Менская вобласць выстаўляе на продаж 200 прадпрыемстваў


Чыноўнікі імкліва шукаюць інвестараў і валюту.

Старшыня Менаблвыканкама адзначыў, што трэба пашыраць практыку прадаваць стратныя прадпрыемствы за адну базавую велічыню (зараз – 35 тыс. руб. – “Белсат”), каб прыходзілі інвестары і падымалі прамысловасць. Распрацоўваць план куплі-продажы далі Савету прадпрымальніцтва пры аблвыканкаме. Чалец савету Ігар Кобзеў паведаміў: “Перад намі паставілі некалькі задачаў: выратаваць прадпрыемствы, знайсці інвестара з валютай і стварыць новыя працоўныя месцы, захаваўшыя ранейшыя”.

Задача амаль касмічная, улічваючы, наколькі раздзьмутыя штаты былых дзяржаўных прадпрыемстваў. Тым больш што на іх базе плануюць ствараць малыя прадпрыемствы, дзе няма патрэбы трымаць шмат працаўнікоў.

На меркаванне інвестыцыйнага кансультанта і аналітыка Міхаіла Бараздзіна, улады намагаюцца зрабіць чарговы папулісцкі крок. “Натуральна, што сітуацыя з валютай і эканомікай увогуле ўжо прыпякае, але такія масавыя продажы прадпрыемстваў ажыццяўляць за кароткі тэрмін неэфектыўна, – лічыць ён. – Трэба было распрацаваць план яшчэ гадоў дзесяць таму і паступова рухацца на паляпшэнне сітуацыі. Тым больш што патрабаванні да інвестараў нават цяпер застаюцца неабгрунтавана высокія. А інвестары вывучаюць рынак. І яны ведаюць сітуацыю з валютай і эканамічнаю базай у Беларусі. Укладваць буйныя сродкі, калі закрываюцца прадпрыемствы навокал, наўрад ці хтосьці будзе”.

belsat.eu

Стужка навінаў