«Мы былі не людзі, а яны пачуваліся багамі». Гісторыя №16 праекту «Мне яшчэ пашанцавала»


Публікуем гісторыі белсатаўскага праекту, прысвечанага пацярпелым ад дзеянняў сілавікоў.

Дзяніс.
Фота: Белсат

Відэа з Дзянісавым затрыманнем абляцела ўсе сацыяльныя сеткі яшчэ да таго, як ён апынуўся на волі. Мужчына разам з іншымі байкерамі сабраўся папіць кавы ў сталічным раёне Уручча, але месца, куды яны хацелі пайсці, было зачыненае. Тады кампанія вырашыла паехаць у іншую кавярню. Яны праехалі літаральна колькі метраў, як перад імі з’явілася машына ДАІ. Выскачылі людзі ў форме ДАІ, сталі забіраць ключы і крычаць, каб усе злезлі з матацыклаў. Адзін даішнік дастаў табельную зброю. Дзяніс да апошняга быў упэўнены, што тыя правераць дакументы і адпусцяць, але дакументы нікога не цікавілі.

Матацыклісты селі на бардзюр, іх сталі збіваць. Потым начапілі кайданкі ды адвезлі на аўтамабілях ДАІ ў Першамайскае УУС Менску. Там завялі ў спартовую залу, прымусілі ўкленчыць і ўперціся лбом у падлогу. Крычалі: «Колькі вам плацяць?» На сцверджанні Дзяніса, што ён не быў ні на якім мітынгу, гучаў адказ: «Ты трапіў не ў той час не ў тое месца». Амаль содні прабыў ён у аддзяленні міліцыі.

Калі на Акрэсціна людзей размяркоўвалі па камерах і прагулачных дворыках, Дзяніса некалькі разоў ударылі – так супрацоўнікі падганялі затрыманых. Ён трапіў у дворык з больш як сотняй іншых мужчынаў. За сцяной былі чуваць гукі збівання і крыкі: «Я люблю АМАП!» За содні на паўтары сотні чалавек з ягонага дворыку выдалі два боханы хлебу. Увесь гэты час Дзяніс правёў на нагах.

На судзе Дзяніса абвінавацілі ў тым, што ўдзельнічаў у мітынгу, – у іншым месцы. «Крычаў «Жыве Беларусь», «Вусаты прусак». На аргументы Дзяніса пра тое, што затрымалі яго ў іншым месцы, пра што нават у інтэрнэце ёсць відэа, адказалі стандартна: «Няма падставаў не давяраць работнікам міліцыі». Судовая пастанова – 6 содняў арышту.

Малюнак Дзяніса.
Фота: Белсат

Пазней Дзяніса з іншымі затрыманымі вывелі ў двор, бо планавалі перавозіць. Мужчына ніколі не чакаў аўтазака гэтак моцна, як у той дзень. Ён марыў хутчэй легчы на нары і адпачыць.

Этапавання яны так і не прычакалі, і пад ноч Дзяніса з іншымі выпусцілі з Акрэсціна. Аднак выходзіць было страшна – ён не ведаў, што там чакае, «можа, яшчэ ў якія аўтазакі пасадзяць і яшчэ кудысьці павязуць».

Усе гісторыі праекту «Мне яшчэ пашанцавала» чытайце, глядзіце і слухайце тут.

Стужка навінаў