Журналістка раённай газеты судзіцца са старшынём райвыканкаму


Прычына – абраза гонару і годнасці з боку чыноўніка.

Працаўніца дзяржаўнай газеты “Савецкае Палессе” Святлана Курылік падала ў суд на старшыню Ганцавіцкага райвыканкаму Уладзіміра Столяра. Райвыканкам – адзін з заснавальнікаў газеты.

Сутнасць справы наступная. Скарга журналісткі на тое, што рэдакцыя парушае працоўны кодэкс, дайшла да Берасцейскага аблвыканкаму. Там запрасілі службовую характарыстыку жанчыны. Складалі яе некалькі працаўнікоў райвыканкаму, як сцвярджае журналістка, з ужываннем эпітэтаў, якія прынізілі ейны гонар і годнасць. Паводле жанчыны, чыноўнікі да таго ж распаўсюдзілі плёткі.

“Мы жывем у мястэчку, дзе ўсе ведаюць адно аднога. Менавіта таму я з’явілася ў суд, каб абараніць свае правы. Спадар Столяр – высокі начальнік у нашым раёне, але гэта не дае яму права абражаць мяне”, – пракаментавала сітуацыю Святлана.

Першае паседжанне суда адбылося на гэтым тыдні. Суддзя выслухаў сведкаў, якіх сабралася больш за дзесяць чалавек. Журналістка патрабуе маральную кампенсацыю 3 млн руб, але з кожнага адказніка, бо плёткі распаўсюджваў не толькі старшыня. Падчас судовага следства суддзя ўвесь час спыняў эмацыйных прадстаўнікоў з абодвух бакоў. Аднаго са сведкаў нават выдалілі з залы суда за непавагу.

Пра вырак казаць рана, бо працэс працягнецца. Але ні старшыня, ні ягоныя калегі вінаватымі сябе не лічаць. Таму вырашыць праблему пры дапамозе міравой, падобна, не атрымаецца.

Паводле юрыста Іллі Латышова, у Беларусі пакуль не шмат прэцэдэнтаў, калі людзі звяртаюцца ў суд, каб абараніць свой гонар і годнасць. “Часцей за ўсё праблему вырашаюць або кулакамі, або ўзаемнымі крыўдамі – нецывілізаванымі шляхамі, – кажа эксперт. – Аднак замежная юрыдычная практыка паказвае, што такія справы – топавыя для адвакатаў, вельмі часта разглядаюцца ў судзе. Калі журналістка суд выйграе, гэта будзе сапраўды добры досвед для беларускай судовай практыкі, бо найчасцей такія справы выйграюць акурат чыноўнікі, як тое было з Праляскоўскім і Чаргінцом, напрыклад”.

belsat.eu

Стужка навінаў