Павел Севярынец выступіў у якасці сведкі


Адразу пасля абвешчання яму выраку палітык скіраваўся ў Фрунзенскі суд, каб выступіць сведкам на працэсе супраць Віталя Рымашэўскага.

Суддзя Жанна Жукоўская, што вядзе працэс над Уладзімірам Някляевым, Сяргеем Вазняком, Аляксандрам Фядутам, Настаю Палажанкай і Віталём Рымашэўскім спачатку не вельмі ахвотна ставілася да хадайніцтва адвакатаў дапытаць у якасці сведкі Паўла Севярынца, заявіўшы, што сёння – прагляд відэаматэрыялаў справы.

Аднак, калі “тэхнічныя праблемы” перашкодзілі запланаванай хадзе працэсу, вырашыла ўсё ж задаволіць хадайніцтва.

Павал Севярынец распавёў суду, што падчас прэзідэнцкай кампаніі быў даверанай асобаю кандыдата Віталя Рымашэўскага. Палітык падкрэсліў, што акцыя 19 снежня была мірнаю, ніхто з кандыдатаў і прысутных не дазваляў ніякіх заклікаў да беспарадкаў.

Паводле яго, адказнасць за беспарадкі нясуць сталічныя ўлады. Калі столькі людзей сабралася на плошчы, працаўнікі ДАІ мусілі перакрыць рух, як гэта робіцца падчас масавых гулянняў, зазначыў Севярынец. Што тычыцца заяваў дзяржаўнага абвінаваўцы, што дэманстранты парушылі грамадскі парадак тым, што выйшлі на праезную частку, то, згодна са словамі Севярынца, іншага выйсця ў людзей не было – у падземных пераходах здарылася б другая Няміга.

“Віталь (Рымашэўскі) заклікаў усіх паводзіць сябе асцярожна, прыстойна, не паддавацца на правакацыі… Гэта было асабліва складана пасля навінаў аб збіцці Някляева”, – зазначыў у судзе Павел Севярынец.

Нагадаем, сёння ідзе ўжо восьмы дзень працэсу над фігурантамі справы 19 снежня – Уладзімірам Някляевым, Сяргеем Вазняком, Аляксандрам Фядутам, Настаю Палажанкаю і Віталём Рымашэўскім. Іх вінавацяць у арганізацыі дзеянняў, што груба парушылі грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх. Падсудным пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Працяг працэсу заўтра, 17 траўня, а 10-й гадзіне.

belsat.eu

Стужка навінаў