У Менску арыштаваныя 8 работнікаў банку БелВЭБ. Сярод іх старшыня ўправы Васіль Мацюшэўскі


Паводле інфармацыі чытачоў «Белсату», 29 сакавіка сілавікі ўварваліся ў офіс БелВЭБу, які месціцца на праспекце Пераможцаў 29. Паводле папярэдніх звестак, былі арыштаваныя 8 супрацоўнікаў, у тым ліку з кіраўніцтва ўстановы. Падставы для арышту і асобы затрыманых пакуль невядомыя.

Банк БелВЭБ.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Паводле звестак газэты «Наша Ніва» ў банк прыходзілі прадстаўнікі ДФР. Сярод затрыманых, імаверна, старшыня ўправы БелВЭБу – Васіль Мацюшэўскі. Паводле Zerkalo.io, затрымалі першага намесніка Мацюшэўскага Тараса Надольнага, намеснікаў старшыні Анатоля Барысевіча, Віктара Перапяліцу і Дзмітрыя Ляўданскага. Сілавікі схапілі таксама сябра праўлення Анатоля Паўловіча і дырэктара па развіцці банку Аляксея Мазжухіна. Агулам за кратамі апынуліся восем асобаў.

Паводле крыніцаў «Белсату», пытанні ў ДФР да банку БелВЭБ узніклі не сёння. Мінімум са студзеня 2022г Дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК займаўся банкам.

Паводле «Нашай нівы», старшыню праўлення БелВЭБа Васіля Мацюшэўскага затрымалі паводле арт. 424 КК («Злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі»).

Банк БелВЭБ (Белвнешэканомбанк)– сістэмаўтваральны банк Беларусі, чацвёрты па памеры сярод банкаў краіны. Займае вядучыя пазіцыі ў галіне міжнародных разлікаў, валютных аперацый і абслугоўвання вонкаваэканамічнай дзейнасці дзяржавы і кліентаў. Часткай структуры карпарацыі «Банк развіцця і вонкаваэканамічнай дзейнасці (Знешэканомбанк)» (Масква).

Банк мае даччыныя кампаніі: УСП «Белзнешстрах», КСА «Знешэканомбуд» ТАА, ЗАТ «Сівельга».

belsat.eu

Стужка навінаў