Прадстаўнік Пуціна агучыў умовы, пры якіх Расея зможа ўжыць ядравую зброю


Прэс-сакратар прэзідэнта Расейскай Федэрацыі Дзмітрый Пяскоў у эфіры амерыканскага каналу RBS пракаментаваў магчымасць таго, што Расея выкарыстае ядравую зброю, паведамляе «Интерфакс-Украина». Аб магчымасці выкарыстаць «чырвоную кнопку» дагэтуль ужо выказваліся сам Пуцін і прадстаўнік РФ у ААН.

Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў.
Фота: kremlin.ru

Дзмітрый Пяскоў адзначыў, што расейцы не збіраюцца выкарыстоўваць ядравую зброю ў цяперашняй вайне. Прадстаўнік Крамля ўпэўнены, што іх планы ва Украіне будуць паспяхова рэалізаваныя нягледзячы ні на што:

«Ніхто нават не разглядае пытання выкарыстання ядравай зброі і нават саму ідэю аб яе выкарыстанні».

Апроч таго, Пяскоў пракаментаваў нядаўнюю заяву Уладзіміра Пуціна адносна магчымага выкарыстання ядравай зброі ў выпадку ўмяшання ў канфлікт Украіны і Расеі трэціх краінаў. Чыноўнік адзначыў, што Пуцін выключна папярэджваў іншыя краіны аб раўназначным ваенным адказе ў выпадку ўступлення ў вайну. Дзмітрый Пяскоў дадаў, што Расея мае адэкватны адказ на дзеянні супраць яе.

Адзінай умовай, паводле Пяскова, для выкарыстання ядравай зброі ёсць пагроза існаванню Расеі:

«Расея можа і будзе ўжываць ядравую зброю, толькі калі трэба будзе ліквідаваць пагрозу самому існаванню Расеі. Трэба падзяляць канфлікт ва Украіне і пытанне існавання Расеі».

Цікава, што 24 сакавіка прадстаўнік РФ пры ААН Дзмітрый Палянскі адзначыў, што Расея можа ўжыць ядравую зброю ў выпадку правакацыі NATO.

ХЗ belsat.eu

 

Стужка навінаў