Лукашэнка баіцца сілавікоў. Ці магчымы палацавы пераварот?


Коней на пераправе не мяняюць, але гэта не пра беларускі рэжым. Незаконны прэзідэнт на гэтым тыдні перакартаваў кадравую калоду і прызначыў нанова цэлы шэраг высокіх вертыкальнікаў. Можа сабе дазволіць: падзеі ў Расеі паказваюць, што палітычная ўдача дасюль не адвярнулася ад яго.

Расейскія пратэсты, без сумневаў, – найбольшая ўдача Аляксандра Лукашэнкі са жніўня мінулага года. Самыя маштабныя за апошнія дзесяць гадоў пратэсты ў нашых усходніх суседзяў выглядаюць як менавіта тое, пра што папярэджваў Лукашэнка Крэмль з леташняга жніўня:

«Таму вы не расслабляйцеся, у вас таксама хутка пэўныя палітычныя падзеі, а можа, і на роўным месцы. Ведаеце, да чаго мы прыйшлі разам з расейскім істэблішментам? Калі сёння Беларусь абрынецца, наступная будзе Расея».

Як у ваду глядзеў Лукашэнка ў верасні. Тады Навальны, атручаны, як мяркуюць, ФСБ, яшчэ толькі выйшаў са штучнае комы. Сёння і ён, і ягоная жонка ўжо за кратамі. Па ўсёй Расеі пракаціліся пратэсты. У адказ – масавыя арышты, ператрусы. Усё як у нас, толькі ёсць шанец, што на адным дні ў суседзяў буйныя выступленні і скончацца, а гэта зусім не тое, што трэба ўладам Беларусі.

Размова
Чым падобныя Навальны і Лукашэнка?
2021.01.29 08:02

Каментуе палітолаг Валер Карбалевіч:

«Аптымальны варыянт для Лукашэнкі – гэта калі расейскія пратэсты былі б вельмі жорстка здушаныя пуцінскім рэжымам. І гэта як бы паказала, што Пуцін з Лукашэнкам у адным акопе сядзяць».

Але каб жорстка душыць, трэба, каб пратэсты не спыняліся, прынамсі нейкі час. Сёння Лукашэнка заўзее за пратэстоўцаў на расейскіх вуліцах ці не мацней за таго ж Навальнага. Яшчэ нядаўна Крэмль заклікаў Лукашэнку да дыялогу з незадаволенымі, а цяпер расейскія сілавікі чыняць ператрусы ў кватэрах апазіцыянераў.

А тут яшчэ і Еўразвяз, замест каб займацца чацвёртым пакетам санкцыяў супраць Менску, разважае пра новыя абмежаванні для Расеі.

Hавiны
«Яскравы цвік у імідж мача». Колькі каштавала Беларусі адмена чэмпіянату свету?
2021.01.29 09:06

Габрыелюс Ландсбергіс, міністр замежных справаў Літвы:

«Я асабіста думаю, што ў Расеі адчуваецца вецер пераменаў, і менавіта гэта так нервуе спадара Пуціна. Таму ён затрымаў на вуліцах 3500 чалавек, таму і затрымаў спадара Навальнага, таму ён затрымаў ягоную жонку. Я думаю, што Еўропа павінна адправіць рашучы сігнал, што гэта непрымальна. І ў нас ёсць вельмі, на мой погляд, эфектыўны механізм – рэжым глабальных санкцыяў ЕЗ».

А пакуль уся ўвага на Расею, нават навіна пра імавернае стварэнне сапраўднага канцэнтрацыйнага лагеру ў Беларусі Захад не надта шакавала, Лукашэнка бярэцца перасоўваць чыноўнікаў. Новы шэф Савету бяспекі, кіраўнік «Горадня Азоту», новыя памочнікі ў шэрагу вобласцяў. Ім запавет былы прэзідэнт дае па свежых слядах:

«Часы няпростыя. Хістаць і гайдаць нас будуць, вы гэта бачыце ўжо па Расеі».

Таблічкі на кабінетах у гэтых людзей будуць новыя, аднак новых твараў у вертыкалі няма. Сілавікі, відавочна, – у фаворы, і гэта трэнд, які з намі надоўга.

Працягвае Валер Карбалевіч:

«Сёння ўжо ключавыя пасады ў краіне займаюць генералы КДБ: і кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта, і кіраўнік КДК быў генералам КДБ. Іхная роля расце, і яны б хацелі прэтэндаваць на новую ролю, на прыняцце палітычных рашэнняў».

Улады, сутыкнуўшыся з народным незадаволеннем, паставілі ўсё на гвалт – на сілавы апарат. Аднак за такім асаблівым статусам сілавікі пакрысе становяцца ледзь не асобнаю кастай, ідуць і новыя пагрозы для самога Лукашэнкі.

Гаворыць палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі:

«Будзе трапляць у залежнасць ад вось гэтай касты, таму ўзнікне сітуацыя, калі на пэўным этапе хвост пачне круціць сабакам. Калі ж займацца напалову канспіралагічнымі пагрозамі, то на пэўнай стадыі магчымы такі палацавы пераварот».

Калі мы раней пыталі расейскіх экспертаў, чаму Крэмль падтрымлівае Менск, не зважаючы на незадаволенне ненадзейным хаўруснікам, чулі ў адказ, што ў Беларусі Маскве больш няма на каго разлічваць. Моцная сілавая каста адкрывае пэўныя магчымасці. І Лукашэнка гэта разумее.

Аляксандр Пласкавіцкі, былы начальнік галоўнага дзяржаўнага кіравання Адміністрацыі прэзідэнта:

«Ён вельмі моцна баіцца, каб кадры заставаліся ў адным месцы. Будуць прызвычайвацца адно да аднаго, знаёміцца, сябраваць, гэта для яго небяспечна. Таму ён робіць усё, каб ратацыя адбывалася так, каб яны не паспелі пасябраваць і скласці нейкую змову».

Hавiны
Лукашэнка: Я ў сваёй краіне абсалютна нікога не баюся
2021.01.29 16:20

Толькі летась сакратароў Савету бяспекі мянялі двойчы, а з кастрычніка гэтая пасада наагул была пустою. Прызначаны ў аўторак Аляксандр Вальфовіч таксама рэальнага ўплыву ні на што мець не будзе, мяркуюць адмыслоўцы. Гэта не адпаведнік расейскага Саўбезу.

Аляксандр Класкоўскі:

«У Расеі Патрушаў – гэта шэры кардынал. А Вальфовіч… Ну, гэта штабіст, выканаўца. У Беларусі ўсё вырашае Лукашэнка, ну і вялікі давер у яго да старэйшага сына. Вось яны ўдваіх і кіруюць дэ-факта бяспекай у Беларусі, а астатнія – гэта проста тэхнічныя выканаўцы».

І мэта ўсіх гэтых ракіровак пажылых і невядомых грамадству асобаў – каб такімі яны і заставаліся. З пратэстамі ў Расеі Лукашэнка атрымаў чарговы зарад упэўненасці. Вертыкаль ператасоўваецца, незадаволенне душыцца і відавочная мэта ўлады сёння – вярнуць сітуацыю ў краіне да стану гадавой даўніны. А што для Захаду беларускі рэжым стаў непрымальным – пытанне для яго другаснае.

Калаж з фота: SERGEI GAPON, Denis Kostyuchenko / TASS / Forum

Усевалад Шлыкаў для праграмы «ПраСвет»

Стужка навінаў