Амбасадар Нямеччыны заклікаў вызваліць палітвязняў і спыніць рэпрэсіі ў Беларусі


У Менску 28 студзеня намеснік міністра замежных справаў Беларусі Сяргея Алейніка сустрэўся з амбасадарам Нямеччыны Манфрэдам Гутэрэрам. Пра гэта паведамляе прэс-служба нямецкай амбасады.

Адзначаюць, што Гутэрэр і Алейнік абмеркавалі становішча ды перспектывы двухбаковых стасункаў.

«Амбасадар Гутэрэр выкарыстаў магчымасць, каб выказаць сваю занепакоенасць наконт палітычных вязняў і патрабаваць іхнага вызвалення, спынення рэпрэсіяў супраць мірных дэманстрантаў і актывістаў, а таксама пачатку сапраўднага дыялогу паміж уладамі ды грамадзянскаю супольнасцю ці апазіцыяй. Падчас размовы амбасадар Гутэрэр выказаўся ў прыватнасці за паскарэнне акрэдытацыі прадстаўнікоў нямецкіх медыяў. Нягледзячы на разыходжанні пазіцыяў, размова прайшла ў канструктыўнай атмасферы», – падкрэсліваюць у амбасадзе.

Пра сустрэчу Гутэрэра ды Алейніка паведаміла і прэс-служба МЗС Беларусі, аднак у паведамленні нічога не згадвалася пра тое, што нямецкі бок закрануў праблему палітычных рэпрэсіяў. Беларускі прэс-рэліз наагул складаўся з аднаго сказу: «Бакі абмяняліся думкамі пра актуальныя пытанні беларуска-нямецкай супрацы ды абмеркавалі перспектывы яе развіцця».

Нагадаем, што ў сувязі з прэзідэнцкімі выбарамі і пратэстамі ў Беларусі распачатыя больш як 1000 крымінальных справаў. На гэты момант 221 асоба прызнаная палітычнымі вязнямі. Агулам, паводле звестак праваабаронцаў, з пачатку выбарчай кампаніі ў траўні да канца 2020 года былі затрыманыя больш за 33 тысячы грамадзянаў, вялікую частку якіх пакаралі адміністратыўнымі арыштамі і буйнымі штрафамі. Тысячы затрыманых сталіся ахвярамі мэтанакіраваных катаванняў ды іншых відаў жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання.

Hавiны
Праваабаронцы: рэпрэсіі 2020 года з’яўляюцца самымі масавымі ў найноўшай гісторыі Беларусі
2021.01.09 09:24

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў