233-ці дзень пратэстаў. Абвінавачванне Ціханоўскай, улады пашырылі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў


У Беларусі паслявыбарчыя пратэсты працягваюцца 223 дні. «Белсат» падводзіць вынікі гэтага дня.

Генпракуратура абвінаваціла Ціханоўскую ў рыхтаванні тэракту

Генеральная пракуратура Беларусі завяла справу ў дачыненні Святланы Ціханоўскай. Экс-кандыдатку на прэзідэнцтва абвінавачваюць у рыхтаванні акту тэрарызму.

Крымінальную справу паводле арт. 289 КК («Рыхтаванне тэракту») завялі ў дачыненні Святланы Ціханоўскай ды ініцыятывы «ByPol».

«Названыя асобы некалькі дзён таму спрабавалі зрабіць выбухі і падпалы на тэрыторыі сталіцы і іншых гарадоў. Затрыманы з доказамі злачынства грамадзянін Маляйчук ужо даў паказанні пра арганізатараў і ўдзельніках тэракту», – заявіў генеральны пракурор Андрэй Швед.

Святлана Ціханоўская.
Фота: tsikhanouskaya / Telegram

Генпракурор таксама ўдакладніў, што «ў планы арганізатараў уваходзіла абвінаваціць прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады ў здзяйсненні дзеянняў, якія ствараюць небяспеку гібелі людзей».

«Проста над жартамі пра Ніка і Майка больш ніхто не смяецца, таму Генпракуратура прапануе новы мем», – так пракаментавалі крымінальную справу за нібыта рыхтаванне Святланай Ціханоўскай тэрактаў у яе прэсавай службе.

Hавiны
Генпракуратура абвінаваціла Ціханоўскую ў рыхтаванні тэракту
2021.03.29 18:11

Журналіст Павел Мажэйка на волі

Журналіст «Белсату» Павел Мажэйка на волі. Яго вызвалілі пасля 72 гадзінаў арышту, паведамляе наш карэспандэнт. Ён не даваў падпіскі аб нявыездзе.

Журналіст Павел Мажэйка.
Фота: Белсат

«Практычна ўвесь тыдзень вялося разбіральніцтва, прыходзілі міліцыянты, фатаграфавалі выставу Алеся Пушкіна. 26 сакавіка папрасілі на 2 гадзіны забегчы ў райаддзел міліцыі. На ўваходзе адразу ўзялі мяне пад варту, павялі ў пракуратуру, там бралі тлумачэнні адносна выставы, але я так разумею, што на стале ўжо ляжала пастанова аб завядзенні крымінальнай справы», – распавёў Павел Мажэйка.

З 26 да 29 сакавіка журналіста трымалі ў гарадзенскай турме.

Пракуратура Горадні 26 сакавіка распачала крымінальную справу ў дачыненні кіраўніка прыватнай установы «Цэнтр гарадскога жыцця» і журналіста «Белсату» Паўла Мажэйкі ды мастака Алеся Пушкіна, а таксама іншых асобаў за здзяйсненне наўмысных дзеянняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызму, паводле ч. 3 арт. 130 КК. Паўла Мажэйку выклікалі на допыт і затрымалі.

Hавiны
Прадпрыемствам дазволяць звальняць працаўнікоў за заклікі да палітычных забастовак
2021.03.29 09:20

 

У Беларусі цяпер 322 палітвязні

Праваабаронцы Беларусі лічаць пераслед Максіма Ялканава, Радзіона Медушэўскага, Віктара Таўгеня, Ігара Лаптановіча, Мікіту Дранца, Паўла Шпетнага, Данілы Чуля, Аляксандра Казлянкі, Андрэя Марача, Аляксея Галаўко, Івана Соўпеля, Андрэя Хвескаўца, Аляксандра Шандыбы, Сяргея Шаламіцкага, Аляксандра Шаламіцкага, Льва Цяліпкі, Якава Шафарэнкі, Данілы Бандарука, Паўла Мазько, Іллі Піражкова, якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя паводле ч. 2 арт. 293 КК («Масавыя беспарадкі») і паводле ч. 1 арт. 342 КК («Групавыя дзеянні, груба парушаючыя грамадскі парадак») палітычна матываваным у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і прызналі затрыманых палітычнымі зняволенымі.

Праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць з-пад варты палітвязняў і спыніць іх крымінальны пераслед.

Бабарыка заклікаў стварыць партыю «Разам»

Каманда экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Беларусі, былога кіраўніка «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыка апублікавала ягоны зварот са следчага ізалятару.

Журналіст Павел Мажэйка.
Фота: Белсат

Палітык заклікаў не спыняцца на паўдарозе і стварыць партыю «Разам».

«Я ніколі не быў ні ў якой партыі і не думаў, што такая форма аб’яднання людзей мае права на існаванне ў XXI стагоддзі. Але беларусы паказваюць, што я не меў рацыю. Нам патрэбная партыя. Але партыя не як самамэта, а як найбольш эфектыўны інструмент дасягнення нашай перамогі», – заявіў ён.

Hавiны
Віктар Бабарыка з вязніцы зноў заклікаў стварыць партыю «Разам»
2021.03.29 10:42

СК belsat.eu

 

Стужка навінаў