Нягледзячы на скаргі адвакатаў, справу «Белгазпрамбанку» будзе разглядаць Вярхоўны Суд


Просьбу абаронцаў Віктара Бабарыкі разглядаць крымінальную справу экс-банкіра ў судзе ніжэйшай інстанцыі адхілілі. Пра гэта паведаміў у сваім тэлеграм-канале адвакат Дзмітрый Лаеўскі.

Справа «Белгазпрамбанку» перадалі ў Вярхоўны Суд 21 студзеня. Вярхоўны Суд – найвышэйшая судовая інстанцыі. Гэта значыць, што прысуд набывае моц адразу пасля вынясення і абскардзіць яго ў апеляцыйным парадку немагчыма.

«Права на апеляцыйнае абскарджанне прысуду – гэта тое, без чаго немагчымы справядлівы суд. Калі справу ў першай інстанцыі разглядае Вярхоўны Суд, то над ім няма апеляцыйнай інстанцыі. Значыць, і правы на апеляцыйнае абскарджанне ў абвінавачанага ў такім выпадку няма. Таму мы, абаронцы, прасілі Вярхоўны Суд вызначыць для разгляду справы ў дачыненні Віктара Бабарыкі ніжэйшы суд, каб забяспечыць магчымасць апеляцыі, то бок умова справядлівага судовага разбору», – тлумачыць адвакат Лаеўскі.

Аднак увечары 28 студзеня абаронцаў Бабарыкі апавясцілі, што Вярхоўны Суд будзе разглядаць справу сам.

«У праве на апеляцыйнае абскарджанне прысуду Віктару Бабарыку адмовілі», – канстатуе Лаеўскі.

Былога кіраўніка «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыку, які пастанавіў узяць удзел у прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, затрымалі разам з сынам Эдуардам 18 чэрвеня 2020 года. Экс-банкіра абвінавацілі ў хабарніцтве і «адмыванні» грошай. Віктар Бабарыка «катэгарычна не згодны з выстаўленым абвінавачаннем», а ягоныя абаронцы настойваюць «на поўнай невінаватасці».

На момант арышту Бабарыка лічыўся галоўным апанентам Лукашэнкі на выбарах, ён паставіў рэкорд у колькасці подпісаў, сабраных альтэрнатыўнымі кандыдатамі на прэзідэнцтва за ўсю гісторыю Беларусі. Экс-банкіра прызналі палітычным вязнем.

ІІ, belsat.eu

 

Стужка навінаў