Адмова ў візе і дэпартацыя. Беларусы сутыкнуліся з новымі праблемамі ў Польшчы


У Цэнтры беларускай салідарнасці распавялі пра новыя праблемы, з якімі сутыкнуліся беларусы ў Польшчы. Гэта, напрыклад, адмовы ў выдачы гуманітарнай візы і пастановы аб дэпартацыі. Выглядае, што новую візу не даюць тым, хто па старой ездзіў у Беларусь і вяртаўся. «Белсат» даведаўся, як развязаць гэтыя пытанні.

Польская віза. Менск, Беларусь. 1 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Цэнтр беларускай салідарнасці, што дапамагае грамадзянам Беларусі і Украіны легалізавацца ў Польшчы, зладзіў сустрэчу з юрысткай Марынай Грышчанкай. Яна распавяла пра вынікі працы цэнтру ў 2022 годзе і пра тое, з якімі новымі праблемамі сутыкнуліся беларусы.

Пашпарты: пустыя старонкі і тэрмін дзеяння

У візавых цэнтрах у Польшчы не прымаюць пашпартоў, у якіх хутка скончыцца тэрмін дзеяння. Паводле правілаў, пашпарт мусіць быць сапраўдным яшчэ 3 месяцы з таго моманту, як скончыцца віза.

«У шмат якіх беларусаў, што прыехалі з Украіны, пашпарт падыходзіць да канца, і візы ім не выдаюць, аргументуючы, што яны могуць з’ездзіць у Беларусь па новы пашпарт або атрымаць яго ў беларускай амбасадзе ў Польшчы», – сказала Грышчанка.

Юрыстка Цэнтру беларускай салідарнасці Марына Грышчанка. Варшава, Польшча. 28 снежня 2022 года.
Фота: Цэнтр беларускай салідарнасці

Таксама зʼявілася праблема пустых старонак у пашпарце. Палякі ўклейваюць візу толькі на тых старонках, дзе напісана «ВІЗЫ / ВИЗЫ / VISAS», а там, дзе пазначана «Іншыя адзнакі», – адмаўляюцца.

«Калі няма двух пустых старонак менавіта для візаў, то візы не дадуць, нягледзячы на тое, што ў пашпарце ёсць іншыя вольныя старонкі. Польскія ўлады гэта аргументуюць тым, што пашпарт – уласнасць краіны, і калі краіна, то бок Беларусь, напісала на старонцы «Іншыя адзнакі», то значыць, што Польшча не можа ляпіць там візу. Незразумела наогул, адкуль такая інтэрпрэтацыя ўзялася, таму што ў Візавым кодэксе Шэнгену няма такога патрабавання», – адзначыла юрыстка.

Марына Грышчанка распавяла, што шмат беларусаў атрымліваюць адмову ў гуманітарнай візе з фармулёўкай «маюцца сумневы, што віза будзе выкарыстоўвацца паводле мэтавага прызначэння».

«Людзі мяркуюць, што атрымалі адмову, бо па старой гуманітарнай візе ездзілі ў Беларусь. Некаторыя прызнаюцца, што сапраўды ездзілі шмат разоў і не заўсёды гэтыя паездкі былі абгрунтаваныя нейкімі сурʼёзнымі абставінамі. Ёсць людзі, якія выехалі яшчэ ў 2020 годзе, але зʼездзілі ў Беларусь на пару дзён, каб вырашыць нейкія тэрміновыя пытанні з працай, бізнесам, жыллём, і хуценька вярнуліся ў Польшчу. Ім таксама адмаўляюць», – распавяла юрыстка Цэнтру беларускай салідарнасці.

У такім выпадку ў Міністэрства замежных справаў можна накіраваць хадайніцтва аб паўторным разглядзе заявы і прыкласці доказы таго, што вяртанне ў Беларусь небяспечнае.

«З вялікай верагоднасцю пасля гэтага візу дадуць. Каб падаць такое абскарджанне, трэба заплаціць 80 еўраў. Калі ўсё роўна будзе адмова, то гэта будзе ўжо канчатковая адмова», – канстатавала Грышчанка і заўважыла: тады можна прасіць міжнародную абарону.

Дэпартацыя праз пагрозу для нацыянальнай бяспекі

Юрыстка цэнтру адзначыла, што ад пачатку вайны ва Украіне большай колькасці беларусаў стала пагражаць дэпартацыя. Раней такіх выпадкаў было раз на паўгода, цяпер – кожны месяц.

«Польскія службы маюць інструменты, каб любога замежніка прызнаць пагрозай для нацыянальнай бяспекі. Часта з такімі пастановамі сутыкаюцца самыя звычайныя асобы, якія, паводле іхных словаў, ніяк не звязаныя з рэжымам. Напрыклад, могуць западозрыць у шпіянажы. Але дакладна пра гэта не даведаешся, гэтыя матэрыялы засакрэчаныя», – сказала Марына Грышчанка.

Яна канстатавала, што няма юрыдычных механізмаў, каб абскардзіць прызнанне асобы «пагрозай для нацыянальнай бяспекі».

Гэткім чынам польскія ўлады адмовілі ў ВНЖ грамадзянцы Беларусі, якая ўсё жыццё працавала выхавальніцай у дзіцячым садочку – спачатку на радзіме, а потым у Польшчы. Высветлілася, што жанчына – у спісе асобаў, чыё перабыванне ў краіне непажаданае.

Сустрэча юрысткі Цэнтру беларускай салідарнасці Марыны Грышчанкі з журналістамі. Варшава, Польшча. 28 снежня 2022 года.
Фота: Цэнтр беларускай салідарнасці

У падобную гісторыю трапіў 26-гадовы беларус, які праз пагрозу пераследу ў Беларусі зʼехаў у Польшчу ў 2020 годзе.

«Ён атрымаў дазвол на часовае знаходжанне і жыў сабе спакойна. І раптам яго ў адзін дзень адправілі ў закрыты лагер для бежанцаў, ён не разумеў, у чым прычына. Высветлілася, што ён – у пераліку асобаў, чыё знаходжанне ў Польшчы непажаданае», – распавяла Грышчанка.

Хлопец прабыў у лагеры паўгода, пасля яго вызвалілі паводле пастановы суда. Цяпер ён спрабуе хоць неяк легалізавацца нанова.

«У такім выпадку можна падаць заяву аб міжнароднай абароне, але шанец, што ты атрымаеш гэты статус, вельмі нізкі. Калі адмаўляюць у абароне, ёсць яшчэ два статусы: дазвол на гуманітарнае знаходжанне і дазвол на знаходжанне паводле талерантных прычынаў», – паведаміла юрыстка.

Сустрэча юрысткі Цэнтру беларускай салідарнасці Марыны Грышчанкі з журналістамі. Варшава, Польшча. 28 снежня 2022 года.
Фота: Цэнтр беларускай салідарнасці

Ніякіх парадаў, як засцерагчыся ад уключэння ў спіс «нацыянальнай пагрозы», няма. Туды можна трапіць нават за віну ў смяротным ДТЗ.

Што праўда, пастанова аб дэпартацыі не азначае, што асобу хапаюць і сілком вязуць за межы Польшчы. Улады даюць ад 15 да 30 дзён на тое, каб зʼехаць, але дзеянне гэтага патрабавання прыпыненае на час эпідэмічнай пагрозы, праз ковід. То бок фактычна цяпер пастановы аб дэпартацыі не выконваюцца.

З праблемамі сутыкнуліся і беларусы, што з-за вайны выехалі з Украіны ў Польшчу і, не легалізаваўшыся, вырашылі зʼездзіць на радзіму: пры вяртанні польскія памежнікі лічаць такіх грамадзянаў нелегаламі.

«На мяжы кажуць: вы заязджаеце нелегальна. Пытаюцца, ці бяспечна вярнуцца ў Беларусь. Калі адказваюць «не», пачынаецца разбор. Прапануюць напісаць заяву аб абароне, могуць даць дазвол на знаходжанне паводле гуманітарных прычынаў», – распавяла юрыстка Цэнтру беларускай салідарнасці.

Беларусы скардзяцца на «Жабку»

Сёлета Цэнтр беларускай салідарнасці атрымаў рэкордную колькасць зваротаў: больш за 13 тысяч званкоў на тэлефонную інфалінію, юрысты правялі больш за 2 тысячы кансультацыяў. Бывае, што звяртаюцца не па профільных пытаннях.

«Часам узнікаюць бытавыя праблемы, людзі робяць з гэтага вялікую драму. Напрыклад, з суседзямі пасварыўся, у «Жабцы» не хацелі прадаць тавар, выклікаюць паліцыю, звяртаюцца да нас», – успомніла Марына Грышчанка курʼёзныя выпадкі.

Даведка
«Жабка» – буйная сетка невялікіх крамаў, якія адкрытыя ў выходныя. Звычайна па нядзелях крамы ў Польшчы не працуюць.

Гуманітарныя візы для «айцішнікаў»

У Цэнтры беларускай салідарнасці неахвотна распавядаюць пра ініцыятывы, якія прасоўваюць цяпер. Маўляў, анансуем, не атрымаецца, а вінаватыя будуць яны. Але нейкія планы раскрылі.

«Уладальнікі візаў Poland.Business Harbour, магчыма, змогуць атрымліваць гуманітарныя візы ў Польшчы. Гэта пакуль што праект. Я вельмі не люблю агучваць праекты, таму што ў праекце – адно, потым зʼяўляецца іншае, і ў людзей вельмі шмат прэтэнзіяў да нас, чаму мы распавядалі пра адно, а атрымалася нешта іншае», – прызналася Грышчанка.

Яна сказала, што шмат якія ідэі рэалізуюцца дзякуючы Офісу Святланы Ціханоўскай. Напрыклад, выдача гуманітарных візаў на тэрыторыі Польшчы і гуманітарныя ВНЖ – шмат у чым заслуга абранай прэзідэнткі Беларусі. І наогул, дапамогі ад дэмакратычных сілаў хапае.

«Пытанне ў польскіх уладах, але не можа ж МЗС пастаянна займацца толькі беларусамі. Плюс у Польшчы дзейнічаюць розныя палітычныя сілы. У розных міністэрстваў могуць быць розныя пункты гледжання. Сам працэс прыняцця любога закону – гэта складана і доўга, гэта велізарная працэдура», – канстатавала юрыстка.

Падзяка Польшчы

Ніводная з краінаў Еўразвязу не дае беларусам столькі магчымасцяў легалізавацца, як Польшча, адзначыла прадстаўніца Цэнтру беларускай салідарнасці.

«Польшча дае беларусам шмат правоў: ніводная краіна ЕЗ не выдае гуманітарных візаў на сваёй тэрыторыі, не дае абароны ў такім абʼёме, як Польшча. Вялікі падарунак ад польскіх уладаў – гуманітарны ВНЖ. Варта ацэньваць дзеянні Польшчы станоўча. Мы бачым палітычную волю дапамагаць беларусам», – падкрэсліла Марына Грышчанка.

Адначасова яна канстатавала, што ні адно ваяводства не спраўляецца з патокам іншаземцаў, усе справы зацягваюцца на нявызначаны тэрмін. «Польскія ўлады мусяць неяк рэагаваць і адаптавацца да новай сітуацыі, пашыраць штат упраўленняў па справах замежнікаў», – заўважыла юрыстка.

Яна папярэдзіла пра сапраўдны калапс, які пагражае ўрадавым установам пасля заканчэння тэрміну эпідэміялагічнай пагрозы, калі перастануць дзейнічаць усе пратэрмінаваныя дакументы аб легалізацыі.

«Усе пойдуць падаваць заявы на часовы ВНЖ. Гэта будуць дзясяткі тысяч асобаў. Калі ёсць магчымасць атрымаць ВНЖ цяпер, то, магчыма, лепш не зацягваць», – параіла Грышчанка.

Разбор
Беларусы яшчэ маюць праблемы з легалізацыяй у Польшчы. Працоўная група пры МУС дапамагла не ўва ўсім
2022.11.07 07:33

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў