экспертаў пра тое, якія ягоныя памылкі былі найбольш важкія.

Галоўная памылка

Палітолаг з аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Валер Карбалевіч лічыць, што самая галоўная памылка Лукашэнкі ў тым, што ён у свой час не сышоў з пасады кіраўніка Беларусі. Гэта, на думку эксперта, «магло б забяспечыць яму [Лукашэнку. – Рэд. Belsat.eu] нейкае даволі значнае падтрыманне ў масавай свядомасці людзей».

«Ён мог бы ўвайсці ў гісторыю Беларусі з няпэўным знакам: частка людзей ацэньвала б яго са знакам плюс, частка – са знакам мінус. Вялікая частка б не вызначылася. А ён гэтага не зрабіў, і таму цяпер, абсалютна відавочна, увойдзе ў беларускую гісторыю з вельмі негатыўным знакам, вельмі негатыўнай ацэнкаю. Гэта галоўная ягоная памылка. Усё астатняе – гэта ўжо не столькі памылкі, колькі наступствы ягонага 26-гадовага кіравання», – мяркуе Валер Карбалевіч.

Атмасфера трыумфу

У сваю чаргу палітычная аглядальніца, рэдактарка экспертнага сайту «Наше мнение» Валерыя Касцюгова першай памылкай падчас мінулай прэзідэнцкай кампаніі назвала нежаданне Лукашэнкі адхіляцца ад серыі перамогаў. Гэтым яна тлумачыць афіцыйнае стаўленне ўладаў да пандэміі каронавіруса, прызначэнне выбараў напярэдадні 9 траўня і правядзенне самой выбарчай кампаніі «ў атмасферы трыумфу».

«Маўляў, я пераможца і спадчыннік пераможцаў. Гэта ішло занадта доўга, і калі ён [Лукашэнка] неяк уцяміў, людзі ўжо паверылі ў сваю перамогу», – заявіла аналітык.

Выбарчая кампанія пасля выбараў

Другая памылка, на думку Валерыі Касцюговай, выцякае з першай.

«Калі ты трыумфатар і пераможца нават COVID і смерці, то няма неабходнасці – і гэта нават ганебна – падабацца электарату. Ён фактычна ўжо толькі пасля выбараў пачаў рэальную перадвыбарчую кампанію: спрабаваць нешта даць групам, якія мусілі б прагаласаваць за яго, сказаць ім нешта пяшчотнае», – адзначыла яна.

Здымак з праекту «Нябачная траўма».
Фота: Леся Пчолка / Белсат

Аналітык нагадала, што перад выбарамі Лукашэнка наведваў перадусім цэрквы і вайсковыя ды міліцэйскія часткі, казаў «надзвычай напышліва, відавочна аддзяляючы сябе ад людзей».

«Ён нават не зрабіў спробы перабіць парадак дня апазіцыі, які быў заснаваны пераважна на несправядлівасці. Наўпрост нібыта і пацвярджаў: я трыумфатар і пераможца, а вам давядзецца мець справы з начальнікамі, якія вас слухаць не абавязаныя», – падкрэсліла аналітык, дадаўшы, што пасля 9 жніўня такая рыторыка змянілася.

Недаацэнка супернікаў

Валерыя Касцюгова адзначае сярод памылак Лукашэнкі таксама і недаацэнку ім супернікаў і палітызацыі грамадства, якая была яшчэ да абвяшчэння даты выбараў. Яна нагадала, што яшчэ парламенцкая кампанія 2019 года вывела ў палітыку «ўсе тыя групы, якія мы пабачылі падчас прэзідэнцкай». Паводле яе, яшчэ восенню пазамінулага года розныя сацыяльныя групы спрабавалі вынесці ўласныя прапановы на агульнанацыянальны ўзровень.

«Там [падчас парламенцкіх выбараў. – Рэд. Belsat.eu] нават асноўныя балючыя кропкі былі зразумелыя: хто не задаволены, чаму не задаволены і чаго хочуць. Але на выбарах 2019 года фактычна ўжо пачаліся рэпрэсіі. Назіральнікаў «прыпасаджвалі», «прызатрымлівалі». Хоць у тых умовах гэта ўсё было не так па-дзікунску, як цяпер, але ўсё ж можна было бачыць рэакцыю: аніякай увагі да грамадскага запыту і аніякага жадання падзяліцца ўладаю нават на паўадсотка», – падкрэсліла аглядальніца.

Марыя Калеснікава выступае перад прысутнымі. Берасце, Беларусь. 2 жніўня 2020 года.
Фота: АВ / Белсат

Недаацэнка міжнароднай рэакцыі

У якасці чарговай буйной памылкі Валерыя Касцюгова назвала абсалютную ўпэўненасць Лукашэнкі ў тым, што «аніякія рэпрэсіі, аніякія правы чалавека не паўплываюць на пазіцыі Еўропы». На ейную думку, улады разлічвалі, што «Еўропе беларускі суверэнітэт настолькі важны, што яна будзе мець справу з любым Лукашэнкам».

«Гэта відавочнае ігнараванне і нежаданне ведаць, як насамрэч працуюць механізмы санкцыяў, наколькі вольныя і нявольныя ў сваіх рашэннях краіны Захаду ў такіх выпадках», – кажа аналітык.

На ейнае меркаванне, недаацанілі ўлады таксама і магчымую рэакцыю Расеі, якую хацелі выкарыстаць у якасці «трампліну для трыумфу Лукашэнкі». Гэта, мяркуе Валерыя Касцюгова, было «наіўна і нахабна».

Шалёныя рэпрэсіі

Да ўсіх гэтых памылак дадаліся «рэпрэсіі – шалёныя, неабгрунтаваныя, незразумелыя і агулам бессэнсоўныя», падкрэсліла аналітык. Але яна мяркуе, што рэпрэсіі толькі павялічваюць разрыў паміж уладаю і грамадствам, а таксама падмываюць і ўласную базу Лукашэнкі, «тых, хто яму яшчэ верны».

«Такі маштаб рэпрэсіяў і абгрунтаванне, якое мы бачылі, зусім размываюць мяжу паміж тым, што можна і чаго нельга. Закону няма не толькі для тых, хто супраць. Яго няма ні для каго. І страх, які ён спрабуе насадзіць, усеагульны. Перадусім ён дзейнічае на ягоных уласных бенефіцыяраў. Гэтым людзям не зразумела, якая ініцыятыва можа аказацца непакаранай, а якая будзе пакараная. Гэта блакуе любую чалавечую ініцыятыву, і нават выкананне загадаў, бо і загады змяняюцца з хуткасцю ветру», – падкрэсліла аналітык.

Валанцёры каля ЦІП на Акрэсціна.
Фота: АВ / Белсат

Ніякага пазітыву

Агулам, дадала Валерыя Касцюгова, уладамі «зроблена ўсё, каб узмацніць раскол у грамадстве і фактычна аддаліць ад магчымасці нацыянальнага замірэння, агульнага выйсця, таму заблакаваныя і працягваюць завальвацца цэглаю ўсе шляхі далейшага развіцця краіны і далейшай яе незалежнасці».

«За цэлы год ён [Лукашэнка. – Рэд. Belsat.eu] так і не прапанаваў людзям нічога. Ані павышэння іхнай ролі хаця б у прыняцці лакальных рашэнняў, ані павышэння ролі бацькоў у навучанні дзяцей, хоць яны ўжо ўтрымліваюць фактычна матэрыяльную базу нашых школаў. Літаральна ніводнага выхаду, каб людзям нешта даць, а не толькі забіраць», – заявіла аналітык.

Яна дадала, што няма ніякіх прапановаў таксама ані Захаду, ані Расеі. Толькі «Расея, ведаючы, што ён нічога не прапаноўвае столькі гадоў, проста карыстаецца ягоным прапагандысцкім балбатаннем, каб атрымліваць рэальныя рычагі кіравання».

Марш жанчын
Жаночае шэсце міру ў Менску. 5 верасня 2020 года.
Фота: ІА / Белсат

Сваёй мэты Лукашэнка дасягнуў

Між тым сацыёлаг і палітолаг Сяргей Нікалюк заявіў, што не бачыць у дзеяннях Лукашэнкі памылак.

«Эфектыўная ўлада – гэта тая, якая ставіць перад сабой свае мэты і выконвае іх. Якая галоўная мэта Лукашэнкі? Застацца ва ўладзе. І ўжо хутка 27 гадоў ён ва ўладзе застаецца, і на сённяшні дзень ніхто не назаве тэрмінаў, калі гэта скончыцца. Таму ён быў даволі эфектыўны. Іншая рэч, што змены ў грамадстве запатрабавалі ад яго зменаў у канкрэтных дзеяннях. І тут выявілася, што акрамя сілавога складніка яму прапанаваць сваім апанентам няма чаго. Іншая рэч, што раней для гэтага хапала кропкавых рэпрэсіяў, цяпер яны сталі больш-менш масавыя. А калі спатрэбіцца іх большы аб’ём, мы бачым, што ўлады да большых аб’ёмаў гатовыя. І неабходнымі для гэтага сілавымі рэсурсамі валодаюць», – заявіў ён.

Агулам жа падзеі ў Беларусі, якія пачаліся ў Беларусі год таму, Сяргей Нікалюк бачыць адным з вынікаў змены пакаленняў. Гэтак, большая частка грамадства ўжо «не звязвае сваіх даходаў з дзяржавай» і «не жыве каля тэлевізара». Тым не менш, на думку сацыёлага, у межах гэтых новых умоваў улада паводзіла сябе даволі эфектыўна, «зразумела пагрозу ад новых сродкаў масавай інфармацыі» і разгарнула супрацьіх адпаведныя кампаніі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў