Плююць у твар, не здаюць кватэраў. Актывісткі збіраюць звесткі пра дыскрымінацыю беларусаў


Пасля таго як з боку беларуска-ўкраінскай мяжы расейскія войскі напалі на Украіну, да беларусаў стаўленне памянялася са спачування на грэбаванне ды адкрытай агрэсіі. Некалькі беларускіх актывістак аб’ядналіся, каб збіраць і фіксаваць выпадкі дыскрымінацыі беларусаў, а таксама дапамагаць пацярпелым дамагацца справядлівасці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Надпіс на плакаце: «Беларусы – таксама ўцекачы». Дзень Волі ў Варшаве. 26 сакавіка 2022 года.
Фота: Света Фар / Белсат

Пра руплівую працу распавяла нізавая актывістка і праваабаронца Дар’я Чурко. А пачалося ўсё так:

«Я раззлавалася, напісала гнеўны пост у Facebook з нагоды таго, што міжнародная супольнасць не толькі нічога не робіць, але і змушае беларусаў і беларусак выходзіць на вуліцы ў Беларусі. Тым самым яны паказваюць, што не ведаюць кантэксту і не вельмі залучаліся ў сітуацыю. Мне напісала знаёмая, што рыхтуецца петыцыя, і я далучылася. У мяне з’явілася ідэя зрабіць апытанне, каб збіраць інфармацыю пра выпадкі дыскрымінацыі».

На апытанне ўжо адказалі каля 200 чалавек, і ініцыятарка мае аналізаваць папярэднія звесткі:

«Мы збіраем гісторыі, каб потым ужо з імі працаваць. На сёння ў нас ужо 193 адказы. З іх толькі 2 % людзей, якія ніколі не сутыкаліся з дыскрымінацыяй, астатнія ці самі сутыкнуліся з ксенафобіяй, ці былі сведкамі. Больш за 50 % дыскрымінацыйных выпадкаў адбываюцца на тэрыторыі Польшчы».

За некалькі тыдняў працы актывісткі сабралі звесткі пра розныя выпадкі: ад такіх, пра якія ўсе чулі, да такіх, што ад абурэння няма словаў.

«Першы тыдзень мы атрымлівалі паведамленне пра абразы і псаванне маёмасці. Пару гісторыяў было пра фізічны гвалт: ударылі і нават плюнулі ў твар. Гэта не фігура мовы: украінец плюнуў у твар беларусцы, калі даведаўся, што яна беларуска. Праз тыдзень акцэнт змясціўся на тое, што людзям перасталі здаваць кватэры на падставе таго, што ў іх беларускія пашпарты. Разам з гэтым павялічвалася колькасць гісторыяў пра выпадкі падчас дарожнага руху: паказвалі сярэдні палец, падразалі, праколвалі апоны, здымалі нумары, драпалі машыны. Цяпер паболела гісторыяў, як людзям адмаўляюць у банках адкрываць рахункі. Вядома, наўпрост рэдка кажуць, маўляў, вы беларусы, і мы вам не адкрыем. Звычайна людзі падаюць патрэбны пакет дакументаў, і банкаўскі работнік, пабачыўшы беларускі пашпарт, адмаўляецца адкрыць рахунак. Збольшага такое адбываецца ў банках у Польшчы, але здараецца і ў Грузіі», – распавяла Дар’я.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Чарга перад філіялам банку «PKO BP» у Варшаве. 25 сакавіка 2022 года.
Фота: Jacek Szydlowski / Forum

Колькі яшчэ актывісткі будуць збіраць выпадкі дыскрымінацыі, пакуль невядома. Аднак цягам месяца яны будуць гэта рабіць дакладна.

«Калі людзі проста хочуць зафіксаваць факт дыскрымінацыі, яны могуць запоўніць Google-форму. Калі яны хочуць рабіць з гэтым нешта далей, то мы ім дапаможам. У нас ужо ёсць кейс, калі спартоўцам аматарскага роварнага спорту адмовілі ва ўдзеле ў спаборніцтве, бо яны пазначылі ў анкеце, што беларусы. І грошы ім не вярнулі. Мы з імі пайшлі ў польскую юрыдычную ўстанову, якая піша ліст омбудсману пра гэтую гісторыю. Таму, калі людзі гатовыя прыцягваць увагу, хай пішуць мне, мы будзем звяртацца ў омбудсофіс ці ў паліцыю», – падкрэсліла праваабаронца.

Знайсці Дар’ю ў Telegram можна паводле нікнэйму @smthnnpnt.

Цяпер у актывістак збольшага наладжаная праца ў Польшчы ды Грузіі, шукаюць кантакты ахвочых абараняць беларусаў у Літве. Самы складаны напрамак працы – ва Украіне:

«Там усіх беларусаў запар спыняюць на блокпастах. У нас быў выпадак, калі беларускіх валанцёраў затрымалі ва Украіне. Яны гатавалі ежу ды збіралі адзенне для вайскоўцаў і тэрабароны. Потым іх, вядома, адпусцілі».

У сеціве ёсць петыцыя, якая заклікае спыніць нянавісць і дыскрымінацыю да пацярпелых беларусаў за мяжой. А далей актывісткі думаюць звяртацца з ёю да еўрапейскіх палітыкаў і грамадскасці, каб было як мага болей заяваў пра тое, што прыгнёт беларусаў недапушчальны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускі падчас пратэсту супраць вайны. Вільня, Літва. 27 лютага 2022 года.
Фота: КК / Белсат

«На жаль, мне падаецца, што беларусаў будуць прыніжаць і пасля таго, як скончыцца вайна. І гэтых гісторыяў будзе ўсё больш найбліжэйшым часам, бо фактам застаецца тое, што з беларускай тэрыторыі ляцяць ракеты на ўкраінскую тэрыторыю. Таму недзе праз месяц петыцыя і вынікі апытання адправяцца ў польскія органы ўлады і ў еўрапейскія, еўрадэпутатам і еўрадэпутаткам. Каб яны ведалі аб праблеме, мелі яе на ўвазе і рабілі нешта з гэтым», – патлумачыла Чурко.

У выніку такой працы актывістка хацела, каб на ўзроўні еўрапейскіх дзяржаваў і Грузіі прадстаўнікі дзяржавы заяўлялі, што дыскрымінацыя паводле прыкметы грамадзянства недапушчальная. А таксама актывісткі маюць на думцы распрацаваць інструкцыю для мясцовых органаў улады, як працаваць з пацярпелымі ад такога пераследу асобамі.

«Мы хочам, каб у людзей была магчымасць бясплатна звярнуцца па дапамогу і развязаць гэтае пытанне», – звяртае ўвагу Дар’я.

Каб жыць у Польшчы легальна, працаваць і плаціць падаткі, трэба мець жытло, рахунак і працу. А на кожным з гэтых этапаў беларусы сутыкаюцца з тым, што іх звальняюць ці адмаўляюць у працы, жытле, банкаўскіх паслугах.

«Я хачу, каб былі публічныя заявы і публічныя палітычныя заклікі спыніць дыскрымінацыю», – падагуліла актывістка.

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў