«Гэта трызненне нейкае». Супраць падлетка, хворага на эпілепсію, распачалі новую справу за напад на канваіра


Супраць 16-гадовага палітвязня Мікіты Залатарова распачалі новую крымінальную справу. Нібыта Мікіта напаў на канваіра. Справу распачалі па артыкуле 364 Крымінальнага кодэксу – гвалт над супрацоўнікам, – паведамляе «Свабода».

Мікіту Залатарова затрымалі 11 жніўня 2020 году. Міліцыя абвінаваціла яго ва ўдзеле ў «масавых беспарадках» і незаконных дзеяннях з гаручымі рэчывамі («кактэйлі Молатава»). Суд пакараў Мікіту калоніяй на 5 гадоў.

Падчас прысуду хлопец крычаў «Выпусціце мяне адсюль!» МІкіта хварэе на эпілепсію.

І вось зараз – новая справа.

Пільна!
Сілавікі супраць школьнікаў: як падлеткі трапляюць пад рэпрэсіі
2020.11.12 08:25

Міхаіл Лапуноў, бацька Мікіты, распавёў, што тыдзень таму яго выклікалі ў СІЗА як законнага прадстаўніка Мікіты:

«Сын нібыта напаў на канваіра, зрабіў яму падсечку і пачаў душыць. Мікіта кажа, што не рабіў гэтага! Гэта проста трызненне нейкае. Мікіта мае вагу 45 кілаграмаў – як ён мог напасці на здаровага канваіра, прычым іх жа водзяць у кайданках?»

Сын скардзіўся бацьку, што не можа дапрасіцца лекаў ад эпілепсіі. А яны яму неабходныя, ён мусіць іх прымаць рэгулярна.

«Калі ён прапускае прыём – то могуць пачацца змены ў паводзінах! Я прашу яго: «Сыночак, яны будуць цябе правакаваць – трымай сябе ў руках!«. Яму не даюць спуску – увесь час прэсуюць, чапляюцца да кожнай дробязі. Ён на гэтых следчых дзеяннях быў з паголенай галавой. Я яго раздзеў, агледзеў. Гематомы былі на губе і на шыі», – расказаў Міхаіл Лапуноў.

Ён кажа, што сын у прыгнечаным стане, бо «ўвесь час ідзе псіхалагічны ціск».

«Сядзіць у адзіночнай камеры. Гэта проста край! Нібыта небяспечны злачынца…», – дадаў тата.

Раней Мікіта скардзіўся, што міліцыянты і супрацоўнікі ізалятара яго білі. На судзе ён заяўляў, што яму не даюць лекаў і кажуць: «Ты палітычны, здохнеш».

Мaю прaвa
Ахоўнік СІЗА сказаў: «Ты палітычны, ты тут здохнеш!»
2021.03.19 19:05

Разам з Мікітам па справе праходзілі жыхар Гомельскага раёну Леанід Кавалёў і жыхар Добрушу Дзмітрый Карнееў.

Суд пакараў Мікіту Залатарова калоніяй на 5 гадоў, Дзмітрыя Карнеева – на 8 гадоў, Леаніда Кавалёва – на 6 гадоў.

Усе трое, па словах пракурора, адрэагавалі на заклікі з тэлеграм-каналаў і таму ўзялі ўдзел у «масавых беспарадках», якія суправаджаліся «пагромамі, падпаламі, збройным супрацівам прадстаўнікам улады».

AB, belsat.eu

Стужка навінаў