Украіна выбірае Ціханоўскую? Кіеў запрасіў не чыноўніка Лукашэнкі, а ягонага ворага

Віталь
Портнікаў
Украінскі публіцыст, пісьменнік і тэлевядучы.

Кіраўнік украінскага вонкавапалітычнага ведамства Дмытро Кулэба запрасіў беларускую апазіцыянерку, былую кандыдатку на выбарах прэзідэнта краіны Святлану Ціханоўскую на віртуальную сустрэчу міністраў замежных справаў краін Люблінскага трыкутніка. Гэтую платформу стварылі летась Польшча, Літва і Украіна, піша Віталь Паротнікаў для Vot Tak TV.

ЧЫЙ КРЫМ?

Можа здацца дзіўным, што Святлану Ціханоўскую запрашае менавіта ўкраінскі міністр. Літва і Польшча прынялі ў лёсе Ціханоўскай значна большы ўдзел, яна неаднаразова сустракалася з высокапастаўленымі кіраўнікамі гэтых краінаў. Сустрэч з украінскімі лідарамі, нават на ўзроўні міністра замежных справаў, пакуль не было. Удзел Ціханоўскай у міністэрскай нарадзе стане першым такім кантактам.

Матэўш Маравецкі перадаў Святлане Ціханоўскай ключы ад новай сядзібы Беларускага дому ў Варшаве. Фота: Юлія Шаблоўская / «Белсат»

Больш за тое, у Кіеве вельмі скептычна паставіліся да асцярожных заяваў Ціханоўскай адносна статусу анексаванага Крыму. І гэтая асцярожнасць, якую апазіцыянерка спачатку тлумачыла нежаданнем «падзяляць» беларусаў, стала адною з прычын таго, што ва Украіне да Ціханоўскай было куды менш захопленае стаўленне, чымся ў Польшчы ці Літве. Той жа Кулэба яшчэ ў снежні мінулага года адзначаў, што для пачатку афіцыйных кантактаў Ціханоўская павінна выразна выказаць сваю пазіцыю датычна расейскай агрэсіі супраць Украіны, і што гэта ў інтарэсах самой апазіцыянеркі.

«Першае ж пытанне, калі яна пачне кантактаваць з медыямі, будзе: «Чый Крым?». Любы невыразны адказ Ціханоўскай згуляе супраць яе самой», – адзначыў міністр у інтэрв’ю радыё «НВ».

Беларусь ва ўкраінскім 2004-м

ЗАМЕСТ КІРАЎНІКА МЗС – АПАНЕНТ ЛУКАШЭНКІ

Тым не менш у тым, што Ціханоўскую на сустрэчу міністраў краін Люблінскага трыкутніка запрасіў менавіта Дмытро Кулэба, ёсць свая шматзначная сімволіка. Рэч у тым, што пасля першай сустрэчы міністраў, на якой, уласна, і абвесцілі пра стварэнне люблінскай платформы і пастанавілі правесці наступную сустрэчу ва Украіне, кіраўнік украінскага вонкавапалітычнага ведамства ў тэлефоннай размове з міністрам замежных справаў Беларусі Уладзімірам Макеем запрасіў яго ўзяць у ёй удзел.

Запрашэнне з’явілася менавіта ў той момант, калі паміж прэзідэнтамі Украіны і Беларусі – Уладзімірам Зяленскім і Аляксандрам Лукашэнкам – развіваўся бурны «bromance»: хутчэй, у галаве Зяленскага, чым у рэальнасці. Менавіта тады ў Менску затрымалі расейскіх баевікоў-вагнэраўцаў, а Зяленскі і прадстаўнікі ягонага атачэння шчыра верылі, што Лукашэнка выдасць іх Украіне, а не Расеі. І запрашэнне Кулэбы шмат у чым стала адлюстраваннем ілюзіяў, якія бытавалі ў тыя дні ў калідорах офісу прэзідэнта Украіны і якія сталіся яшчэ адным доказам дзіўнай некампетэнтнасці прэзідэнта Украіны ды прадстаўнікоў ягонага найбліжэйшага акружэння.

Ну а потым былі прэзідэнцкія выбары ў Беларусі і пратэсты грамадскасці, якая не пагадзілася з фальсіфікацыяй вынікаў галасавання. Украінская рэакцыя на дзеянні беларускіх сілавікоў дарэшты сапсавала стасункі Лукашэнкі і Зяленскага, якія пасля гісторыі з вагнэраўцамі і так былі не выдатнымі. Так што замест Макея Кулэба запрашае на сустрэчу Люблінскага трыкутніка Ціханоўскую.

І гэта справядліва.

Віталь Паротнікаў для Vot Tak TV

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў