«Яскравы цвік у імідж мача». Колькі каштавала Беларусі адмена чэмпіянату свету?


Лукашэнка на лаве запасных.
Фота: president.gov.by

За мінулы тыдзень у Беларусі забралі права на правядзенне двух спартовых турніраў. І пакуль улады абураюцца гэткім фактам, мы паглядзелі, ці магло гэта ўвогуле быць выгадным нашай краіне.

Не толькі хакей

Праблемы з буйнымі спартовымі спаборніцтвамі ў Беларусі пачаліся яшчэ летась. І зусім не з палітычных прычынаў.

У кастрычніку 2020 года ў Беларусі забралі Сусветную шахматную алімпіяду (у снежні яе перадалі Расеі). Прычына – Міністэрства спорту нашай краіны адмовілася падаваць неабходныя авансавыя плацяжы ды страхаванне. У ведамства проста не было неабходных на гэта сродкаў.

Як распавяла старшыня Беларускай федэрацыі шахматаў Настасся Сарокіна, за адмову прыняць турнір пагражалі штрафныя санкцыі «з шасцю нулямі», якія беларускія перамоўнікі разлічвалі мінімізаваць, не даводзячы справу да суда.

Hавiны
Беларусь пазбавілі права правядзення чэмпіянату свету па хакеі
2021.01.18 18:42

Але калі на шахматы ў Беларусі грошай не было, то за любімы від спорту Аляксандра Лукашэнкі дзейныя ўлады Беларусі змагаліся да апошняга. Тым не менш 18 студзеня Міжнародная федэрацыя хакею (IIHF) скасавала правядзенне чэмпіянату свету ў беларускай сталіцы. Першынство мела адбыцца ў Рызе і Менску з 21 траўня да 6 чэрвеня 2021 года.

А 22 студзеня Міжнародны саюз сучаснага пяцібор’я забраў у Беларусі і права на правядзенне чэмпіянату свету ў гэтай галіне. У абодвух выпадках прычынай адмены былі грамадска-палітычная сітуацыя і становішча з пандэміяй каронавіруса ў нашай краіне.

Hавiны
У Менску забралі чарговы чэмпіянат свету
2021.01.22 18:28

Існуе імавернасць адмены і іншых спартовых турніраў, запланаваных у Беларусі ў 2021 годзе. Да гэта ўжо заклікаюць некаторыя тэлеграм-каналы.

Колькі Беларусі каштуюць спартовыя турніры?

Апошнім часам Беларусь падавала шмат заявак на правядзенне розных міжнародных спаборніцтваў. Хоць, як бачым з сітуацыі з шахматнай алімпіядаю, на гэта не заўсёды ёсць грошы. Адсутнасць сродкаў не перашкаджала Лукашэнку замахвацца нават на Алімпійскія гульні. Але, як паказвае досвед, гэта ўсё вельмі дорага каштуе Беларусі.

Лукашэнка падчас хакейнага турніру разам з Дзмітрыем Баскавым.
Фота: president.gov.by

Паводле ацэнкі TUT.by, мінулы хакейны чэмпіянат свету, які праходзіў у Менску ў 2014 годзе, каштаваў беларускаму бюджэту прыблізна $ 700 млн. А зарабіла Беларусь на ім толькі $ 50–80 млн. У тым ліку і таму, што на час турніру бязвізавым уездам у нашую краіну скарысталіся толькі 31 тыс. замежнікаў (без уліку расейцаў), што было амаль незаўважна на гадавой статыстыцы.

Варта адзначыць, што падчас рыхтавання да ЧС-2014 у Беларусі шмат было ўкладзена ў інфраструктуру: пабудавалі лядовую арэна ў менскай Чыжоўцы, шэраг гатэляў і гэтак далей. Праўда, некаторыя з даўгабудаў, якія планавалася адкрыць да турніру, дасюль так і не запрацавалі, як, напрыклад, цяпер ужо былы гатэль «Kempinski» ў самым цэнтры беларускае сталіцы.

Не можа пахваліцца фінансавымі поспехамі і правядзенне ў 2019 годзе ў Менску Другіх Еўрапейскіх гульняў. Паводле першага віцэ-прэм’ера Аляксандра Турчына, Беларусь выдаткавала на іх Br 840 млн, або каля $ 400 млн. Колькасць даходаў не называецца, але вядома, што, напрыклад, замежных турыстаў прыехала ўтрая менш, чымся на ЧС-2014.

Колькі ўжо заплаціла Беларусь?

Падчас рыхтавання да мінулых турніраў у Беларусі ўжо была разбудаваная спартовая ды іншая інфраструктура. Так што ЧС-2021 мусіў абысціся нашай краіне нашмат танней. Дый Латвія, якая была суарганізатаркаю новага чэмпіянату, мусіла ўзяць частку выдаткаў на сябе.

Паводле тэлеграм-каналу «Ник и Майк», Беларусь у часе рыхтавання ЧС-2021 уклала $ 12 млн у мадэрнізацыю «Менск-Арэны». Адна замена куба, тэндар паводле якой прайшоў у самы канцы снежня 2020 года, каштавала бюджэту $ 2,7 млн. Акрамя таго, заяўляецца, што Беларусь незваротна выдаткавала амаль $ 300 тыс. беспасярэдне на арганізацыю турніру.

Літва можна прыняць менскую частку ЧС па хакеі
Чэмпіянат свету ў Менску.
Фота: iihf.com

Таксама нашая краіна, імаверна, была гатовая ўкласці яшчэ амаль $ 9,5 млн, калі давядзецца праводзіць імпрэзу без гледачоў і больш за $ 12,7 млн – калі з гледачамі. То бок агульная сума выдаткаў магла даходзіць да $ 25 млн. Пры гэтым выручка ад продажу квіткоў, паводле афіцыйнага прагнозу, павінна была скласці $ 11,5 млн.

У каментары belsat.eu прадстаўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Анатоль Котаў, які раней займаў пасады генеральнага сакратара Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі ды намесніка дырэктара фонду «Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года», пагадзіўся з такой ацэнкаю выдаткаў і дадаў: «Пацярпелы імідж улады каштуе такіх грошай».

Пяціборства як «значна менш затратнае мерапрыемства», на думку Анатоля Котава, магло каштаваць нашай краіне $ 2 млн без выдаткаў на мадэрнізацыю інфраструктуры.

«Шмат што таксама залежыць ад фармату правядзення імпрэзы. Пры жаданні можна ўсё правесці ў «Менск-Арэне, калі яе абсталяваць, а можна на існай базе – розных абʼектах ад Ратамкі да басейну БДУФК. З шахматнай алімпіядай яшчэ складаней казаць пра кошт, але грошай не знайшлося нават на страхаванне і абавязковы ўнёсак», – падкрэсліў прадстаўнік НАУ.

Беларусь атрымае грошы за адменены ЧС?

Сябра рады IIHF Пэтр Бржыза распавёў, што беларускім арганізатарам выплацяць кампенсацыю за адмену чэмпіянату свету па хакеі ў Беларусі.

Hавiны
Беларусі выплацяць кампенсацыю за перанос ЧС-2021
2021.01.19 09:42

«Усё гэта дакладна прапісана ў кантрактах. Мы чакаем аналізу і дакладу ад офісу генеральнага сакратара IIHF, у якім будуць вызначаныя ўсе выдаткі і наступствы гэтага рашэння. Мы атрымаем гэтую інфармацыю бліжэйшымі тыднямі», – сказаў ён.

Але станам на 25 студзеня сума магчымай кампенсацыі ўсё яшчэ не называлася.

Анатоль Котаў адзначыў, што «кантракт прадугледжвае магчымасць кампенсацыі фактычна панесеных выдаткаў на імпрэзу, але рэканструкцыя «Менск-Арэны» ў гэты панятак не ўваходзіць». На ягоную думку, «выніковая сума будзе ў межах $ 1 млн, і тое трэба яшчэ даказаць».

Лукашэнка гуляе ў хакей нават на перамовах.
Фота: Mikhail Klimentyev/Kremlin

Хакейны чэмпіянат быў таксама застрахаваны, але выдаткі на выплату страхоўкі могуць легчы менавіта на беларускі бок. Гэтак, ва ўказе Аляксандра Лукашэнкі № 10 ад 10 студзеня 2020 года «Аб рыхтаванні і правядзенні чэмпіянату свету па хакеі з шайбай» у пункце 2.12 гаворыцца, што дырэкцыя турніру «заключае з «Белдзяржстрахам» дамовы: добраахвотнага страхавання вымушанай адмены чэмпіянату свету як на сваю карысць, так і на карысць МФХ».

У «Белдзяржстраху», які належыць дзяржаве, нам пацвердзілі, што кампанія мусіла застрахаваць чэмпіянат, але па дакладную інфармацыю параілі звяртацца афіцыйным зваротам. Мы даслалі запыт у «Белдзяржстрах» і апублікуем адказ, калі яго атрымаем. Адзначым, што ў 2014 годзе ЧС па хакеі Беларусь страхавала на $ 60 млн.

«Беларусь заўсёды эканоміць на страхоўцы, закладваючы мінімальна магчымы набор рызык. Таму пытанне, ці будзе такі перанос страхавым выпадкам. Страхоўка пакрывае выдаткі дырэкцыі ў справе правядзення ЧС. Наўрад ці яны перавысяць $ 300–400 тыс.», – пракаментаваў Анатоль Котаў.

Чэмпіянаты нявыгадныя падчас пандэміі

Лілія Кобзік, рэдактарка парталу Toursoyuz.by, у каментары belsat.eu адзначыла, што правядзенне буйных спартовых турніраў у сённяшняй сітуацыі эканамічна немэтазгоднае. Яна заявіла, што калі выязны турызм у Беларусі летам «яшчэ неяк трымаўся», «дык тыя ж нашыя гатэлі, санаторыі ды ўся інфраструктура проста легла амаль на 100 %».

«І гэта ўсё застаецца ў такім замарожаным стане. Некаторыя гатэлі трымаюць некалькі нумароў адчыненымі, астатнія замарожаныя. Частка персаналу пайшла ў адпачынкі, частку скарацілі. І ў гэтых умовах разгойдваць усю інфраструктуру цяжка было б. Вядома, у гатэляў маглі быць нейкія надзеі з гэтым прыёмам, з тым, што можна было б нейкіх грошай зарабіць, частку персаналу вярнуць. Але ў сувязі з тым, што ўжо паўгода ўсё паўмёртвае, гэта было б цяжка тэхнічна ажыццявіць у перыяд каронавіруса», – заявіла Лілія Кобзік.

Лілія Кобзік.
Фота: novychas.by

Пры гэтым яна падкрэсліла, што ідзецца пра сітуацыю з каронавірусам без уліку сацыяльна-палітычнага становішча ды звязанага з ім новага іміджу Беларусі, праз які некаторыя краіны пагражалі байкатаваць спаборніцтвы ў Менску. Лілія Кобзік нагадала, што проста праз каронавірус адкладаюцца ці пераносяцца шмат іншых турніраў ці спаборніцтваў (ёсць нават звесткі пра магчымую адмену Алімпійскіх гульняў у Токіа, якія перанеслі на 2021-ы год з 2020-га), бо іх немагчыма правесці ў сучасных умовах.

Суразмоўца адзначыла, што ў суседняй Расеі, дзе ўсё-такі праходзяць некаторыя лядовыя чэмпіянаты, трыбуны незапоўненыя. Спаборніцтвы праводзяцца выключна для таго, каб «спартоўцы не былі ў прастоі», а гледачоў «у пандэмію немагчыма сабраць».

«Як зарабіць тым жа пляцоўкам, рэкламадаўцам, калі б яны нават прыйшлі сюды, калі немагчыма рэалізаваць напоўніцу гэты чэмпіянат? Немагчыма нават запоўніць трыбуны аматарамі», – адзначыла Лілія Кобзік.

Рэдактарка Toursoyuz.by нагадала, што асноўную частку турыстаў у Беларусі «нават у даволі спакойны для нас час» – падчас хакейнага ЧС-2014 – складалі жыхары суседніх краінаў, якія цяпер фактычна закрытыя праз каронавірус. Напрыклад, мінулы раз кожны шосты квіток на ЧС у Менску набылі аматары хакею з Латвіі, якая цяпер і сама суарганізатарка турніру.

«Яны [суседнія краіны. – Заўвага рэд. Belsat.eu] усе на локдаўнах. Як яны паедуць да нас?» – задаецца пытаннем суразмоўца.

На ейную думку, гэты чэмпіянат прынёс бы «нашай і так абяскроўленай краіне толькі выдаткі».

«Мне падаецца, што чэмпіянат быў вырачаны на адсутнасць поспеху. Так яно ўсё і павярнулася», – заключыла Лілія Кобзік.

«Што за сатанінскую лухту яны вярзуць?»

Прадстаўнік НАУ Анатоль Котаў мяркуе, што з усіх адмененых спаборніцтваў некаторы прыбытак Беларусі мог прынесці толькі ЧС па хакеі. Але і ён «наўрад ці пакрыў бы выдаткі на правядзенне, у якіх $ 12 млн – мадэрнізацыя «Менск-Арэны». Каб атрымаць хоць нейкі прыбытак, быў неабходны «сур’ёзны маркетынг – лакальныя спонсары, продаж квіткоў», падкрэсліў эксперт.

«Яго [сур’ёзнага маркетынгу. – Заўвага рэд. Belsat.eu] не было. Спонсары аказаліся не гатовыя ўкладваць свае грошы ў няпросты год у праект, ад якога потым давядзецца доўга адбельваць дзелавую рэпутацыю. Гэта ўжо не казкі ад беларускіх ідэолухаў пра тое, што «Škoda» адпомсціла за ўзяцце Райхстагу (гэтыя людзі наогул разумеюць, што за сатанінскую лухту яны вярзуць?), а цалкам сабе падтрыманне іміджу ўлады, якая пачала вайну супраць свайго народу і ператварылася ў акупацыйную адміністрацыю», – заявіў былы генеральны сакратар НАК.

Анатоль Котаў.
Фота: gymn7.minskedu.gov.by

Паводле яго, адмена турніраў з аднаго боку дазволіла зэканоміць, а «з другога боку, такая адмена – сігнал усім кампаніям, якія паважаюць сябе: устрымацца ад бізнесу з Беларуссю і ў Беларусі».

«Хоць і так было ўсё зразумела. Проста яскравая кропка. Дакладней, цвік», – падкрэсліў Анатоль Котаў.

Разам з тым, мяркуе прадстаўнік НАУ, цяпер складана сказаць, ці паўплывае адмена турніраў на палітыку ўладаў.

«Палітыку вызначае адзін чалавек, а ён нездаровы. Таму галоўная задача набліжаных – не правакаваць незадаволенасць. Адмена такіх мерапрыемстваў ломіць карцінку, што ў краіне ўсё добра і нас усе любяць, акрамя купкі незадаволеных», – заявіў ён.

Анатоль Котаў лічыць, што гісторыя з кіраўніком Міжнароднай федэрацыі хакею Рэнэ Фазэлем, які мусіў апраўдвацца пасля візіту ў Менску, паказала, што «рэжым не дамаўляецца ні з кім, нікога не чуе, а проста ўсіх выкарыстоўвае ў сваіх мэтах».

«Таму пазбаўленне цацкі – удар па іміджы мача, якому ўвесь свет не ўказ. Аказваецца, гэта не так. Цяпер не мача. Цяпер проста нездаровы бандыт», – заключыў прадстаўнік НАУ.

МГ, belsate.eu

Стужка навінаў