Перакрыты Суэцкі канал: што здарылася і як хутка адновіцца марскі трафік


Кантэйнеравоз «Ever Given» у Суэцкім канале.
Фота: MOHAMED ABD EL GHANY / Reuters / Forum

З 23 сакавіка сотні судоў чакаюць праходу праз Суэцкі канал – самы кароткі шлях з Індыйскага акіяну ў Атлантычны. Канал быў перакрыты кантэйнеравозам «Ever Given», які захрас упоперак рэчышча. Сёння карабель урэшце знялі з плытчыні, але як хутка адновіцца рух, пакуль не вядома.

У чым праблема выцягнуць карабель, і як сітуацыя паўплывае на індустрыю марскіх перавозаў?

Амаль тыдзень працягваліся спробы скрануць з месца кантэйнеравоз, які ішоў з Кітаю ў Нідэрланды.

Канал шырынёю 250 метраў перагарадзіў карабель даўжынёю 300 метраў, што можа каштаваць сусветнаму гандлю стратамі $ 5–10 млрд за дзень.

Варта адзначыць, што мы слаба сабе ўяўляем маштабы караблёў гандлёвага флоту. Проста «разгрузіць з берагу» і «мацней штурхануць» – не атрымаецца.

Адзін TEU.
Фота: Wikipedia

«Ever Given» можа перавозіць 20 тыс. TEU (стандартных 20-футавых кантэйнераў для тавараў) і адносіцца да класу ULCS – Ultra-Large Container Ship. Гэта параўнальна для нас, жыхароў краіны без выхаду да мора, недзе 10 тыс. аўтафураў ці дзясяткам чыгуначных эшалонаў.

Умоўна кажучы, толькі адзін такі карабель перавозіць столькі кантэйнераў, колькі ўся Беларуская чыгунка з усімі яе лініямі, улічваючы транзіт, можа прапусціць праз сябе прыкладна за два тыдні ва ўсіх кірунках. У 2019 годзе ў кантэйнерах беларускаю чыгункаю перавезлі 732 тыс. TEU.

З Еўропы і краінаў Міжземнага мора праходзіць у Азію і наадварот (пераважна Суэцкім каналам) каля 23 млн TEU за год. Праз Суэцкі канал праходзіць каля 12 % усіх грузаў сусветнага гандлю.

Зараз каля 450 караблёў чакаюць праходу праз Суэцкі канал, іншыя ўжо паплылі больш доўгім шляхам вакол Афрыкі.

Кожную гадзіну праз свабодны канал праходзілі тавары прыкладным коштам $ 400 млн. Агулам за дзень праз яго праходзіла тавараў на $ 5,1 млрд на захад і на $ 4,5 млрд на ўсход, піша «Bloomberg», спасылаючыся на звесткі брытанскай фірмы «Lloyd’s».

Затор вакол Суэцкага каналу можа захоўвацца тыднямі, што паўплывае на працу тысяч кампаніяў і прадпрыемстваў.

РЛ belsat.eu

Стужка навінаў