Пасля выраку


Сваякі і абаронцы новых палітвязняў каментуюць прысуд

Ала, маці Андрэя Саннікава, скрозь слёзы сказала: “Гэта злачынства стагоддзя: за што судзяць, незразумела… Учора Ірына Халіп, жонка Андрэя, правільна на судзе сказала: яны праехалі па нашай сям’і да крыві, параніўшы ўсіх – і бацькоў, і маленькага Даньку. Зрабілі яму падарунак – заўтра хлопчыку чатыры гады, і вось, забралі бацьку… Я паўтарала і яшчэ раз паўтараю: гэта абсурд! Няма ў нас суда, няма ў нас справядлівасці – кіруе адзін суддзя, які распараджаецца лёсамі людзей, як пажадае”.

Ала Уладзіміраўна, падкрэсліла, што адвакаты прафесійна даказалі: віны Андрэя Саннікава ў тым, што яму інкрымінавалі, абсалютна няма. “Яго віна ў тым, што ён пайшоў на выбары, стаў кандыдатам на прэзідэнта. Каб змянілася краіна, стала сапраўды еўрапейскай. Я ганаруся сваім сынам”, – кажа маці экс-кандыдата.

Людміла Мірзаянава, маці Фёдара Мірзаянава, асуджанага на 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму, падзякавала ад імя сына ўсім, хто яго падтрымаў. “Дзякую праваабарончаму цэнтру “Вясна”, бо гэта сапраўды вясна, дзякуй арганізацыі “Салідарнасць”, дзякуй палітыкам, з якімі я пазнаёмілася, дзякуй табе, сынок. Я з самага твайго дзяцінства хвалявалася, каб ты не трапіў у дрэнную кампанію. І ты не трапіў. І за кратамі ты быў з самымі лепшымі людзьмі: з Андрэем Саннікавым, з цудоўнымі хлопцамі – маладафронтаўцамі”.

“Судовы разгляд ніяк не паўплываў на аргументы пракуратуры ў той ці іншы бок, – адзначыў драматург Уладзімір Халіп, бацька жонкі Саннікава – журналісткі Ірыны Халіп, – усё засталося па-ранейшаму. Усё гэта азначае адно: загадзя былі напісаныя гэтыя прысуды – ва ўсялякім разе ў той частцы, якая вызначае, каму які тэрмін. Яны вераць, што Саннікаў будзе сядзець пяць гадоў. Не, кажу я, народ вызваліць яго і заадно верне арганізатара ўсёй гэтай паскуднасці, гэтай подлай правакацыі туды, дзе яму месца: на лаву падсудных”.

Адвакат Андрэя Саннікава Марына Кавалеўская акрэсліла прысуд выключна як незаконны і беспадстаўны: “З нашага гледзішча, не ўстаноўлены факт масавых беспарадкаў. У справе не дадзена ніводнага пераканаўчага доказу, які б сведчыў пра наяўнасць у Саннікава намеру ў арганізацыі масавых беспарадкаў”.

На пытанне, ці былі нейкія перашкоды ў працы абароны, другі адвакат Саннікава, Андрэй Варвашэвіч, адказаў: “Працаваць нам не перашкаджалі. З гледзішча працэдуры, суд паводзіў сябе карэктна, тактоўна, нам далі ўсе магчымасці для ажыццяўлення абароны. Аднак мы лічым, што суд беспадстаўна адхіліў шматлікія хадайніцтвы абароны, скіраваныя на тое, каб апраўдаць Саннікава”.

14 траўня суд Партызанскага раёну Менску прыгаварыў кандыдата на прэзідэнцтва на выбарах 2010 года Андрэя Саннікава да пяці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Алега Гнедчыка – да трох з паловаю гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму, Уладзіміра Яроменка, Іллю Васілевіча і Фёдара Мірзаянава – да трох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Стужка навінаў