Хочацца жыць у свабоднай краіне. Навошта беларускія айцішнікі пераязджаюць у Польшчу?


Польшча актыўна прыцягвае беларускіх IT-спецыялістаў. Урад распрацаваў спецыяльную праграму «Poland Business Harbour», якая прадугледжвае лёгкую легалізацыю і падатковыя ільготы беларускім айцішнікам. На сярэдзіну лютага 2021 года паводле гэтай праграмы выдалі 2,5 тысячы візаў. Belsat.eu пагаварыў з беларусамі, якія вырашылі пераехаць у Польшчу, пра ўмовы працы, стан IT у Беларусі і розніцу ў заробках.

Настасся, пераехала ў Познань, бо «не хацела плаціць падаткі гэтаму рэжыму»

Настасся ўжо амаль год займаецца «GameDev». Яна малюе мабільныя гульні для швейцарскай кампаніі. Паводле адукацыі дзяўчына – мастачка, скончыла Акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці «лічбавы дызайн». Сем месяцаў па размеркаванні працавала ў тэатры за 280 рублёў.

Даведка

«Праца была файная, але за гэтыя грошы я нават кватэру зняць не магла! Таму вырашыла пайсці ў больш прыбытковую сферу», – тлумачыць нашая гераіня.

Настасся з дзяцінства захаплялася камп’ютарнымі гульнямі, і таму вырашыла навучыцца іх маляваць. Але ведаў з Акадэміі мастацтваў ёй не хапала, шмат прышлося засвойваць самастойна. «Мне трэба было цалкам прыгадваць праграму па анатоміі чалавека, дадаткова праходзіла курсы па 3D. Увогуле сфера хутка мяняцца, таму пастаянна трэба павышаць кваліфікацыю. Цікава, што я згубіла ўсё, чаму навучылася ў Акадэміі – пейзаж ужо не намалюю», – тлумачыць Настасся.

Пераехаць яна вырашыла пасля выбараў. Прычына празаічная: не хацела карміць рэжым і даўно марыла пажыць у свабоднай краіне.

«Я працавала ў Беларусі як ІП, а плаціць падаткі такой дзяржаве не хацелася. На чорную працаваць таксама быў не варыянт», – кажа Настасся.

Геймдызайнерка Настасся.
Фота: архіў гераіні

У горад Познань, што на захадзе Польшчы, Настасся прыехала паводле гуманітарнай візы. Цяпер яна афармляецца як ІП праз бізнес-інкубатар і працягвае супрацоўнічаць з той жа швейцарскай фірмай.

«У выніку я буду плаціць 8,5 % адпрыбытковага падатку, але бальнічныя, адпачынкі і іншыя сацыяльныя паслугі будуць толькі паводле дамоўленасці з працадаўцам. Я ж працую як фрылансерка», – тлумачыць дзяўчына.

Настасся прызнаецца, што праз пераезд яна страціла ў грошах. У Беларусі яна не плаціла за кватэру і харчы, мала выдаткоўвала на праезд. Але таму і ўдалося назапасіць сур’ёзную падушку бяспекі.

«Пераезд абышоўся мне ў сур’ёзную капейчыну – з пералётам, з кватэраю, з штукамі для дому, маніторам для працы, ежаю і вопраткаю – 2300 еўраў», – гаворыць яна.

Агулам уражанні ад Польшчы ў дзяўчыны вельмі пазітыўныя.

«Тут лепей ставяцца да архітэктурнай спадчыны, прыемна глядзець на вуліцы гарадоў. Транспарт у тысячы разоў лепшы. Я нават магу купіць квіток праз тэлефон! Веганская ежа прадаецца ў любой краме за звычайныя грошы. Зручна жыць!»

Дзяніс Брэк, жыве ў Варшаве. «Тут адчуваецца свабода»

Дзяніс Брэк праграмуе на iOS для беларускай кампаніі. Займаецца распрацоўваннем аплікацыі для грамадскага транспарту. Але ўжо чацвёрты месяц ён жыве ў Варшаве. Яго затрымалі 10 жніўня, тры дні ён правёў у турме – нават паспеў пабываць у Слуцкім канцлагеры. Там Дзяніс прайшоў праз розныя віды катаванняў.

Як толькі ён вызваліўся, то адразу напісаў заяву ў Следчы камітэт на тых, хто яго затрымліваў. Але крымінальнай справы так і не завялі.

Hавiны
Апублікаваныя фота лагеру для пратэстоўцаў. Пад Слуцкам хацелі прыняць 2000 чалавек
2021.01.26 11:58

Як толькі мяжу адкрылі, Дзяніс з’ехаў у Варшаву паводле турыстычнай візы. Але хутка мусіў вярнуцца дадому – канчаўся тэрмін дзеяння візы.

«Калі праходзілі пашпартны кантроль, то ўзніклі пытанні да мяне. Маўляў, на мне камп’ютар завіс. Памежнікі ў вялікай колькасці збіраліся, рабілі поўны дагляд. Задавалі дзіўныя пытанні. Два разы з сабакамі абшуквалі аўтобус», – прыгадвае ён.

Даведка

У Беларусі Дзяніс хутка зрабіў візу з дапамогаю праграмы «Poland Business Harbour» і вярнуўся ў Варшаву. PBH – гэта віза для IT-адмыслоўцаў. Трэба мець тэхнічную адукацыю або год працы ў сферы. Каб прыехаць з такой візай в Польшчу, не патрэбны кантракт з мясцовай кампаніяй. Дастаткова паказаць свой дыплом або досвед у працы.

Пакуль што Дзяніс працягвае супрацоўнічаць са сваёй беларускай кампаніяй. Падаткі таксама плоціць у Беларусі.

«Сказалі, што праз паўгода я стану падатковым рэзідэнтам. Ну, і спадзяюся, што за гэты час сітуацыя зменіцца, і я здолею вярнуцца дадому», – кажа наш герой.

Варшаву Дзяніс выбраў хутчэй з субʼектыўных прычынаў. Яшчэ яму спадабаўся Гданьск. Але пакуль што вырашыў жыць у сталіцы.

Дзяніс Брэк на фоне Палацу культуры і навукі – аднаго з сімвалаў сталіцы Польшчы.
Фота: архіў героя

«Першае, што кінулася ў вочы па прыездзе, – каронавірусныя абмежаванні. У Беларусі не было аніякіх захадаў для стрымання пандэміі. А тут усё не так, прычым абмежаванні паступова ўводзіліся. Цікава, што тут адкрытая інфармацыя, ды людзі падтрымліваюць локдаўн», – кажа ён.

Прызнаецца, што толькі ў Польшчы ён здолеў вярнуцца ў звычайны псіхалагічны стан.

«У мяне па прыездзе быў цяжкі маральны стан, але тут адчуваецца свабода, адпусціла трывожнасць. У Беларусі было цяжка працаваць, бо не адпускалі думкі, што ў любы момант могуць забраць. Тут такога няма. У Польшчы я хадзіў на маршы Strajku Kobiet і заўважыў вялікую розніцу: паліцыя сочыць, каб не было аніякіх інцыдэнтаў. Займаецца падтрыманнем, а не разгонамі. Гэта, канечне, вялікая розніца. Цікава сачыць, як адрозніваецца падыход да дробнага бізнесу. Тут у кожным доме па некалькі пякарняў, кавярняў, рэстаранчыкаў».

Дзяніс не выключае, што вернецца ў Беларусь.

«Усе залежыць ад часу, які спатрэбіцца на перамогу. Калі год-два, то я вярнуся. Я толькі ў Менску паспеў кватэру пабудаваць ды пачаў рамонт рабіць. А тут усё рэзка змянілася. Калі перамога зацягнецца, то трэба будзе іншае думаць. Я не ўпэўнены, што застануся ў Варшаве, разглядаю і іншыя гарады і краіны. Мне па стане здароўя больш марскі клімат пасуе. Таму як усё адчыніцца, то я пагляджу, якія яшчэ ёсць варыянты».

Францішак Дзядоў, жыве ў Вроцлаве. «Тое, што цяпер адбываецца, – гэта вынішчэнне IT-сектару»

У адрозненне ад нашых іншых герояў, Францішак Дзядоў вырашыў зʼехаць яшчэ да выбараў. Хлопец працаваў праграмістам у аўтсорсінгавай кампаніі ў Менску, паралельна займаўся палітычным актывізмам – быў сябрам Абʼяднанай грамадзянскай партыі.

«Рашэнне пераехаць узнікла ад адчування безвыходнасці, адчування, што ты змагаешся з ветракамі, і нібыта гэта нікому не патрэбна, апроч цябе. Летам 2019 года я вырашыў зʼехаць, як толькі скончыцца маё размеркаванне», – кажа Францішак.

Францішак Дзядоў.
Фота: архіў героя

Выбраць краіну для пераезду было проста: хлопец меў карту паляка. Размеркаванне скончылася ў жніўні 2020 года, а ў сярэдзіне ліпеня 2020 года ён паехаў у Варшаву «на разведку».

«Я зняў кватэру на два тыдні, і пакуль сядзеў каранцін, актыўна шукаў працу. У выніку цягам двух тыдняў я ўжо меў некалькі прапановаў. А на другі тыдзень жніўня я пачаў працаваць. Кампанія была з Вроцлава. Хоць праца дыстанцыйная, але я вырашыў пераехаць у гэты горад».

Францішак кажа, што асабліва не заўважае розніцы паміж польскім і беларускім IT. Маўляў, занадта мала досведу, каб параўновываць. Галоўная розніца – магчымасць выбіраць кантракт.

«Тут ёсць umowa o pracę – аналаг звычайнага беларускага кантракту. Мне ж прапанавалі дамову B2B, прыйшлося адкрыць гаспадарчую дзейнасць. Я болей атрымоўваю на рукі, але маю сацпакет, гарантаваны не законам, а працадаўцам. Але з гэтым усё добра, бо так працуе рынак».

Францішак Дзядоў на акцыі салідарнасці з Беларуссю.
Фота: архіў героя

Францішак мяркуе, што працы для праграмістаў у Польшчы столькі ж, як і ў Беларусі. Таксама шмат кампаніяў працуюць на заходні рынак, пераважна на Штаты, Англію, Аўстралію, Нямеччыну. Заробак таксама аднолькавы. Але кошты ў крамах меншыя, таму не асабліва ты і губляеш у грошах.

«Калі айцішнік пераязджае, то пытанне не грашовай выгады, а асяроддзя. Але сярэдні паляк лепей зарабляе за сярэдняга беларуса», – кажа хлопец.

Прызнаецца, што ўжо амаль прызвычаіўся ў Вроцлаве. Кажа, што як толькі прыехаў, было адчуванне адпачынку. Потым – нібыта глеба пачала з-пад ног выходзіць, узнікла пачуццё непрыналежнасці. А потым наадварот – адчуванне роднасці. Цяпер жа ўсё змяшалася.

«Я думаю, што беларускія айцішнікі паедуць у Польшчу. Няясна, што з ПВТ. Але і нестабільная сітуацыя можа вельмі моцна ўдарыць па сферы, кампаніі будуць з’язджаць, вакансіяў будзе меней. І самім кампаніям цяжка наймаць супрацоўнікаў, бо могуць забраць чалавека разам з камп’ютарам, на якім важная інфармацыя. Значна прасцей жыць стабільна за мяжой. Калі тое, што адбываецца цяпер, надоўга зацягнецца, то гэта будзе вынішчэнне сферы ў Беларусі. Нягледзячы на тое, што айцішнікам было лепей працаваць. Але доўга гэта не магло цягнуцца. За дыктатуру прыходзіцца расплочвацца».

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Стужка навінаў