Два дні з жыцця Алеся Пушкіна ў гарадзенскай турме. «На сняданак нам далі па адным фарбаваным у шалупінні яйку»


Сёння мінае месяц, як мастак Алесь Пушкін за кратамі. 29 сакавіка 2021 года яго затрымалі і канваявалі ў гарадзенскую турму.

Даведка

Мастака вінавацяць у тым, што адна з ягоных карцінаў, выстаўленая ў Цэнтры гарадскога жыцця Горадні, парушае артыкул 130 Крымінальнага кодэксу («Распальванне нацыянальнай, расавай ды іншай варожасці»). Алесю Пушкіну пагражае да 12 гадоў зняволення. Яго прызналі палітычным вязнем.

28 красавіка Алеся Пушкіна перавялі з Горадні ў Менск у СІЗА на Валадарскага. Імаверная прычына – аб’яднанне «справы Пушкіна» са «справаю Саюзу палякаў».

Беларускі мастак годна перажывае пераслед і турэмнае зняволенне ды нават спрабуе натаваць і фіксаваць штодзённасць за кратамі.

«Белсат» публікуе шчымлівыя нататкі пра два дні з жыцця Алеся ў гарадзенскай турме.

Нататкі Алеся Пушкіна.
Фота: Белсат

3 красавіка 2021 года

Перавялі на трэці паверх турмы, у камеру № 61, дзе ўжо былі Альбін з Суботнікаў, хлопчык са Скідалю Юрась і Дзмітрый Фёдаравіч, расеец, але гарадзенец. Тут я пабачыў чысціню ў камеры, парадак. Юрасю прыйшла перадача харчовая, мама са Скідалю перадала розных заходнебеларускіх прысмакаў-пачастункаў: сала, тушонкі, яблыкаў і г. д.

Сёння субота, перадвелікодная ў каталікоў. Я ўпершыню быў выведзены на шпацыр у маленькі турэмны дворык 10 х 7 метраў і пабачыў сонца ды канвойных жаўнераў. Я бачу праз закратаванае неба дворыку сонца, хмары, неба над Горадняй, якую я цяпер асабліва вельмі палюбіў…

Нататкі Алеся Пушкіна.
Фота: Белсат
Нататкі Алеся Пушкіна.
Фота: Белсат

4 красавіка 2021 года

Вялікдзень у братоў-каталікоў. На сняданак нам далі па адным фарбаваным у шалупінні яйку з ахвяраванняў, відаць, прыхаджанаў Фарнага касцёлу Горадні…

Я бачу шпіль, вежу і гадзіннік Фарнага касцёлу Горадні, чую гукі гадзінніка, і Анёл на шпілі вежы кажа мне, каб я трымаўся, бо мяне любіць і чакае шмат людзей у Беларусі і па ўсім свеце. Што сёння ў братоў-каталікоў і маёй жоначкі Яначкі і дачкі Марылькі – Вялікае Свята – Хрыстос з мёртвых паўстаў! Я прасіў перадаць яго маім родным і ўсім людзям, хто думае і хвалюецца за мяне, што сапраўды паўстаў з мёртвых! Я – ВЕРУ! А значыць, я перамагу наветы і допыты, сырую старую турму-цямніцу, дзе Пушкін сядзіць за творчасць!.. Падумаць толькі! Пушкіна засадзіць в «темницу сырую» за ягоную творчасць!.. Смех дый годзе! Не пераможа ў галовах людзей такая ідэалогія Лукашэнкі – змагацца з мастакамі, творчымі людзьмі, саджаць у турмы! Не пераможа! Тысячы людзей рэпрэсаваныя ў Беларусі за апошнія месяцы…

Нататкі Алеся Пушкіна.
Фота: Белсат
Нататкі Алеся Пушкіна.
Фота: Белсат

Падтрымаць сямʼю мастака можна тут.

PM, belsat.eu

Стужка навінаў