Слова праўды з клеткі


Рэжысёр і грамадскі дзеяч Юрый Хашчавацкі каментуе судовы працэс над экс-кандыдатам Андрэем Саннікавым і чатырма іншымі ўдзельнікамі Плошчы.

«Я сёння ўбачыў, што існуе праўдзівае слова, што ў сённяшняй Беларусі, няхай нават у судзе, няхай нават з клеткі, гэтае слова можна пачуць. Знаходзячыся на працэсе, я разумеў, што, з аднаго боку, вырашаецца лёс гэтых маладых хлопцаў і Андрэя Саннікава на гэтыя найбліжэйшыя гады. А з іншага – разумеў, што вырашаецца тут і лёс Беларусі. Кожны рабіў свой выбар і кожны чымсьці ахвяраваў. Напрыклад, пракурор, на мой погляд, ахвяраваў сваёй будучыняй: як ён будзе глядзець у вочы сваім дзецям? Засядацелі – пажылыя мужчыны, мабыць, паважаныя, перадавікі вытворчасці – ахвяравалі сваім аўтарытэтам, сваім мінулым, таму што пасля заўтрашняга рашэння да іх будуць ставіцца з пагардаю. Усё іхнае жыццё, усё, што яны зрабілі добрага, будзе закрэслена – для нас, ва ўсякім разе. Суддзя ахвяруе магчымасцю, каб да яе звярталіся: «Высокі суд». Таму што ні высокасці, ні годнасці пасля рашэння, якое заўтра яны відавочна прымуць, не застанецца. Чым ахвяруе Андрэй? Відаць адразу – ахвяруе сваім здароўем, і ўсё гэта ў імя Беларусі. А што да маладых хлопцаў – я на іх паглядзеў, паслухаў і, шчыра скажу, пад уражаннем ад таго, што яны, дзякуй Богу, нічым не ахвяравалі. Яны набылі сёння сваю будучыню, магчымасць сябе паважаць, яны будавалі сваю біяграфію», – упэўнены знакаміты рэжысёр.

Пракурор Антон Загароўскі папрасіў суд прыгаварыць Андрэя Саннікава да сямі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Алега Гнедчыка – да чатырох гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Уладзіміра Яроменку, Іллю Васілевіча і Фёдара Мірзаянава – да трох гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Вырак у судзе, дзе старшынствуе Наталля Чацвярткова, абвесцяць 14 траўня а 16.00.

belsat.eu

Стужка навінаў