Спецслужбы Беларусі абвесцілі пра арышт чальцоў «міжнароднай злачыннай арганізацыі анархістаў»


Супраць чатырох анархістаў Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле частак 1 і 2 артыкулу 285 («Стварэнне злачыннай арганізацыі і ўдзел у ёй») Крымінальнага кодэксу. Нібыта дзейнасць анархістаў была накіраваная на гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу і тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, захоп улады і тэрарызм.

Як паведамляе прэс-служба МУС, аператыўнікі ГУБАЗіК выйшлі на адну з рэгіянальных групаў беларускіх анархістаў – «удзельнікаў міжнароднай злачыннай арганізацыі».

«Затрыманыя – 26-гадовая дзяўчына і трое хлопцаў (20, 24 і 30 гадоў) – уваходзілі ў склад абʼяднання «Рэвалюцыйнае дзеянне» («Аўтаномнае дзеянне – Беларусь»), здзяйснялі гэтак званыя акты прамога дзеяння і каардынавалі іх», – адзначаюць у прэс-рэлізе.

Паводле звестак ГУБАЗіК, чальцы гэтай «ячэйкі» нібыта закідвалі кактэйлямі Молатава будынкі падатковай інспекцыі ў Гомлі і Галасііўскага суда Кіева ў 2016 годзе, расейскай амбасады ў Менску і ўпраўлення КДБ у Бабруйску ў 2010 годзе, а «таксама апаганьвалі розныя будынкі надпісамі і малюнкамі радыкальнага зместу». А дзяўчына з 2017 года «размяшчала ў адкрытым доступе публікацыі, якія змяшчаюць заклікі да гвалту ў дачыненні прадстаўнікоў улады».

Міліцыя сцвярджае, што анархісты «рэгулярна чыталі лекцыі, праводзілі семінары і палявыя зборы, дзе навучалі супрацьстаянню праваахоўным органам». Нібыта фінансаванне дзейнасці анархістаў ажыццяўлялася з-за мяжы, у тым ліку міжнароднымі анархісцкімі арганізацыямі, як «Анархічны чорны крыж». Цяпер чацвёра затрыманых застаюцца ў СІЗА ў якасці фігурантаў крымінальнай справы аб «масавых закалотах» у Менску. Паводле спецслужбаў, у арганізацыі, фінансаванні, каардынацыі ды вербаванні новых удзельнікаў «масавых закалотаў» анархісты нібыта прымалі беспасярэдні ўдзел.

Адначасова ўпраўленне Следчага камітэту па Менску распачало супраць анархістаў крымінальную справу паводле частак 1 і 2 артыкулу 285 («Стварэнне злачыннай арганізацыі і ўдзел у ёй») Крымінальнага кодэксу. Паводле следства, «неўстаноўленая група асобаў» яшчэ ў 2005 годзе «аб’яднала шэраг арганізаваных злачынных групаў, створаных у Рэспубліцы Беларусь ды іншых краінах, у тым ліку агульнавядомых групаў анархісцкага руху». Нібыта дзейнасць арганізацыі была накіраваная на гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу і тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, захоп улады і тэрарызм.

Імёны затрыманых анархістаў сілавікі не называюць, але паведамляецца, што двое з іх, 30-гадовы мужчына і 26-гадовая дзяўчына, былі аднымі з адміністратараў шэрагу інтэрнэт-рэсурсаў і тэлеграм-каналаў анархісцкага кірунку, прызнаных на тэрыторыі Беларусі экстрэмісцкімі, а 20-гадовы і 24-гадовы мужчыны – іх актыўныя ўдзельнікі. Нібыта ў гэтых каналах размяшчаліся заклікі да «масавых закалотаў», ужывання сілы ў дачыненні прадстаўнікоў улады, а таксама «прапагандавалася тэрарыстычная дзейнасць».

СК дадае, што падчас следчых дзеянняў у анархістаў знайшлі «дзясяткі квітанцыяў аб аплаце штрафаў за асобаў, прыцягнутых да адміністратыўнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, а таксама грашовыя сродкі, перададзеныя рознымі арганізацыямі, у тым ліку праваабарончымі і радыкальнымі».

Цікава, што за акцыі каля расейскага амбасады і ўпраўлення КДБ у Бабруйску, пра якія згадваецца ў прэс-рэлізе, раней ужо выносіліся судовыя выракі: у 2011 годзе пяцёра маладзёнаў атрымалі за гэта ад 1,5 да 8 гадоў пазбаўлення волі.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў