Кіраўнік Дзяржпагранкамітэту назваў нацыянальны сцяг Беларусі «бэчэбэшнай анучай»


Старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэту Анатоль Лапо ў эфіры БТ назваў нацыянальны сцяг Беларусі «бэчэбэшнай анучай». Гэтыя ягоныя словы прагучалі падчас размовы пра сітуацыю на мяжы з Украінай.

Бел-чырвона-белы сцяг на ўкраінскім пункце пропуску на мяжы з Беларуссю.
Фота: atnbtrc / YouTube

Кіраўнік Дзяржпагранкамітэту Анатоль Лапо паскардзіўся на правакацыі на мяжы, якія нібыта ладзяць украінцы: палёты беспілотнікаў, крадзеж памежных слупоў, раскіданне ўлётак, абразы. У гэтым пераліку апынуўся і бел-чырвона-белы сцяг, які вывесілі на ўкраінскім пункце пропуску.

«Вось вазьміце: у пункце пропуску вісіць нацыянальны сцяг украінскі і павесілі яшчэ бэчэбэшную анучу. Ну навошта? Вядома, гэта дзейнічае псіхалагічна, але мы да гэтага гатовыя», – заявіў Лапо ў дзяржаўным тэлеэфіры.

Таксама ён абвінаваціў суседнія еўрапейскія краіны ў чэргах на мяжы. Літва, Латвія і Польшча нібыта не выконваюць нормы прыёму аўтамабіляў.

«Калі паводле дамоўленасцяў трэба прыняць 500 машын, прымаюць 100-200. Мы афармляем машыну 2-3 хвіліны, яны – 20-30. Пакутуюць простыя людзі», – паскардзіўся кіраўнік Памежнага камітэту.

Ён заявіў, што гэтак суседзі помсцяць Беларусі за «бязвіз і за добрыя пачынанні, якія мы робім».

Hавiны
20 гадзінаў чакання. Ці зменшацца чэргі на мяжы Беларусі з Польшчай?
2023.01.14 10:00

Анатоль Лапо таксама даў зразумець, што беларускія памежнікі і надалей не збіраюцца спыняць мігрантаў, якія намагаюцца трапіць у Еўразвяз. Гэтых людзей паклікалі ў ЕЗ ды падманулі, сказаў генерал.

«Колькі разбурана дамоў, людзям жа трэба дзесьці жыць. Еўрапейцы іх паклікалі. Натуральна, яны ідуць туды. Але іх падманулі. Іх назад выкідваюць. Праз Беларусь ідзе маленькая доля міграцыі. І яна будзе датуль ісці, пакуль гэтыя людзі не знойдуць, дзе ім жыць, дзе можна элементарна пракарміць дзіця», – мяркуе Лапо.

Ён прывёў у прыклад Сірыю, адкуль уцякаюць людзі.

«Якая краіна была багатая! Але яе ж разбурылі. Вазьміце Ірак. Людзі жылі нябедна. Дабро забралі, сабе прысвоілі, і яны цяпер ідуць да іх. Яны ні на што не прэтэндуюць: проста на дах над галавой і на кавалак хлеба. Едуць з Іраку, Афганістану, Сірыі, Лівіі, Самалі. Дзе заходнія, амерыканскія дэмакратыі пабывалі, дзе ўсё разбурылі, усё багацце разрабавалі, вось гэтыя людзі ідуць», – растлумачыў беларускі генерал.

Міграцыйны крызіс выбухнуў на мяжы Беларусі з краінамі ЕЗ у 2021 годзе. Польшча, Літва і Латвія вінавацяць у гэтым цяперашнія ўлады ў Менску. Краіны Еўразвязу адгароджваюцца ад Беларусі платамі і дротам, на мяжы з Польшчай працуе толькі два пункта пропуску, з Украінай – закрытыя ўсе.

Hавiны
Анатоль Лапо паскардзіўся, што ўкраінцы выставілі на мяжы з Беларуссю пудзіла ў расейскай форме
2022.10.30 22:03

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў