Палітвязня Арцёма Вінакурава асудзілі да трох гадоў «хіміі» за зрыў лекцыі


Арцём Вінакураў асуджаны паводле «палітычнага», 342-га артыкулу КК.
Фота: «Белсат»

Суд Савецкага раёну Менску прызнаў студэнта БДУІР Арцёма Вінакурава вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і пакараў яго трыма гадамі «хіміі». Менавіта такога пакарання патрабаваў пракурор.

Арцёма вызвалілі з-пад варты ў зале суда. Вінакураў мае 10 дзён на абскарджанне прысуду, гэты час ён правядзе ўдома. Калі выраку не зменяць, праз 10 дзён хлопца накіруюць у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Суддзя Марына Фёдарава пакарала Арцёма Вінакурава паводле часткі 1 артыкулу 342 і прызначыла 3 гады пазбаўлення волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Фота: «Белсат»

Рашэнне вынесла суддзя Марына Фёдарава.

Падставаю для крымінальнай пераследу Арцёма стаўся той факт, што 26 кастрычніка ён зайшоў у аўдыторыю, дзе вёў заняткі дэкан Леанід Шылін, і заклікаў студэнтаў далучыцца да агульнанацыянальнага страйку. За гэта 28 кастрычніка Вінакурава затрымалі, Следчы камітэт распачаў крымінальную справу. Праваабаронцы прызналі Арцёма палітычным вязнем. Да суда хлопца ўтрымлівалі ў СІЗА ў Жодзіне.

У сваім апошнім слове Арцём папрасіў прабачэння ў бацькоў, што прымусіў іх перажываць, і ў выкладчыкаў, якім мог даставіць нязручнасці. Ён усвядоміў за тры месяцы, што хацеў бы працягнуць навучанне, бо гэта важна.

Суд у справе Арцёма Вінакурава.
Фота: «Белсат»

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў