У Стамбуле завяршыліся перамовы Украіны і Расеі


Украінская і расейская дэлегацыі на працягу чатырох гадзінаў абмяркоўвалі ўмовы спынення агню ва Украіне. Па выніках перамоваў бакі агучылі некаторыя дасягнутыя вынікі.

У турэцкім Стамбуле адбыўся чарговы раўнд перамоваў паміж расейскай і ўкраінскай дэлегацыямі. Перамовы маюць працягвацца тры дні. Па выніках першага дня дарадца Офісу прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк паведаміў, што цяпер адбываюцца цяжкія мірныя перамовы.

«Цяпер ідуць інтэнсіўныя кансультацыі наконт некалькіх важных пытанняў, галоўным з якіх ёсць пагадненне аб міжнародных гарантыях бяспекі для Украіны, і толькі з дапамогай гэтага пагаднення мы можам скончыць вайну так, як гэта патрэбна Украіне. Другі не менш важны блок пытанняў – гэта спыненне агню, каб мы маглі вырашыць усе гуманітарныя праблемы, якія ўжо назапасіліся», – напісаў Міхаіл Падаляк у сваім Twitter.

Дарадца прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк кіраваў польскім вайсковым гелікаптэрам па дарозе на перамовы з расейскім бокам у Белавежскай пушчы.
Фота: Михайло Подоляк / Twitter

Кіраўнік украінскай дэлегацыі на перамовах Давід Арахамія заявіў, што расейскі бок атрымаў праект пагаднення аб міжнародных гарантыях бяспекі для краіны і спыненні вайны на ўкраінскай тэрыторыі.

«Мы настойваем, каб гэта было міжнароднае пагадненне, якое падпішуць усе гаранты бяспекі, яно будзе ратыфікавацца парламентамі, каб не паўтараць памылкі з Будапэшцкім мемарандумам», – заявіў Давід Арахамія.

Украінскі палітык таксама дадаў, што гарантамі бяспекі выступяць Вялікая Брытанія, Кітай, ЗША, Францыя, Турэччына, Нямеччына, Канада, Італія, Ізраіль.

«Краіны-гаранты будуць паводле аналагу артыкулу 5 пагаднення NATO, але механізм актывацыі больш жорсткі, бо ў NATO няма абмежаванняў, колькі яны могуць праводзіць кансультацыі – калі нешта адбылося, то абмеркаванне можа працягвацца і год. Мы кажам аб трох днях на кансультацыі, і калі гэта вайна, агрэсія ці ваенная аперацыя, то краіны-гаранты маюць юрыдычны абавязак надаць нам дапамогу: зброю, сілы, закрыць неба – усё тое, чаго нам цяпер так не хапае», – сказаў ён.

Захопленыя Расеяй Крым і Севастопаль, а таксама Луганская і Данецкая вобласці ў праект дамовы не ўваходзяць.

Падчас перамоваў Міністэрства абароны Расеі паведамляе пра кардынальнае скарачэнне ваеннай актыўнасці на кіеўскім і чарнігаўскім напрамках.

Таксама кіраўнік расейскай дэлегацыі Уладзімір Мядзінскі распавёў, што атрымаў прапановы ўкраінскага боку, і яны будуць разгледжаныя бліжэйшым часам. Расейскі палітык завіў, што магчымая сустрэча Уладзіміра Пуціна з Уладзімірам Зяленскім.

29 сакавіка міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу заявіў, што «асноўныя задачы першага этапу аперацыі выкананыя». Паводле яго, расейскія вайскоўцы нібыта знізілі «баявы патэнцыял украінскіх узброеных сілаў». Але Расея будзе намагацца далей «вызваляць Данбас».

Hавiны
Пэнтагон агучыў новы прыярытэт Расеі ў вайне з Украінай
2022.03.29 11:40

 

ОК belsat.eu

Стужка навінаў