«Усім варта выдаліць інфармацыю». У рэдакцыю Hrodna.life і да галоўнага рэдактара Newgrodno.by прыйшлі сілавікі


29 студзеня адбылася аблава на два незалежныя гарадзенскія сайты: сілавікі прыйшлі з аглядам у рэдакцыю Hrodna.life і дамоў да галоўнага рэдактара Newgrodno.by Ігара Рэмзіка. Афіцыйная прычына – наяўнасць на старонках парталаў і захоўванне інфармацыйных матэрыялаў з тэлеграм-каналу «NEXTA-Live», які быў прызнаны экстрэмісцкім.

За захоўванне інфармацыі, унесенай у спіс экстрэмісцкай, арт. 17.11 Адміністратыўнага кодэксу прадугледжвае штраф да 500 базавых велічыняў і канфіскацыю «прыладаў здзяйснення злачынства», то бок тэхнікі.

Ігар Рэмзік паведаміў аб прыходзе сілавікоў каля 11:00 і перастаў выходзіць на сувязь. Прыблізна ў гэты ж час АМАП разам з кіраўніком міліцыі грамадскай бяспекі Аляксеем Вайцешкам прыйшлі ў рэдакцыю Hrodna.life, што месціцца ў адным памяшканні з крамай «Адметнасць». Здымаць фота і відэа забаранілі, прыгразіўшы, што гэта будзе разглядацца як непадпарадкаванне міліцыі.

Супрацоўнікі АМАП каля рэдакцыі HrodnaLife.
Фота: Белсат

У гэты дзень рэдакцыя Hrodna.life працавала дыстанцыйна. Каля 13:00 прыехала рэдактарка спецпраектаў Ірына Новік. Сілавікі са сведкамі правялі агляд без прадстаўнікоў рэдакцыі ці ўласніка памяшкання, растлумачыўшы гэта тым, што ў іх на гэта ёсць санкцыя. Сканфіскавалі рэдакцыйны дрон, ноўтбук, чатыры фотаапараты, усе флэшкі, выдадзеную рэдакцыяй друкаваную прадукцыю – каляндар «Гэта – мы», гульню «Дурыбары», часопісы «Перамен». Забралі таксама і асабістыя рэчы чальцоў рэдакцыі.

Прэс-сакратар міліцыі Яўген Дудко паведаміў, што агляд адбываецца паводле адміністратыўнай справы ў дачыненні галоўнага рэдактара парталу Аляксея Шоты. Падставаю сталіся тры матэрыялы на сайце, у адным з якіх, напрыклад, паведамляецца, што тэлеграм-канал «NEXTA-Live» прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім, таму ўсім варта выдаліць інфармацыю ды матэрыялы, узятыя з гэтага каналу, іначай можа быць адказнасць.

Рэдакцыя HrodnaLife пасля агляду супрацоўнікаў міліцыі.
Фота: Белсат

Амапаўцы паводзілі сябе вельмі агрэсіўна, абражалі людзей, якія былі ў «Адметнасці», называлі нацыстамі, здымалі на відэа ўсіх, хто быў у дворыку, дзе месціцца рэдакцыя. Адзін з амапаўцаў падчас агляду вырашыў крыху адукавацца: сядзеў і гартаў кнігу, выдадзеную журналістам Hrodna.life Русланам Кулевічам.

– А што тут адбываецца? Я сюды турыста прывяла, – у дворык падышла дзяўчына ў бел-чырвона-белай шапцы разам з мужчынам, які прамаўляў па-французску.

Яны накіроўваліся ў краму «Адметнасць», каб набыць сувеніры. Але пастанавілі не знаёміцца бліжэй з чалавекам у чорнай уніформе і балаклаве, які стаяў на ўваходзе ў краму.

Рэдактар Newgrodno.by Ігар Рэмзік паведаміў, што яго апыталі, з кватэры забралі сістэмны блок камп’ютара. На яго таксама завялі адміністратыўную справу паводле арт. 17.11.2.

Hавiны
КДБ унёс Пуцілу і Пратасевіча ў спіс тэрарыстаў
2020.11.19 17:09
  • 20 кастрычніка 2020 года суд Менску прызнаў тэлеграм-канал «NEXTA-Live» і яго лагатып экстрэмісцкімі матэрыяламі.
  • 16 лістапада 2020 года МЗС Беларусі ўручыў ноту часоваму паверанаму ў справах Польшчы ў Менску з патрабаваннем выдаць стваральнікаў тэлеграм-каналаў «NEXTA» і «NEXTA-Live».

Саша Праўдзіна belsat.eu

Стужка навінаў