Дэпутат Варанецкі пра магчымую забарону БЧБ-сцяга: «Недапушчальна таптацца па сваім мінулым»


Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валер Варанецкі мяркуе, што да магчымага вызнання бел-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкім трэба падыходзіць асцярожна. Пра гэта ён сказаў «Нашай Ніве».

«Такія рэчы патрабуюць навуковай ацэнкі і, перш за ўсё, з боку гісторыкаў. Гэта той выпадак, калі спяшацца нам ні ў якім разе нельга.

Трэба мець на ўвазе, што бел-чырвона-белы сцяг з’яўляўся першым дзяржаўным сцягам нашай адроджанай беларускай дзяржавы. Пад ім яна рабіла першыя крокі па ўмацаванні свайго нацыянальнага сувэрэнітэту і незалежнасці.

Дэпутат Варанецкі пра магчымую забарону БЧБ-сцяга: «Недапушчальна таптацца па сваім мінулым»
Валер Варанецкі.
Фота: ТК / Белсат

Пад ім прымаў прысягу першы прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Бел-чырвона-белы сцяг лунаў над нашымі дзяржаўнымі будынкамі і ўпрыгожваў залы ўрачыстасцяў Дома ўрада, парламента, Адміністрацыі прэзідэнта, Вярхоўнага суда, Генеральнай пракуратуры і іншых дзяржаўных устаноў, сімвалізуючы суверэнітэт і незалежнасць нашай краіны.

Яму аддавалі ўшанаванні за мяжой у ходзе візітаў беларускіх дзяржаўных дэлегацый, уручэння даверчых грамат нашымі пасламі… Пад ім мы сустракалі першых асоб замежных дзяржаў, якія з візітамі наведвалі нашу краіну. Ён сімвалізаваў выбітныя перамогі нашых спартсменаў на Алімпійскіх гульнях і чэмпіянатах свету, іншых міжнародных спаборніцтвах.

З ім былі звязаны вельмі важныя старонкі гісторыі нашай з вамі маладой беларускай дзяржавы. І таптацца па сваім мінулым, калі мы глядзім у будучыню і хочам пабудаваць моцную, незалежную і квітнеючую краіну, на мой погляд, — недапушчальна. Мы павінны шанаваць сваю гісторыю», – лічыць Варанецкі.

29 студзеня стала вядома, што «неабыякавыя грамадзяне» накіравалі ў Генпракуратуру зварот, у якім просяць вызнаць бел-чырвона-белы сцяг экстрэмісцкім. Адпаведны пакет законаў ужо рыхтуюць.

Hавiны
Ціханоўская пра намер вызнаць БЧБ-сцяг экстрэмісцкім: «Рэжым толькі папулярызуе яго сярод народа»
2021.01.29 22:19

Напярэдадні стагоддзя абвяшчэння незалежнасці БНР Варанецкі назваў гэтую падзею значнай для беларускага народа. Летась дэпутат казаў, што беларускія ўлады перайшлі чырвоны рубікон, а пасля смерці Рамана Бандарэнкі заявіў, што «гвалт мусіць быць спынены, а законнасць і справядлівасць адноўленыя».

Стужка навінаў