Як пераадолець пачуццё віны за напад Расеі на Украіну? Парады псіхолага


Аляксандр Лукашэнка ўцягнуў Беларусь у вайну з Украінаю. Праз гэта частка беларусаў пачуваецца вінаватымі. Вольга Вялічка, псіхолаг арганізацыі «Лекары за праўду і справядлівасць», распавяла, як даць рады з пачуццём віны.

Гэтая размова з Вольгаю Вялічкаю выйшла ў межах рубрыкі «Ведай свае правы» праграмы «Маю права».

Ці адчуваюць беларусы віну за напад Расеі на Украіну?

Так, але гэта характэрна, хутчэй, для беларусаў у Беларусі, лічыць спадарыня Вольга. Акрамя таго, беларусы могуць адчуваць сорам за дзеянні рэжыму Лукашэнкі, які ўтрымлівае ўладу ў краіне.

Адкуль з’явілася гэтае пачуццё віны за чужую агрэсію?

Пачуццё віны выкліканае найперш бездапаможнасцю, бо няма інструментаў, каб змяніць сітуацыю: у Беларусі трываюць жорсткія рэпрэсіі. Беларусы могуць нават злавацца на суайчыннікаў, якія жывуць за мяжой і маюць значна больш магчымасцяў паказаць сваю салідарнасць з украінскім народам.

У гэтых умовах адзінае, што можа зрабіць беларус, – адрэфлексаваць гэтую сітуацыю, сказаць «прабачце нам, украінцы».

Ці звяртаюцца беларусы па дапамогу з прычыны пачуцця віны за расейскую агрэсію?

Дасюль да спадарыні Вольгі яшчэ не звярнуўся ніводны чалавек з запытам «я адчуваю велізарнае пачуццё віны, мне трэба дапамога псіхолага». Затое звярталіся ахвяры гвалту з боку сілавікоў, іхныя родныя, дзеці з сем’яў пацярпелых.

Чаму ў інфармацыйнай прасторы нам навязваецца пачуццё віны?

Пачуццё віны, навязанае беларусам, выгаднае найперш расейскай прапагандзе, мяркуе спадарыня Вольга:

«Я згаджуся са словамі Каліноўскага, які казаў, што не трэба звяртаць увагі на сваркі, бо галоўная задача ворага – падзяліць і прымусіць эмацыйна знясіліцца ў гэтых размовах пра тое, што добра, а што не добра. Амаль 200 гадоў таму Каліноўскі пра гэта напісаў, і да сёння расейская прапаганда гэтым карыстаецца. Таму я б пажадала беларусам быць больш пільнымі, больш крытычнымі і больш верыць у сябе».

Што рабіць беларусам, якія адчуваюць віну за вайну ва Украіне?

Зразумець, што за гэтым пачуццём віны стаіць сорам за людзей, якія кіруюць Беларуссю як дзяржаваю. Што калектыўная адказнасць – гэта не выйсце. Але гэта толькі палова справы. Далей трэба падумаць: а што я магу зрабіць у гэтай сітуацыі? Вядома, у Беларусі такіх інструментаў вельмі, вельмі мала, але нават адзін маленькі інструмент – гэта лепей, чымся нічога.

Hавiны
Калектыўная адказнасць: ці мусяць беларусы адчуваць віну і сорам перад украінцамі?
2022.02.28 01:28

Ці змянілася стаўленне да беларусаў у свеце?

Безумоўна, беларусаў закране сённяшняя хваля нянавісці да расейцаў, расейскамоўных людзей, і ідэнтыфікаваць беларусаў будуць паводле расейскай мовы.

Чаму ўкраінцы вінавацяць у агрэсіі звычайных беларусаў?

Украінцы часам не разумеюць сітуацыі, у якой жывуць беларусы, і лічаць, што яны не дзеюць так актыўна, як хацелася б. Украінцы як мінімум з 2014 года былі ў іншых палітычных і сацыяльных умовах, іхная дзяржаўная структура развівалася па-іншаму.

«Усё гэта не апраўданне, але я, напрыклад, разумею ўкраінцаў, якія цяпер на надрыве размаўляюць з беларусамі», – кажа спадарыня Вольга.

Што адказваць украінцам, калі сутыкнуліся з іхнаю злосцю?

У выпадку непаразуменняў лепш не скардзіцца і абурацца, а тлумачыць, што беларусы раздзяляюць пачуцці ўкраінцаў, што яны салідарныя з імі і робяць усё магчымае, а часам і немагчымае, каб у Беларусі не было дыктатуры, якая падтрымлівае расейскую агрэсію. Важна, каб украінцы чулі, што беларусы на іхным баку, разам з імі і робяць усё, што могуць, каб дапамагчы.

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную пятніцу а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы»на нашай старонцы.

Стужка навінаў