У Менску пачаўся суд над абвінавачанымі ў справе анархісцкай групы «Прамень»


Сёння, 29 сакавіка, у Менскім абласным судзе пачнецца разгляд крымінальнай справы супраць «экстрэмісцкага фармавання» «Прамень». У справе былі затрыманыя: Яўген Рубашка, Аляксандр Бялоў і два цёзкі – Арцёмы Салаўі. Мы сабралі ў адным тэксце гісторыі сяброў аб затрыманых анархістах.

Злева направа партрэты Арцёма Салаўя, Яўгена Рубашкі, Аляксандра Бялова на выставе ў моладзевым хабе ў Варшаве, Польшча. 19 лютага 2020 года. Фота Аліса Ганчар / Белсат

Яўгена Рубашку і Аляксандра Бялова арыштавалі 29 ліпеня 2021 года, Арцёмаў Салаўёў – 4 жніўня 2021 года. ГУБАЗ апублікаваў відэа затрымання, паводле якога можна меркаваць, што да маладых людзей ужылі гвалт. Раней анархісты мелі адміністратыўныя спагнанні за ўдзел у розных пратэсных акцыях. Іх судзяць паводле «народнага» арт. 342 ч. 1 КК РБ, а таксама за стварэнне або ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні «Прамень» (арт. 361 ч. 1.3 КК РБ).

Яўген Рубашка. Фота з сацыяльных сетак

Яўген Рубашка

Яўген Рубашка не быў падчас выбараў 2020 года ў Беларусі. Ён жыў у Амстэрдаме, дзе працаваў праграмістам. «Добра зарабляў, і для яго было нармальна аддаваць палову зарплаты, калі камусьці патрэбная дапамога», – пра гэтую якасць кажуць усе сябры Яўгена.

Да падзеяў 2020 года не ўдзельнічаў у беларускім актывізме. Сябры Яўгена распавядаюць, што прыехаў у Беларусь ён у верасні з велізарным жаданнем і энергіяй. Рубашку затрымлівалі за Партызанскі марш і ў двары Пераменаў, за што ён адседзеў содні. Пра тыя падзеі можна прачытаць у ягоным дзённіку тут і тут.

Аляксандр Бялоў. Фота з сацыяльных сетак

Аляксандр Бялоў

«Сашу Бялову можна было ноччу патэлефанаваць і спытаць аб дапамозе – ён заўсёды адгукаўся. Крэмень, сведчанняў не даваў наогул». Аляксандр – удзельнік ФНБ [ініцыятыва «Ежа замест бомбаў»] і працаваў у дабрачынным праекце «KaliLaska». Да затрымання адпрацоўваў размеркаванне пасля ўніверсітэту. Аляксандр мог з’ехаць у любы момант, у яго была «карта паляка», але застацца – гэта быў свядомы выбар. Аляксандр Бялоў і Яўген Рубашка ў 2021 годўе прыязджалі ў Варшаву пабачыцца з сябрамі. Праз 10 дзён хлопцы вярнуліся ў Беларусь. А праз некаторы час да іх дадому прыйшлі супрацоўнікі ГУБАЗу.

Арцём Салавей. Фота з сацыяльных сетак

Арцём Салавей

Арцёмы Салаўі не родзічы, яны пазнаёміліся ў грамадзянскім руху і пасябравалі.

Першы Арцём Салавей цікавіцца праграмаваннем і кампутарнай бяспекай, вёў у БНТУ гурток робататэхнікі. Сябры кажуць пра яго як пра вельмі спакойнага чалавека. Арцём адседзеў 8 содняў за марш 6 верасня, 25 содняў пасля першага дваровага маршу, 15 содняў прэвентыўна напярэдадні Дня Волі ў 2021 годзе. Пасля трэцяга арышту і ператрусу ён разумеў, што на яго будзе заведзена крымінальная справа, але зʼязджаць з Беларусі не пажадаў.

Арцём Салавей. Фота з сацыяльных сетак

Яшчэ адзін Арцём Салавей быў асуджаны на 15 содняў напярэдадні 25 сакавіка 2021 года. Сябры кажуць, што ён любіць чытаць, ён надзвычай спакойны чалавек. Арцём ездзіў на ровары ў любое надворʼе. Працаваў рабочым і кухарам, праца адымала ў яго шмат сілаў. «У любой сітуацыі, як бы яму ні было цяжка, ён гатовы прыйсці на дапамогу». Арцём быў актывістам ФНБ на працягу некалькіх гадоў.

belsat.eu

Стужка навінаў