Расея распачала выводзіць войскі з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласцяў


Генеральны штаб Украіны паведамляе, што распачаўся вывад асобных падраздзяленняў расейскіх войскаў з тэрыторыі Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласцяў. Але пры гэтым агрэсар працягвае артылерыйскі абстрэл як вайсковай, так і цывільнай інфраструктуры.

Пашкоджаная расейская тэхніка, якую мясцовыя жыхары рамантуюць ды перадаюць украінскім вайскоўцам. Сумская вобласць, Украіна. 24 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Паводле Генштабу Украіны, расейскі агрэсар не дасягнуў мэтаў наступальнай аперацыі. З тэрыторыі Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласцяў пачалі выводзіць асобныя падраздзяленні Узброеных сілаў РФ. Але нягледзячы на адступленне, існуе высокая рызыка нападу расейскіх акупантаў на вайсковую і цывільную інфраструктуру.

«Існуе праблема ўзмацнення і ратацыі існай групоўкі расейскага праціўніка. Так, толькі на Ціхаакіянскім флоце Узброеных сіл Расейскай Федэрацыі падраздзяленні прызыву з-за адмовы асабовага складу ад удзелу ў так званай «спецаперацыі» не могуць укамплектаваць нават адну батальённа-тактычную групу», – паведамляе Генштаб.

Цяпер на палескім напрамку расейскія вайскоўцы чыняць артылерыйскія абстрэлы, але некаторыя часткі выводзяць на тэрыторыю Беларусі. Пры гэтым працягваецца блакада Чарнігава. Тут агрэсар знішчае не толькі вайсковыя, але і цывільныя аб’екты.

«На данецкім напрамку праціўнік павялічыў агнявую моц і актывізаваў штурмавыя дзеянні ў большасці раёнаў. Нанёс авіяўдары па населеных пунктах Ваяводаўка, Рубежнае, Лісічанск, Крэмінная, Залатое-4, Папасная, Тарэцк, Ноўгарад. Асноўныя намаганні агрэсар засяроджвае на ўзяцці пад кантроль Папаснай і Марыупалю. Расейскі вораг не мае поспеху».

29 сакавіка міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу заявіў, што «асноўныя задачы першага этапу аперацыі выкананыя». Паводле яго, расейскія вайскоўцы нібыта знізілі «баявы патэнцыял украінскіх узброеных сілаў». Але Расея будзе намагацца далей «вызваляць Данбас».

«Спецыяльная ваенная аперацыя працягнецца да дасягнення пастаўленых мэтаў», – заявіў Шайгу.

У турэцкім Стамбуле адбыўся чарговы раўнд перамоваў паміж расейскай і ўкраінскай дэлегацыямі. Перамовы маюць доўжыцца тры дні.

Кіраўнік расейскай дэлегацыі Уладзімір Мядзінскі пасля перамоваў у Турцыі распавёў, што Расея не супраць уступлення Украіны ў Еўразвяз, але Украіна адмаўляецца ад вяртання Крыму і Данбасу ваенным шляхам. Кіеў жа сцвярджае, што ніколі не меў такіх планаў.

Hавiны
У Стамбуле завяршыліся перамовы Украіны і Расеі
2022.03.29 16:27

ОК belsat.eu

Стужка навінаў