«Новыя» суайчыннікі і грамадзяне. Разбіраемся ў прапанаваных зменах законаў РФ


Цягам апошніх тыдняў у Дзяржаўную думу РФ паступілі новыя законапраекты, якія закранаюць пытанні атрымання грамадзянства краіны ды панятку «суайчыннік». Разбіраемся, што гэта за змены, чым яны абумоўленыя і да чаго могуць прывесці ў выніку.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына фатаграфуецца ў аддзяленні міграцыйнай службы ў Станіцы Луганскай, якая перайшла пад кантроль «ЛНР». Мясцовыя жыхары гэтага рэгіёну могуць атрымаць пашпарты «ЛНР». Луганская вобласць, Украіна. 29 сакавіка 2022 года.
Фота: Alexander Reka / TASS / Forum

Першы законапраект прадугледжвае змены ў двух артыкулах Закону аб грамадзянстве Расейскай Федэрацыі. Калі папраўкі прымуць, зменіцца парадак надання грамадзянства РФ замежнікам і асобам без грамадзянства: для такой працэдуры будзе дастаткова, каб хаця б адзін з бацькоў меў пазнаку «расеец/расейка» ў пасведчанні аб нараджэнні.

Для такіх замежнікаў адменяць умову пра бесперапыннае пражыванне на тэрыторыі Расеі цягам пяці гадоў ды іспыт на валоданне расейскаю моваю, таксама адпадзе неабходнасць атрымання віду на жыхарства і пацверджання наяўнасці законных крыніцаў сродкаў для існавання.

Аднак такім замежнікам давядзецца пачаць працэдуру адмовы ад актуальнага грамадзянства.

Другі законапраект прадугледжвае наданне статусу «суайчыннік» толькі тым замежнікам, якія валодаюць расейскаю мовай. У гэты ж час паняцце «суайчыннік» працягне распаўсюджвацца на грамадзянаў РФ, якія стала жывуць за мяжою.

Гэтыя змены мусяць закрануць першы артыкул Закону аб дзяржаўнай палітыцы Расейскай Федэрацыі ў дачыненні суайчыннікаў у замежжы, які цяпер месціць наступную частку:

«Суайчыннікамі таксама прызнаюцца асобы ды іхныя нашчадкі, якія пражываюць за межамі РФ і адносяцца, як правіла, да народаў, якія гістарычна пражываюць на тэрыторыі Расеі, а таксама асобы, што зрабілі вольны выбар на карысць духоўнай, культурнай і прававой сувязі з Расейскаю Федэрацыяй», чые сваякі паводле простай узыходнай лініі раней жылі ў ёй. Пад гэтае вызначэнне трапляюць тыя, хто меў грамадзянства СССР і жыве на тэрыторыях, якія раней уваходзілі ў склад Савецкага Саюзу, а ў далейшым атрымалі грамадзянства іншых дзяржаваў або сталі асобамі без грамадзянства.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Alexander Ryumin / TASS / Forum

Галоўнае, што адразу кідаецца ў вочы: абодва прапанаваныя законапраекты маюць дыскрымінацыйны характар у дачыненні ўсіх народаў РФ, акрамя расейцаў.

Па-першае, на тэрыторыі Расеі жывуць больш за 190 народаў, і этнічная тэрыторыя рассялення значнай часткі гэтых народаў – у межах РФ. То бок гэтыя народы не маюць іншых нацыянальных дзяржаўных утварэнняў, акрамя РФ, якая ў сваю чаргу ёсць шматнацыянальнай. У такім выпадку дзеці ўмоўных марыйцаў ці башкіраў – грамадзянаў іншых дзяржаваў не змогуць скарыстацца прапанаваным законам праз адсутнасць пазнакі «расеец/расейка» ў пасведчанні аб нараджэнні сваіх бацькоў.

Па-другое, на тэрыторыі той жа Расеі, акрамя адзінай дзяржаўнай расейскай мовы, ёсць яшчэ і 37 дзяржаўных моваў у рэспубліках Расейскай Федэрацыі. Таксама афіцыйны статус маюць і іншыя мовы карэнных народаў Расеі, якія не маюць сваіх асобных нацыянальных рэспублік у складзе РФ. Зноў жа, умоўны марыец ці башкір, які мае грамадзянства іншай краіны, валодае сваёй этнічнаю мовай, але не валодае расейскаю, перастане лічыцца суайчыннікам.

Калі максімальна спрасціць прапанаваныя законапраекты, то іх можна апісаць так: грамадзянства – для расейцаў, статус суайчынніка – для расейскамоўных. З гэтага ўсяго вынікае, што ўлады РФ наўпрост спрабуюць уніфікаваць суайчыннікаў і тых, хто хоча атрымаць грамадзянства краіны.

Але хутчэй за ўсё распрацоўка вышэйзгаданых законапраектаў звязаная з іншымі прычынамі, якія найперш варта шукаць у цяперашняй вайне Расеі ва Украіне і ў сітуацыі вакол яе.

Цяперашняе спрашчэнне атрымання пашпартоў у РФ тлумачаць «несяброўскім стаўленнем» да расейцаў за мяжою. Ідзецца пра тое, што спачатку замежнікам давядзецца пачаць працэдуру адмовы ад цяперашняга грамадзянства. Але нідзе не гаворыцца, што гэтыя замежнікі мусяць пасля гэтага пераехаць жыць у Расею. Аналагічна і з суайчыннікамі, якія будуць працягваць жыць за межамі самой Расеі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Karpov Sergei / TASS / Forum

Разам з тым абедзве гэтыя катэгорыі – грамадзяне і суайчыннікі – падпадаюць пад дзеянне расейскага заканадаўства.

«Грамадзянам Расейскай Федэрацыі, якія за межамі Расейскай Федэрацыі, надаецца абарона і заступніцтва Расейскай Федэрацыі» (Закон аб грамадзянстве Расейскай Федэрацыі).

«Суайчыннікі, якія жывуць за мяжою, маюць права разлічваць на падтрыманне Расейскай Федэрацыі ў ажыццяўленні сваіх грамадзянскіх, палітычных, сацыяльных, эканамічных і культурных правоў, захаванні самабытнасці» (Закон аб дзяржаўнай палітыцы Расейскай Федэрацыі ў адносінах суайчыннікаў у замежжы).

Выглядае на тое, што кіраўніцтва РФ, зразумеўшы сваю відавочную няўдачу ў вайне з Украінаю, спрабуе падстрахавацца, стварыўшы будучыя рычагі ціску на ўлады суседніх дзяржаваў. Да гэтых краінаў найперш варта аднесці Беларусь, Казахстан і Малдову, якія маюць вялізныя долі расейскамоўнага насельніцтва і немалую колькасць самых этнічных расейцаў. Пад патэнцыйным ударам могуць аказацца і Латвія з Эстоніяй, але ў гэтых краінах сітуацыя мае выглядаць лепш, бо яны сябры NATO.

ВК belsat.eu

Стужка навінаў