264-ы дзень пратэстаў. Галоўнае


Belsat.eu падводзіць вынікі 29 красавіка – 264-га дня супрацьстаяння грамадства і ўладаў.

Новыя палітвязні і крымінальныя справы

Андрэй Шарэнда.
Фота: Белсат

Супраць берасцейскага актывіста Андрэя Шарэнды распачалі новую крымінальную справу: у дадатак да «заклікаў да дзеянняў на шкоду нацыянальнай бяспецы» яго цяпер вінавацяць і ў «абразе прэзідэнта». Нагодай нібыта стала інтэрв‘ю, у якім Андрэй распавядае пра ўмовы ўтрымання ягонай жонкі Паліны Шарэнды-Панасюк.

«У гэтым інтэрв‘ю я перадаю яе словы. Даслоўна словы гучаць так, што нашай дзяржавай кіруе чалавек, якога можна параўнаць з тэрарыстам, хлусам і злачынцам. Гэтае выказванне стала нагодай для ўзбуджэння крымінальнай справы», – адзначае Андрэй Шарэнда.

Жонка Андрэя Паліна Шарэнда-Панасюк з 3 студзеня знаходзіцца ў СІЗА па справе аб гвалце над міліцыянтам.

Сёння стала вядома, што 19-гадоваму студэнту хімфака БДУ Арцёму Баярскаму выстаўлена абвінавачванне паводле ч.1 арт. 361-1 («стварэнне экстрэмісцкага фармавання») Крымінальнага кодэксу.

Арцём Баярскі.
Фота: spring96.org

24 сакавіка, у дні шматлікіх прэвентыўных затрыманняў перад Днём Волі, за Арцёмам прыйшлі ў студэнцкі інтэрнат. 25 сакавіка ў телеграм-канале прапагандыста Рыгора Азаронка з’явілася відэа, на якім Арцём прызнаецца ў адміністраванні пабліка. Каб прымусіць яго сказаць гэта на відэа, Арцёма білі дубінкамі па спіне і ягадзіцах. Гэта падчас допыту 19 красавіка Арцём паведаміў адвакату.

Арцём павінен быў выйсці на свабоду 18 красавіка. Але 16 красавіка бацькам патэлефанавала следчая і сказала, што Арцём затрыманы як падазраваны паводле ч.1 арт. 361-1 КК. Яго перавялі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску, а 26 красавіка выставілі абвінавачванне па гэтым жа артыкуле.

Тым часам, колькасць палітвязняў у Беларусі дасягнула 360 асобаў. 29 красавіка праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі яшчэ двух чалавек: Дзяніса Урада і Вольгу Маёраву.

Аб’ектыў
У Беларусі 360 палітвязняволеных
2021.04.29 23:23

Працягваецца і адміністратыўны пераслед іншадумцаў. Паводле праваабаронцаў, 40-гадовага менчука Дзяніса Музыкіна асудзілі на 13 содняў за «пікетаванне налепкамі на акне». Мужчыну затрымалі 28 красавіка і склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП.

Згодна з пратаколам, Дзяніс «прыняў удзел у пікетаванні, шляхам размяшчэння на акне налепак у выглядзе аблокаў, цюльпанаў і рамонкаў бел-чырвона-белай расфарбоўкі формаўтваральных БЧБ-сцяг, а таксама вывесіўшы на балконе ручнікі бел-чырвона-белага колеру для дэманстрацыі грамадзянам сваіх палітычных інтарэсаў». Сам Музыкін сцвярджае, што жалюзі ўвесь час былі зачыненыя, таму налепак не відаць. Па яго словах, вісяць яны хутчэй асабіста для яго.

Гісторыі
Міліцыянт, якога нібыта абразіла адзінокая маці, патрабуе ад яе 2 тысячы рублёў кампенсацыі за маральныя страты
2021.04.29 19:30

Захоп сатырычнага тэлеграм-каналу

Адміністратар сатырычнага тэлеграм-каналу «Советская Белоруссия», хутчэй за ўсё, затрыманы: ён перастаў выходзіць на сувязь, а ў канале 28 красавіка з’явіліся пасты з не ўласцівым аўтару гумарам. Журналісты выдання, якія раней бралі інтэрвʼю ў адміністратара каналу, намагаліся звязацца з ім праз уласны тэлеграм. Іхныя паведамленні пазначаюцца як прачытаныя, але адказу няма.

Канал «Советская Белоруссия», вядомы жартаўлівымі фэйкавымі навінамі пра сапраўдныя падзеі. У аўтара, імя якога ніколі не з’яўлялася ў публічнай прасторы, атрымлівалася тонка высмейваць беларускую рэчаіснасць.

Пагрозы Карпянкова

Мікалай Карпянкоў падчас разгону мірнай акцыі пратэсту 23 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu

Намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў у інтэрв’ю прапагандысту Рыгору Азаронка даў зразумець, што сілавікі гатовы перайсці да фізічнага знішчэння прадстаўнікоў апазіцыі, бо тыя «перайшлі чырвоную рысу» і цяпер знаходзяцца ў «адным шэрагу з міжнароднымі тэрарыстамі»

«Барацьба з імі будзе ажыццяўляцца, як ажыццяўляецца барацьба ізраільскімі падраздзяленнямі ў дачыненні да іх тэрарыстаў, барацьба будзе ажыццяўляцца з імі так, як ажыццяўлялася барацьба самай гуманнай дзяржавай у адносінах да Усаму бін Ладэну і яго паслядоўнікам.

І мы гатовыя дзейнічаць. Як толькі паступіць загад – дзе б яны не знаходзіліся, без тэрміну даўніны – мы іх знойдзем і мы іх зачысцім. Мы зробім свет больш свабодным, а Рэспубліку Беларусь – больш абароненай.

Мы нагадваем нашай нахабнай крыважэрнай апазіцыі пра тое, што мы іх ведаем усіх. Ведаем, дзе яны знаходзяцца, з кім яны маюць зносіны, якая ў іх нерухомасць, дзе знаходзяцца іх сям’і. Яны вельмі любяць нам нагадваць пра нашыя семʼі і будаваць усе свае пагрозы ў адносінах да нас праз нашых жонак і дзяцей. Я ні на што не намякаю, але калі паступіць загад або хто-небудзь з іх што-небудзь зробіць у адносінах да кіраўніка дзяржавы, да чальцоў яго сямʼі, да працаўнікоў праваахоўных органаў, да жонак і дзяцей нашых супрацоўнікаў, нашая рэакцыя будзе імгненнай і ўдар будзе зруйнавальны. І ён будзе сіметрычны абсалютна ва ўсіх планах і задумах, якія мела апазіцыя. Мы іх знойдзем і зачысцім».

Аб’ектыў
Навошта КДБ кіно пра «дзяржпераварот»?
2021.04.29 23:14

Ціск на журналістаў

Інтэрв’ю экс-кандыдаткі на прэзідэнцтва Святланы Ціханоўскай баранавіцкай газэце «Intex-press» прызнанае экстрэмісцкім матэрыялам, бо мясцовая пракуратура знайшла ў інтэрвʼю інфармацыю, нібыта накіраваную на распальванне ў грамадстве палітычнай, ідэалагічнай, сацыяльнай варожасці. Галоўнага рэдактара «Intex-press» Уладзіміра Янукевіча выклікалі ў суд у справе пра парушэнне заканадаўства аб распаўсюдзе ўладальнікам незарэгістраванага інтэрнэт-рэсурсу забароненай інфармацыі (ч. 5 арт. 23.5 КаАП). Яго пакаралі максімальным штрафам паводле гэтага артыкулу – 20 базавых велічыняў штрафу (580 рублёў).

Суд над журналісткай TUT.BY Кацярынай Барысевіч і лекарам Арцёмам Сарокіным. Людзі чакаюць прысуду. Дом Правасуддзя, Менск. 2 сакавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Сёння стала вядома, што галоўную рэдактарку TUT.BY Марыну Золатаву ў сакавіку выклікалі ў ГУБАЗіК, каб папярэдзіць пра недапушчальнасць парушэння заканадаўства аб экстрэмізме. Падставай для гэтага стаў банэр на сайце парталу, які адлюстроўваўся ў межах партнёрскіх стасункаў з «Яндекс» і Google. Кантраляваць гэты банэр TUT.by не мае магчымасці. Пры гэтым Марыне Золатавай не паведамілі нават, куды менавіта трапляў карыстальнік, пераходзячы праз спасылку з банэру.

Тым часам журналістку TUT.by Кацярыну Барысевіч ў жодзінскай турме паставілі на прафілактычны ўлік як асобу, «схільную да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў». Раней на прафілактычны ўлік паставілі журналістак «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Дарʼю Чульцову.

Абноўлена
У Беларусі выбралі найлепшую вокладку кнігі за год
2021.04.29 20:32

ІІ belsat.eu

 

 

Стужка навінаў