Даляр на міжбанкаўскім рынку за 6000 рублёў


Як паведаміў прадстаўнік камерцыйнага банку пасля абеду ў пятніцу 13 траўня на міжбанкаўскім рынку курс даляра фактычна вырас на 100 % і склаў 6000 руб.

«Я здзіўлены з такой лічбы. Падобна, гэта гульня на павышэнне, – кажа незалежны эканаміст Сяргей Чалы. – Хутчэй за ўсё удзельнікі рынку вырашылі паставіць высокую планку пры ўмовах, калі набыць валюту амаль немагчыма, ці каб замацавацца на нейкай пазіцыі, ад якой можна гандлявацца».

Прадпрымальнікі і вытворцы да гэтага часу адчуваюць вялікую патрэбу ў валюце, але не могуць яе набыць у нармальных умовах праз банк. Таму яны вымушаныя шукаць яе ў іншых, не зусім легальных месцах. У такім выпадку яны здымаюць наяўныя беларускія рублі са сваіх рахункаў і мяняюць іх па тым курсе, па якім магчыма набыць валюту на шэрым рынку. Курс гэты значна перавышае афіцыйны. Такім чынам дэвальвацыя адбываецца – што праўда, не адміністрацыйным спосабам, а рынкавым.

Паводле эканаміста, тое, што цяпер адбываецца, звязана з існаваннем як мінімум трох курсаў на валюту і тым, што яе да гэтага часу немагчыма свабодна набыць. «Выйсце з гэтай сітуацыі ёсць, але яно патрабуе адвагі – трэба, каб Нацбанк усталяваў рэальны курс даляра, які б задаволіў большасць суб’ектаў рынку», – кажа Сяргей Чалы.

Чаму з усталяваннем абменнага курсу памерам 4000 руб. даляры не з’явіліся ў абменніках? Калі нават уявіць сабе сітуацыю, што банкі і хацелі б прадаваць насельніцтву даляры, але па тым курсе, які рэкамендавалі эканамічныя ўлады краіны, гэта не магчыма. Набываць на міжбанкаўскім рынку за 5000 рублёў (ці вышэй), а прадаваць насельніцтву за 4000 – падобна ці то на дабрачыннасць, ці то на вар’яцтва, і гэтага ніхто рабіць не будзе.

Сяргей Чалы мяркуе, што чакаць аднаго рэальнага абменнага курсу засталося нядоўга, бо імпартаарыентаваная эканоміка не можа доўгі час існаваць пры такіх умовах. Як адзначае эксперт, у першую чаргу знікнуць тавары, якія прадаюць малыя прадпрымальнікі, бо ім не будзе за што іх набыць у пастаўнікоў. «Наступны тыдзень пакажа, якім будзе абменны курс, але відавочна, што курс будзе набліжацца да той пазіцыі, калі яго будзе рэальна набыць», – прагназуе эканаміст.

belsat.eu

Стужка навінаў