У наступны панядзелак Пракаповіч можа пайсці на пенсію


16 траўня, пасля паўтарамесячнага бальнічнага, старшыня праўлення Нацбанку Беларусі Пётр Пракаповіч выйшаў на працу.

Аднак пасля нарады ён, са словаў прэс-сакратара Нацбанку Анатоля Драздова, “узяў бальнічны яшчэ на тыдзень”.

Паводле інфармацыі агенцтва “Интерфакс-Запад”, на бальнічным Пётр Пракаповіч “актыўна ўдзельнічаў у працэсе кіравання банкам праз тэлефон”. Афіцыйны выхад Пракаповіча на працу аналітыкі звязвалі з прыняццем радыкальных захадаў дзеля развязання праблемаў на валютным рынку краіны.

Аднак старшыня Нацбанку вырашыў узяць яшчэ тыдзень перапынку, каб паправіць здароўе, пры гэтым ніякіх сур’ёзных рашэнняў сённяшняя нарада не прыняла.

Нагадаем, што 11 траўня Нацыянальны банк Беларусі заявіў пра пераход да свабоднага курсаўтварэння, але неафіцыйна рэкамендаваў банкам не ўзнімаць кошту продажу долара вышэй за Br 4000. У пятніцу, 13 траўня, на пазабіржавым рынку абменны курс дасягнуў Br 6000 за $ 1.

Прадстаўнікі камерцыйных банкаў як адзін з сцэнараў развіцця падзеяў пасля выйсця спадара Пракаповіча з бальнічнага называлі “адкат” курса да адзнакі Br 3000 за $ 1. Як распавёў “Белсату” эканаміст Леанід Злотнікаў, такія важныя рашэнні прымае не старшыня Нацбанку, а найвышэйшае кіраўніцтва Беларусі. Таму ад сённяшняга афіцыйнага выхаду Пракаповіча на працу нельга было чакаць прымання радыкальных захадаў у валютна-фінансавым сектары.

На думку Злотнікава, ёсць пэўныя эканамічныя законы, паводле якіх трэба працаваць, таму “або будзе непазбежна высокі курс і будзе валюта, або валюты не будзе”. Магчыма, у наступны панядзелак цяперашні старшыня Пракаповіч і не выйдзе на працу, а выправіцца на пенсію, аднак гэта не зменіць галоўнага курсу Нацыянальнага банку, сказаў Злотнікаў.

belsat.eu

Стужка навінаў