Папраўчую калонію «Воўчыя норы» рыхтуюць для «палітычных»


На базе папраўчай калоніі № 22 «Воўчыя норы» адбываюцца змены. Пасля таго, як у сеціве з’явіўся аўдыязапіс, у якім чалавек з голасам падобны на голас Мікалая Карпянкова, распавядае пра стварэнне лагеру для адсялення мітынгоўцаў, сюды пачалі этапаваць асуджаных не толькі паводле «наркатычных артыкулаў», распавялі «Белсату» крыніцы.

Аўдыязапіс апублікавала ініцыятыва былых сілавікоў «BY_POL», сцвярджаецца, што ён зроблены 30 кастрычніка падчас нарады з асабістым складам ГУБАЗіК, якое на той момант узначальваў Мікалай Карпянкоў. У гэтай размове чалавек з голасам падобны на голас Мікалая Карпянкова, распавядае пра загады Лукашэнкі.

Сярод агучанай інфармацыі дазвол на страляніну ў мітынгоўцаў, якія з’яўляюцца «лішнімі людзьмі, якіх калі не расстраляюць, то яны павінны апынуцца ў лагеры». І гэты лагер, як гучыць у аўдыязапісе, будуць адпраўляць тых, хто «трапіў у другі раз».

«Сказана распрацаваць, зрабіць лагер, ну не для ваеннапалонных, не для інтэрнаваных нават, а лагер для асабліва «востракапытных», такі, для адсялення. І паставіць калючы дрот, атрымліваецца, па перыметры. Там іх трымаць, пакуль усё не супакоіцца», – сказаў чалавек з голасам падобным на Мікалая Карпянкова.

Патрапіць на тэрыторыю калоніі № 22 «Воўчыя норы», ці хаця б звонку паглядзець на яе – практычна немагчыма. Калонія знаходзіцца сярод лесу на мяжы Берасцейскай і Гарадзенскай абласцей. На пад’ездах да калоніі ў лесе шмат відэакамер. Таму ахоўнікі яшчэ здалёку бачаць, калі нехта пад’язджае да рэжымнага аб’екту.

Воўчыя норы.
Фота: google.com/maps

Тут наведнікам, якія на думку кіраўніцтва калоніі і ахоўнікаў, з’яўляюцца падазронымі асобамі, гучыць папярэджанне пра недапушчэнне відэа-фота запісаў і пагроза прымяніць агнястрэльную зброю.

Пераважна ў папраўчай калоніі № 22 «Воўчыя норы» адбываюць пакаранне асуджаныя паводле так званых «наркатычных артыкаў».

У лістападзе летась Карпянкоў наведваў «Воўчыя норы»

19 лістапада летась Мікалая Карпянкова прызначылі намеснікам міністра і камандуючым унутранымі войскамі. Ужо на гэтай пасадзе ён наведваў «Воўчыя норы». Выглядала, што візіт напрыканцы лістапада быў, у тым ліку, каб прааналізаваць магчымасць стварэння тут адмысловага лагеру для мітынгоўцаў. Карпянкоў акрамя іншага выступіў і перад працаўнікамі калоніі.

«Нас сабралі ўсіх. Выйшаў Карпянкоў, нешта доўга распавядаў пра сітуацыю ў краіне. Сярод цікавостак, ён распавёў навошта ў верасні граміў вітрыны кавярні ў цэнтры Менску. З яго словаў, людзі, якія забеглі ў кавярню, хаваючыся ад сілавікоў, паказвалі яму праз шкло непрыстойныя жэсты. Яго гэта нібыта вывела з сябе, таму каб затрымаць гэтых «хуліганаў» і разбіў шкло», – распавялі «Белсату» ўдзельнікі гэтай сустрэчы.

Hавiны
Апублікаваныя фота лагеру для пратэстоўцаў. Пад Слуцкам хацелі прыняць 2000 чалавек
2021.01.26 11:58

На «Воўчыя норы» этапуюць і «палітычных»

Пасля візіту Карпянкова ў калоніі пачалі адбывацца некаторыя змены. Галоўнае – змяніўся склад асуджаных і рэжым стаў больш жорсткі.

«На жаль, інфармацыя вельмі абмежаваная, людзі, якія тэлефануюць з турмы, кажуць, што будуць адбываць пакаранне і «палітычныя». Дваццаць двойку змяняюць і рыхтуюць да гэтага. Але якім чынам вядзецца рыхтаванне – не вядома. Людзі, якія тэлефануюць з турмы, не могуць распавесці дастаткова, бо размовы слухаюць. Людзі баяцца. А што да палітычных – то сапраўды, іх ужо пачалі звозіць у «Воўчыя норы». Такія вязні нават візуальна адрозніваюцца, нават бачна адразу ж, што гэта асуджаны не па «наркатычных артыкулах». Яны вельмі адрозніваюцца, нават вонкава», – распавялі «Белсату» родныя зняволеных, якія адбываюць тэрмін у калоніі.

Тое, што гэтую турму рыхтуюць для палітычных вязняў, пацвярджаюць многія родныя зняволеных. Людзі кажуць, што ўжо адносіны да зняволеных у калоніі сталі больш жорсткімі.

«У турму сапраўды пачалі прывозіць «палітычных». Прыкладна месяц таму пачаліся гэтыя змены. Вядома, што рэжым у турме стаў больш жорсткім, гэта праяўляецца ў тым, што больш правяранняў, ператрусаў. Раней дазвалялі чорныя кашулі, з надпісамі, а цяпер раптам забаранілі і калі знаходзяць такія рэчы – робяць «злоснымі парушальнікамі», – распавялі «Белсату» родныя зняволеных, якія адбываюць тэрмін у калоніі.

Лагер каля Слуцку

Раней Радыё «Свабода» апублікавала фотаздымкі лагеру для пратэстоўцаў каля Слуцку. Будаваць яго пачалі 10 жніўня. 12 жніўня ЛПП № 3 абсталявалі для ўтрымання грамадзян пад ваенізаванай аховай.

Імаверны лагер для пратэстоўцаў пад Слуцкам.
Фота: «Радыё Свабода»
Вайскоўцы ў лагеры.
Фота: «Радыё Свабода»

Унутры лагеру аховай займаліся супрацоўнікі Дэпартаменту выканання пакаранняў з сабакамі. Аховай перыметру і прылеглага лесу займаліся вайскоўцы, падначаленыя Мінабароны. Тэрыторыю рыхтавалі да прыёму каля 2000 чалавек. Арыштантаў прывезлі 14 жніўня, а ўжо 15-га пачалі масава вызваляць. Лагер пасля хутка разабралі. Цяпер ЛПП функцыянуе ў штатным рэжыме.

Аб’ектыў
«Пагаворвалі, што тут СІЗА можа будзе». Сведчанні пра лагер для арыштаваных пад Слуцкам
2021.01.27 22:04

Сяргей Ягораў belsat.eu

Стужка навінаў