«Гэта беспрэцэдэнтная сітуацыя». Адвакатка пракаментавала «зліў» размовы з Ціханоўскім


Наталля Мацкевіч.
Фота: advokat.by

У прапагандысцкім фільме «Забіць прэзідэнта», які быў паказаны 28 красавіка па ОНТ, былі прадэманстраваныя кадры размовы палітвязня Сяргея Ціханоўскага і ягонай адвакаткі Наталлі Мацкевіч. Канфідэнцыйнасць размоваў адваката і падабароннага гарантуецца заканадаўствам.

«Я расцэньваю гэту сітуацыю як парушэнне права адваката на канфідэнцыйныя зносіны з кліентам і адпаведна парушэнне права падабароннага на такія зносіны, парушэнне Крымінальна-працэсуальнага кодэксу і закону «Аб адвакатуры». Канфідэнцыйнасць прадугледжвае, што змест размоваў адваката і кліента, якія адбываюцца тэт-а-тэт, ніхто не можа ведаць, а тым больш запісваць і публікаваць», – адзначыла Наталля Мацкевіч у каментары belsat.eu.

Адвакатка кажа, што ўпершыню сутыкнулася з тым, што парушэнне права на канфідэнцыйнасць зносінаў нават не хаваецца.

«Я б сказала, што гэта беспрэцэдэнтная сітуацыя. Бывалі выпадкі, калі мы ставілі канфідэнцыйнасць размоваў пад сумнеў, але ніякіх фактаў мы прывесці не маглі. А цяпер такія факты прывялі нават не мы, а сродкі масавай інфармацыі», – кажа яна.

Спадарыня Мацкевіч мае намер звярнуцца ў Рэспубліканскую калегію адвакатаў, якая мусіць абараняць правы адвакатаў. «Потым, пасля размовы з кліентам, падумаю, якія яшчэ скаргі можна падрыхтаваць», – дадае яна.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў