Іосіф Сярэдзіч: Падымаецца вялікая пратэставая хваля


Падрыхтоўчае судовае пасяджэнне паводле позвы Міністэрства інфармацыі аб спыненні выхаду недзяржаўнай газеты «Народная Воля» перанеслі з 13 на 17 траўня.

Галоўны рэдактар газеты Іосіф Сярэдзіч пракаментаваў сітуацыю журналістам: «Улада на тое і ёсць улада, каб палохаць слабенькіх. Нас не запалохаць. Мы будзем несці адказнасць за сапраўды свае памылкі, але за тыя памылкі, якія ёсць ключавымі і за якія павінны несці адказнасць і газета, і рэдактура. Калі ставіцца вось такім чынам, як цяпер выкарысталі момант і звярнуліся з позвай прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі, то мы далёка зойдзем».

Напярэдадні галоўны рэдактар вядомай газеты звярнуўся да суддзі з просьбай перанесці разгляд справы, бо юрыст Гары Паганяйла не паспеў вярнуцца з замежнай камандзіроўкі, пра што паведаміў напярэдадні вечарам. Суддзя задаволіў гэтую просьбу, паседжанне перанеслі на 17 траўня.

Іосіф Сярэдзіч адзначыў, што падымаецца вялікая грамадская хваля ў падтрыманне «Народнай Волі». Прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі сказалі яму, што да іх ідзе вялікая колькасць лістоў і тэлеграмаў з просьбамі, патрабаваннямі, пратэстамі, з тым каб не давесці гэты канфлікт да абсурду. Таму Іосіф Сярэдзіч упэўнены, што калі «Народная Воля» патрэбная не толькі рэдакцыі, але і грамадству, то газета будзе выдавацца.

Тройчы газета выдавалася ў эміграцыі: у Літве, Расеі. «Ну каму сёння трэба, каб «Народная Воля» наступным разам друкавалася ў Маскве, побач з Крамлём?», – задаецца пытаннем Іосіф Сярэдзіч і заклікае: «Давайце друкаваць аб’ектыўную інфармацыю, а як выпраўляць свае памылкі – заканадаўца прадугледзеў: гэта і ўдакладненне, і абвяржэнне, і прабачэнне, калі трэба».

belsat.eu

Стужка навінаў