28 жніўня адбываюцца суды над журналістамі і над удзельнікамі пратэстаў


У Менску, Пінску, Берасці і іншых гарадах Беларусі ў экспрэс-рэжыме судзяць затрыманых напярэдадні грамадзянаў.

Суды ў Менску

28 жніўня судзілі пратэстоўцаў, затрыманых 27 жніўня ў перыметры ад плошчы Свабоды да плошчы Незалежнасці ў Менску. Удзельнікам акцыяў, па стане на 16 гадзіну, суддзі даюць пераважна штрафы ад 5 да 25 базавых велічыняў (да Br 675). Некаторыя справы выканаўцы накіроўваюць на дапрацоўванне. Але ў судзе Савецкага, Цэнтральнага і Першамайскага раёнаў Менску сярод штрафаў сустракаюцца тэрміны да 10 содняў арышту.

Журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева на судзе пасля затрымання на плошчы Свабоды ў Менску 27 жніўня 2020 г. У РАУС на яе склалі пратакол па артыкуле 23.34 Каапп РБ (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). На судзе Андрэевай дадаткова ставяць у віну, што яна нібыта крычала «Жыве Беларусь». Менск, Беларусь. 28 жніўня 2020 г.
Фота: Белсат

Паводле прэсавай службы «Беларускай асацыяцыі журналістаў» на чатырох журналістаў, якія адмовіліся паказаць сілавікам фота на сваіх мабільных прыладах, склалі пратаколы паводле артыкулу «удзел у несанкцыянаванай акцыі».

Гэта датычыць журналістаў Максіма Калітоўскага, Аляксандра Васюковіча, Андрэя Ярашэвіча, Кацярыны Андрэевай, якіх да суда трымалі ў актавай залі Кастрычніцкага РУУС. Журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева раніцай 28 жніўня праз відэасувязь у судзе паведаміла:

«Я правяла ноч у актавай залі Кастрычнікага РУУС. Пачуваюся добра, але ад учора нічога не ела, хаця нейкую ежу мне прапаноўвалі. Такім чынам, абвяшчаю галадоўку».

Суд над фатографам Аляксандрам Васюковічам праходзіў таксама праз уэб-камеру. Яго затрымалі разам з усімі журналістамі на пл. Свабоды 27 жніўня ў Менску. Артыкул той жа – 23.34 КаАП РБ. У судзе Васюковічу ставілі ў віну, што на плошчы ён не толькі выконваў працу, але і нібыта крычаў «Жыве Беларусь». Аляксандр адмаўляе гэты факт, аргументуючы гэта парушэннем журналістыкай этыкі. Праз працяглага перапынку Аляксандра Васюковіча, Кацярыну Андрэеву і Максіма Калітоўскага вызвалілі, адправіўшы іх справы на дапрацоўку.

Міліцыянты ахоўваюць Кастрычніцкае РУУС Менску, куды ўвечары 27 жніўня даставілі некалькі дзясяткаў журналістаў для «праверкі дакументаў».
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Шведскага журналіста, пераможцу Пола Хансена на 5 гадоў дэпартуюць з Беларусі. Да Кастрычніцкага РУУС, дзе знаходзіліся затрыманыя журналісты, 27 жніўня прыязджала амбасадарка Швецыі ў Беларусі Крысціна Юханесан.

Paul Hansen
27 жніўня 2020 года. Шведскі фотажурналіст Пауль Хансэн пасля выхаду з РУУС Кастрычніцкага раёна Менску. Ён мусіць выехаць з Беларусі цягам сутак. Забарона на ўезд у краіну будзе дзейнічаць цягам пяці гадоў.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Журналістку БелаПАН Таццяну Каравянкову з РУУС 27 жніўня забрала хуткая дапамога.

 

Фатограф Аляксандр Васюковіч у судзе пасля затрымання на плошчы Свабоды ў Менску 27 жніўня 2020 года. Менск, Беларусь. 28 жніўня 2020 г.
Фота: Белсат

Поўны СПІС ЗАТРЫМАНЫХ 27 ЖНІЎНЯ знойдзеце на старонцы праабаарончага цэнтру «Вясна».

Суды ў Берасці

А 10-ай гадзіне ў судзе Ленінскага раёну распачаўся суд над вакалістам гурта «Дай Дарогу» Юрыем Стыльскім паводле артыкулу 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).

Наталля Клімовіч з Берасця, якую затрымалі за б-ч-б сукенку.
Фота: Наталля Клімовіч / Facebook

На лаве падсудных таксама Наталля Клімовіч, якую затрымалі фактычна за ейны бел-чырвона-белы строй.

Суды ў Гомлі

Праваабаронцу з БХК Леаніда Мархотку прысудзілі 10 содняў адміністрацыйнага арышту.

У судзе Чыгуначнага раёну Гомля разглядаюць адміністрацыйныя пратаколы, складзеныя у ноч з 9-га на 10-га жніўня супраць экс-супрацоўніка МНС Андрэя Васілішчанкі. У судзе Цэнтральнага раёну Гомеля судзяць 18-гадовую гамяльчанку Елізавету Кіржанаву за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу. Пасля затрымання дзяўчыну моцна збілі за адмову разблакаваць тэлефон.

Разглядаць будуць апеляцыі на 15 содняў арышту для Мікіты Шалаева, на 10 содняў для Паўла Пагарцава, і штрафы Леаніду Пузікаву, Дзянісу Пазнякову, Ганне Карэцкай і Аляксандры Рымаравай.

Суды ў Пінску

У Пінску 28 жніўня вывесілі поўны спіс затрыманых ад пачатку пратэстаў.
Фота: Белсат

У Пінску 28 жніўня вывесілі поўны спіс затрыманых і асуджаных ад пачатку пратэстаў. Гэта 103 асобы.

«Сёння толькі да аднаго суддзі было 11 чалавек. У будынку суда бачылі і маладых людзей, па справах пратэстаў, якіх павялі да іншага суддзі. Больш за 20 чалавек», – паведаміў карэспандэнт «Белсату».

Судовае паседжанне над суд над Веранікай Івановай у Пінску. 28 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат
Юрыю Бахцераву далі 15 содняў. Ён з’яўляецца сябрам ініцыятыўнай групы па перамовах з мясцовымі ўладамі. Людзям, якія засвяціліся ў ноч з 9 на 10 жніўся каля выканкаму, але не ўдзельнічалі ў бойцы, далі па 10 базавых велічыняў штрафу.

Суды у Светлагорску, Жодзіне, Нясвіжы і Хойніках

У Светлагорскім раённым судзе ў пятніцу а 14:00 пачалі разгляд справы Вадзіма Паветкі, якога судзяць за ўдзел у велапрабегу 9 жніўня. Таго ж дня яго змясцілі ў ІЧУ, адкуль даставілі ў шпіталь.

У судзе Жодзінскага раёну судзілі Івана Арлова. Яго вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве па арт 23. 34 КаАП.

Людзі сустракаюць вызваленых з СІЗА ў Жодзіна сваякоў і сяброў. Беларусь. 13 жніўня 2020 года.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

У Нясвіжскім раённым судзе а 15:30 адказваць будуць удзельнікі велапрабегу ў Радзівілаўскім парку, які праваахоўнікі лічаць несанкцыянаваным пікетам. Гэта ўжо другое паседжанне. На лаве таксама Анжаліка Мельнікава, якую вінавацяць у закліках гараджанаў, каб ехалі на акцыі пратэстаў у сталіцу.

У Хойніках разглядаюць адміністрацыйную справу блогера Яўгена Васількова. Артыкул 17.1 (дробнае хуліганства). Дзе калі хуліганіў – блогер не ведае.

ЮЦ, Belsat.eu

Стужка навінаў