Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 29 сакавіка


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі на вечар 29 сакавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі вайсковец аглядае машыны, якія, паводле вайскоўцаў, расейскія войскі выкарыстоўвалі для стварэння бар’еру на пазіцыі ля Харкава, Украіна. 29 сакавіка 2022 года.
Фота: Thomas Peter / Reuters / Forum

У турэцкім Стамбуле адбыўся чарговы раўнд перамоваў паміж расейскай і ўкраінскай дэлегацыямі. Кіраўнік украінскай дэлегацыі на перамовах Давід Арахамія заявіў, што расейскі бок атрымаў праект пагаднення аб міжнародных гарантыях бяспекі для краіны і спыненні вайны на ўкраінскай тэрыторыі. Украінскі палітык таксама дадаў, што гарантамі бяспекі выступяць Вялікая Брытанія, Кітай, ЗША, Францыя, Турэччына, Нямеччына, Канада, Італія, Ізраіль.

Прадстаўнік расейскай дэлегацыі Уладзімір Мядзінскі па выніку сённяшніх перамоваў паведаміў, што Расея не супраць далучэння Украіны да Еўразвязу пасля сённяшніх перамоваў, а Украіна адмаўляецца вяртаць Крым і Данбас пад свой кантроль вайсковым шляхам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы стаяць на артылерыйскай машыне, якую яны захапілі падчас баёў каля Харкава, Украіна. 29 сакавіка 2022 года.
Фота: Thomas Peter / Reuters / Forum
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі вайсковец нясе захопленую зброю пасля бою каля Харкава, Украіна. 29 сакавіка 2022 года.
Фота: Thomas Peter / Reuters / Forum

У гэты ж час Міністэрства абароны Расеі паведаміла пра кардынальнае скарачэнне вайсковай актыўнасці на кіеўскім і чарнігаўскім напрамках. Міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу заявіў, што «асноўныя заданні першага этапу аперацыі выкананыя». Паводле яго, расейскія вайскоўцы нібыта знізілі «баявы патэнцыял украінскіх узброеных сілаў». Але Расея будзе намагацца далей «вызваляць Данбас».

Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны ў сваю чаргу пацвердзіў інфармацыю пра вывядзенне некаторых падраздзяленняў расейскіх войскаў з Кіеўшчыны і Чарнігаўшчыны, але ў ЗСУ адзначылі, што пагроза нанясення акупантамі ракетных удараў па вайсковай ды цывільнай інфраструктуры захоўваецца.

Прэм’ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль адзначыў, што імаверныя страты Украіны праз вайну складуць каля 1 трыльёна долараў. Шмыгаль адзначыў, што разлік пакуль экспертны, але страты структураваныя: першы складнік стратаў – пашкоджанні інфраструктуры, а другі – падлік страты ўкраінскай эканомікі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мемарыяльны комплекс «Драбіцкі Яр» у гонар габрэяў, забітых падчас Другой сусветнай вайны, які быў пашкоджаны падчас нядаўніх баявых дзеянняў ля Харкава, Украіна. 29 сакавіка 2022 года.
Фота: Thomas Peter / Reuters / Forum
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі вайсковец ходзіць па вёсцы Малая Рагань, нядаўна вызваленай ад расейскіх войскаў. Харкаўшчына, Украіна. 29 сакавіка 2022 года.
Фота: Thomas Peter / Reuters / Forum

Прэс-сакратар прэзідэнта Расейскай Федэрацыі Дзмітрый Пяскоў адзначыў, што расейцы не збіраюцца выкарыстоўваць ядравай зброі ў цяперашняй вайне. Адзіная ўмовай для выкарыстання ядравай зброі – пагроза існаванню Расеі.

У Пэнтагоне мяркуюць, што расейскія ўлады паступова змяняюць прыярытэты ўварвання ва Украіну. Амерыканскае вайсковае агенцтва прапанавала тры магчымыя прычыны расейскай пераарыентацыі: спроба адрэзаць частку ўкраінскага войска ад астатняй краіны, атрыманне рычагоў уплыву для будучых мірных перамоваў, агульныя змены ўласных стратэгічных мэтаў. У той жа час ЗША пакуль не бачаць грунтоўных падставаў меркаваць, што Расея абмяжуе сваю ўвагу Данбасам.

Паводле Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, на дзень 29 сакавіка страты расейскіх войскаў складаюць каля 17 200 чалавек асабовага складу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі вайсковец ля цела цывільнай асобы, якая загінула падчас бою з расейскімі войскамі. Харкаўшчына, Украіна. 29 сакавіка 2022 года.
Фота: Thomas Peter / Reuters / Forum

Генерал-маёр СБУ Віктар Ягун паведаміў, што ўкраінскія вайскоўцы знішчылі расейскі вялікі дэсантны карабель «Саратаў» са зброі, не прызначанай для вядзення баявых дзеянняў на моры.

Ранкам 29 сакавіка расейцы нанеслі ўдар па будынку аблдзяржадміністрацыі ў Мікалаеве. Станам на 13:30 пад заваламі знайшлі целы сямі загінулых, яшчэ 18 чалавек ратаўнікі дасталі жывымі.

ВК belsat.eu

Стужка навінаў