«Маглі запомніць, бо быў у кашульцы з надпісам «Жыве Беларусь!»: што вядома пра гарадзенца, якога судзілі за гвалт над 6 сілавікамі


Сяргей Рымша перад вынясеннем прысуду.
Фота: «Белсат»

21 студзеня Ленінскі суд Горадні вынес вырак Сяргею Рымшу. Гарадзенца судзілі за актыўны ўдзел у масавых закалотах 9 жніўня і пагрозу гвалту над сілавікамі – нібыта ён кідаў камяні ў іхны бус. Пацярпелыя – шасцёра сілавікоў, якія збілі гарадзенца падчас ягонага затрымання. Нягледзячы на супярэчнасці ў паказаннях пацярпелых і адсутнасць доказаў, суддзя Юрый Казакевіч прысудзіў Сяргею тры з паловаю гады калоніі ды 375 рублёў матэрыяльнай шкоды за пабіты міліцэйскі бус.

«Белсат» сустрэўся з роднымі гарадзенца і даведаўся, хто такі Сяргей Рымша і што сваякі думаюць пра гэтую справу.

Кухар, заўзятар, памежнік

Сяргею Рымшу 32 гады. Мае завочную вышэйшую адукацыю, працаваў кухарам – спачатку ў боўлінг-клубе «Метро», а затым у начным клубе «База». За 12 гадоў працы добра сябе зарэкамендаваў як сярод калег, так і наведнікаў клубаў. Любіць рыбалку і хакей, заўзее за гарадзенскі хакейны клуб «Нёман», наведваў гульні каманды.

Акрамя гэтага, служыў у войску, памежнік. На старонцы ў сацыяльнай сетцы шмат фотаздымкаў, прысвечаных вайсковым будням і службе. Бачна, што гарадзенец ганарыўся гэтым. У 2014 годзе сышоў у запас у званні лейтэнанта памежных войскаў.

«Мой сын – нармальны талковы хлопец. Вельмі вытрыманы, спакойны, разважлівы, трывалы, яго цяжка вывесці з раўнавагі. Раней ніякіх праблемаў з законам у яго не было. Ён цікавіцца навінамі, тым, што адбываецца ў краіне, але агулам – апалітычны чалавек», – апавядае бацька гарадзенца спадар Юрый.

Бацька Сяргея – Юрый Рымша.
Фота: «Белсат»

Бацька раней працаваў прарабам, кіраваў будаўніцтвам розных аб’ектаў у Горадні. Цяпер на пенсіі. Адзначае, што ў іхнай сям’і ўсе з вышэйшай адукацыяй, аднак, мяркуючы з гэтай гісторыі, адукаваныя людзі дзяржаве не патрэбныя.

«Гэты суд падарваў маю веру ў дзяржаўнасць, законнасць, гуманнасць у нашай краіне. На падставе чаго арыштавалі майго сына? Навошта яго збівалі шэсць чалавек? Для чаго людзі, якія павінны ахоўваць грамадзянаў, іх калечаць? Для галачкі ці каб прэмію атрымаць, званне, зорачку на пагоны?» – разважае Юрый Рымша.

Гісторыі
«Піша, што трымаецца». Унучка беларускага паэта Івана Арабейкі сустрэне сваё 20-годдзе за кратамі
2021.01.17 08:53

Пасля агучвання прысуду ён з цяжкасцю стрымлівае эмоцыі. Такі жорсткі вырак стаўся для яго поўнаю нечаканасцю, бацька спачатку нават не паверыў словам суддзі.

«Ёсць прэзумпцыя невінаватасці, пракурор мусіць даказваць віну чалавека, а тут прэзумпцыя невінаватасці не працавала, відавочных доказаў віны майго сына не было», – кажа Юрый.

Сяргей Рымша раней ужо быў асуджаны за падзеі 9 жніўня. У тым жа судзе, але іншы суддзя яго пакараў штрафам 20 базавых велічыняў за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Першы суд крымінальнага складу злачынства ў дзеяннях гарадзенца не знайшоў.

Што адбылося 9 жніўня

Увечары пасля выбараў 9 жніўня на Савецкай плошчы Горадні былі некалькі соцень чалавек. Прыехала шмат міліцыі ды АМАПу. Сяргей Рымша таксама быў на плошчы. У пэўны момант апынуўся ў натоўпе, які сілавікі пачалі адціскаць да драматычнага тэатру. Пад’ехаў белы мікрааўтобус, у якім былі шасцёра сілавікоў, і хтосьці з натоўпу пачаў кідаць у яго камяні. Міліцыянты выскачылі з аўтобуса, людзі разбегліся, нікога не паспелі схапіць. Сяргей Рымша адыходзіў ад гэтага месца, але яго затрымалі і жорстка збілі.

Аляксандр Рымша, брат Сяргея.
Фота: «Белсат»

«Майго брата затрымлівалі шасцёра працаўнікоў, сярод якіх – два амапаўцы. Яго збілі, закінулі ў машыну, прывезлі ў РАУС Ленінскага раёну. Там не было месца, таму яго адвезлі ў Шчучын. Мы яго некалькі дзён шукалі, знайшлі на трэція содні. У Шчучыне яму выставілі абвінавачанні, а пасля перавялі ў Горадню. Яму выбілі калена, калі адвакат яго пабачыў, сказаў, што брат быў увесь у крыві. Ніякай праверкі па факце збіцця так і не рабілі», – распавядае «Белсату» брат Сяргея Рымшы.

«Чаму, калі міліцыянты збівалі, гэта яны – пацярпелыя?»

Згодназ матэрыяламі справы, Сяргей Рымша ў п’яным стане каля 23:15 пачаў кідаць кавалкі бетону ў бус з АМАПам. У асабістых рэчах гарадзенца падчас дагляду нібыта знайшлі кавалкі бетону, якія і сталіся падставаю для абвінавачвання. Пацярпелыя ж сілавікі на судзе дакладна не здолелі пацвердзіць, што камяні ў аўтобус кідаў менавіта Сяргей. У экспертызе пазначана, што ў крыві гарадзенца было толькі 0,2 праміле алкаголю.

«Я разгледзеў гэтыя кавалкі бетону толькі на судзе. У натоўпе было шмат людзей, мяне маглі запомніць, бо я быў у кашульцы з надпісам «Жыве Беларусь!», – тлумачыў Сяргей Рымша перад вынясеннем прысуду. Усхваляваны, ён усё не мог зразумець, чаму, калі міліцыянты яго збілі, гэта яны – пацярпелыя: мусіць быць наадварот.

Сяргея адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе, ён хадзіў на ўсе паседжанні суда, якія цягнуліся з лістапада. Пад варту яго ўзялі проста ў судовай зале адразу пасля выраку.

Тры з паловаю гады калоніі за тое, што кінуў у бус камень?

«Доказы – толькі словы міліцыянтаў. Пры гэтым яны блыталіся, дзе брат дакладна стаяў, адкуль ляцелі камяні. У машыне быў відэарэгістратар, але на відэа нічога толкам не бачна. Мой брат сам здымаў падзеі на свой тэлефон. Здымаць на камеру і адначасова кідаць камяні, пагадзіцеся, не вельмі зручна. На відэа брата трапіў момант кідання камянёў, чуваць удары па машыне, і ён разам з сябрам стаялі ў гэты момант у іншым месцы, але суддзя вырашыў, што, наадварот, гэта доказ віны», – распавядае Аляксандр Рымша.

Паводле Аляксандра, на відэа, якое даў суду Сяргей, бачна, што яны стаяць на вялікай адлегласці ад машыны, метраў за 25. «Я займаўся гандболам, і нават мне, каб дакінуць кавалак бетону, які паказалі ў судзе, на такую адлегласць было б праблематычна», – каментуе брат Сяргея.

У зале судовага паседжання.
Фота: «Белсат»

Ён таксама адзначыў, што не разумее, чаму ў шасцярых сілавікоў падчас суда быў статус пацярпелых, бо Сяргей не ўжываў да іх ніякага гвалту, не супраціўляўся, што было б бессэнсоўна ў той сітуацыі.

«Мне не верыцца, што ён мог зрабіць тое, у чым яго вінавацяць. Але нават калі тэарэтычна ён кінуў камень у машыну, даваць 3,5 года калоніі за гэта? За што? У галаве проста не ўкладваецца», – разважае Аляксандр.

Паводле яго, маці ўспрыняла ўсю гэтую гісторыю вельмі хваравіта, цяпер жыве на валярянцы. Разам з тым родныя збіраюцца змагацца за Сяргея і падаваць апеляцыю ў абласны суд.

Гісторыі
«Я проста хачу да мамы на ручкі». Аповед дачкі затрыманай заснавальніцы Прэс-клубу Юліі Слуцкай
2021.01.26 07:58

Саша Праўдзіна, belsat.eu

Стужка навінаў