У 20 краінах свету адбыўся забег пад нацыянальным беларускім сцягам


Каля сотні беларусаў з 40 гарадоў 20 краін свету прынялі ўдзел у «Вольным забегу». Імпрэза прайшла ў трэці раз. Прымеркаваная яна да Дня Волі. Бегчы можна любую дыстанцыю, з любым тэмпам, але – з нацыянальным сцягам і Беларуссю ў сэрцы.

Найбольшую дыстанцыю – 30 км – прабеглі Дар’я Антановіч і Кацярына Собалева ў Чыкага.
Фота: runbnr.org

Ідэя правядзення «Вольнага забегу» нарадзілася ў гонар стагоддзя БНР у 2018 годзе.

Удзел у ім бяруць аматары, пачаткоўцы і профі – беларусы з усяго свету. Аб’ядноўвае іх «любоў да Беларусі, нашых нацыянальных сімвалаў і… гатовасць да перамогаў, асабістых і супольных».

У гэтым годзе да забегу далучыліся беларусы з Аўстраліі, Бразіліі, Вялікай Брытаніі, Іспаніі, ЗША, Італіі, Канады, Катару, Латвіі, Літвы, Нарвегіі, Нідэрландаў, Нямеччыны, Партугаліі, Польшчы, Украіны, Францыі, Чэхіі і Новай Зеландыі.

Дзяніс Дывадаў з Рыгі, напрыклад, прабег на мапе 12-кіламетровую Пагоню. У Катары Павел Чумакоў пераадолеў 5 км пры тэмпературы +35 °С. Самыя масавыя забегі прайшлі ў ЗША.

Але несумнеўныя героі забегу – беларусы Беларусі.

«У першую чаргу хачу адзначыць беларусаў у Беларусі, якія далучыліся да імпрэзы, хоць вядома, што браць на прабежку сцяг і фатаграфавацца з ім цяпер – небяспечна. Гэтым людзям асаблівы рэспект. А таксама ўсім, хто далучыўся і быў у гэты час сэрцам бліжэй да Беларусі» – кажа беларус з Польшчы Дзмітрый Ягораў.

Ён прыдумаў і арганізаваў забег разам з беларускай з Бразіліі Вольгай Франко.

Толькі паводле публічных допісаў акцыі з вынікамі трэкераў арганізатары налічылі 364 км. І гэта нягледзячы на тое, што не ўсе ахвотныя змаглі паўдзельнічаць у імпрэзе праз пандэмію і каранцінныя абмежаванні. Улічваючы звесткі з рэгістрацыі на сайце, гэтая лічба можа быць нашмат большай.

Арганізатары абяцаюць, што ў 2022 годзе таксама зладзяць «Вольны забег» і што «будзе крута».

AB belsat.eu

Стужка навінаў